Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ПАЛІТЫЧНАЯ НЕСТАБІЛЬНАСЬЦЬ СКАРАЧАЕ ЖЫЦЬЦЁ НАСЕЛЬНІКАМ ПОСТСАВЕЦКІХ КРАІНАЎ”


Ул. інф.

Кароткія вынікі трохгадовай справаздачы 138 супрацоўнікаў Венскага інстытуту вышэйшых дасьледаваньняў надрукаваныя ў аўстрыйскім выданьні “Der Standard”. Паводле публікацыі, падставай для гэтага праекту Эўразьвязу стала агульная занепакоенасьць эўрапейскіх фахоўцаў у зьвязку з падзеньнем сярэдняй працягласьці жыцьця ў такіх постсавецкіх краінах як Беларусь, Расея, Украіна, Малдова, Грузія, Армэнія, Казахстан і Кіргістан.

Найбольш грунтоўна венскія дасьледчыкі вывучалі такія галіны як ахова здароўя насельніцтва, палітычнае жыцьцё і эканоміка. Апытаньні рабіліся сярод прадстаўнікоў розных сацыяльных, прафэсійных і ўзроставых групаў.

Калі гаварыць пра вынікі дасьледаваньняў непасрэдна ў Беларусі — дзяржаве, дзе дэ-факта не адбылося нейкіх зьменаў камуністычнай сыстэмы, то тут, на першы погляд, многае функцыянуе лепш, чым у іншых постсавецкіх дзяржавах. Толькі 3% беларусаў маюць рэгулярныя праблемы з электразабесьпячэньнем, у той час як у Расеі гэтыя праблемы закранаюць 9%, а ў Армэніі — 43%. У Беларусь толькі 4,5% маюць праблемы з атрыманьнем мэдычнай дапамогі, сярод армянаў такіх — 38%, а сярод расейцаў больш за 10%.

Тым ня менш, галоўныя высновы дасьледаваньняў, якія зробленыя ў Беларусі наступныя: “адсутнасьць індывідуальнай і грамадзкай пэрспэктывы, нестабільнасьць палітычнай сыстэмы разбураюць здароўе і скарачаюць жыцьцё”.

Як вынікае са справаздачы, найбольш нэгатыўна трансфармацыйныя працэсы адбіліся на мужчынскай частцы насельніцтва. Цяпер беларускія мужчыны паміраюць, не дасягнуўшы 60 гадоў і ў сярэднім жывуць прыкладна на 12 гадоў менш за жанчын. У Аўстрыі гэтая розьніца складае каля 6 гадоў — сярэдняя працягласьць жыцьця мужчынскага насельніцтва ў гэтай краіне складае 76 гадоў, а жаночага — 82.

Паводле кіраўніка дасьледаваньняў Крыстыяна Гэрпфэра, беларускія мужчыны набольш успрымальныя да рознага кшталту стрэсаў. Калі параўнаць з жанчынамі, іх адрозьнівае большы страх перад будучыняй і асабліва перад стратай працы. Усё гэта прыводзіць да моцнай алькагольнай, нікатынавай і наркатычнай залежнасьцяў.

Прыкладна палова мужчынскага насельніцтва прытрымліваецца меркаваньня Чэрчыля наконт таго, што дэмакратыя ёсьць найгоршай з усіх урадавых рэформаў. У той жа час прадстаўніцы жаночай часткі насельніцтва, асаблівага маладога і сярэдняга веку, не баяцца будучыні й зьвязваюць пэўныя надзеі са сваёй уласнай справай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG