Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖАНЧЫНЫ, ВІНО Й ЗБРОЯ – ТРЫ СТРАСЬЦІ ЛІДЭРА ПАЎНОЧНАЙ КАРЭІ


Юры Сьвірко, Прага

Адну з найбольш жорсткіх рэцэнзіяў на новы фільм пра Джэймса Бонда “Памры ў іншы дзень” выпусьціла арганізацыя, якая знаходзіцца ў сталіцы КНДР Пхеньяне й мае назву, што гучыць як афіцыйная: “Сакратарыят камітэту мірнага ўзьяднаньня Бацькаўшчыны”. Фільм, у якім галоўны злачынца – паўночнакарэйскі гандляр зброяй, які ставарае супэрзброю для зьнішчэньня Захаду, – атрымаў гэткую характарыстыку: “Брудны й пракляты фарс, накіраваны на тое, каб зьняважыць ды абразіць карэйскую нацыю”. Сакратарыят пастанавіў таксама, што гэты фарс засьведчыў: ЗША зьяўляюцца штаб-кватэрай, якая распаўсюджвае ненармальнасьць, дэгенэрацыю, гвалт і сапсаваную сэкс-культуру”. Паколькі няшмат рэчаў адбываецца ў Паўночнай Карэі без дазволу Кім Чэн Іра, можна меркаваць, што сакратарыят выказаў погляды Вялікага Правадыра, як называюць Кіма ў КНДР.

Кім Чэн Ір – вялікі аматар кіно. Аднойчы ён сказаў, што калі б ня стаў кіраўніком сваёй краіны, дык мог бы стаць кінакрытыкам або прадусарам. Кім – аўтар кнігі з назовам “Пра мастацтва кіно” ды мае відэатэку, што налічае, як кажуць, 20 тысячаў фільмаў. Сярод іх найбольш любімыя для Кіма – разьлічаны на падлеткаў фільм жахаў “Пятніца, 13-га”, усе карціны з удзелам Элізабэт Тэйлар й мультыкі пра качанё Дафі.

Кім любіць спэктаклі – ня толькі глядзець, але й ставіць іх ды браць у іх удзел. Для Мадлен Олбрайт, дзяржаўнага сакратара ў адміністрацыі прэзыдэнта ЗША Біла Клінтана, Кім сабраў больш за 100 тысячаў акрабатаў, танцоўшчыкаў і сьпевакоў, якія выконвалі музычныя нумары з гучнымі назовамі накшталт “Правадыр будзе заўсёды з намі” і “Мая краіна пад сонечным зьзяньнем партыі”.

Паколькі Кім – гэта абсалютны ўладар, ён можа зрабіць любое шоў й адыграць у ім любую ролю. Лідэр КНДР мае крыху сьмешную фігуру, носіць касьцюм у стылі Мао Цзэдуна й туфлі на высокіх абцасах. Але для ягоных падначаленых ён проста “вялікі генэрал”.

Усё гэта – гратэск і шарада. Зямля фантазіі Кім Чэн Іра – гэта склеп. У той час як сам Кім жыве нібы францускі дваранін 18-га стагодзьдзя, папіваючы каньяк, за апошнія 10 гадоў у Паўночнай Карэі памерлі ад голаду больш за 2 мільёны чалавек. Палітычных вязьняў зьбіваюць і пакідаюць паміраць у гулагах савецкага тыпу. Кім – гэта апошні сталініст, зладзей, жахлівы атавізм камуністычных рэпрэсіяў, якія сканалі ўва ўсім сьвеце, акрамя КНДР.

Паўночнакарэйскі фільм жахаў Кім Чэн Іра быў бы аддаленай трагедыяй для іншых краінаў, калі б не ягоная зброя масавага зьнішчэньня – хімічная, біялягічная і – калі ня зараз, дык хутка – ядзерная. Кім пагражае выкарыстаць яе супраць сваіх суседзяў і ЗША альбо прадаць гэтую зброю тэрарыстам, якім нішто не спадабаецца так, як радыяцыйнае заражэньне альбо знішчэньне Таймс-сквэр у Нью-Ёрку ці Белага дому ў Вашынгтоне.

Можа, Кім блефуе? Можа, гэта ўсё гульня – ці ён сапраўды паспрабуе зьнішчыць некалькі тысячаў або некалькі мільёнаў чалавек падчас грандыёзнага фаервэрку? Ці можна яго ізаляваць? Пераканаць? Весьці зь ім перамовы? Давяраць хоць нейкім чынам? Альбо яго трэба забараніць, выгнаць, зьнішчыць?

Адказу на гэтыя пытаньні ніхто ня ведае. Кім хаваецца ў сваім каралеўстве, яго апасаюцца ўсясьветныя лідэры, але ніхто яго цалкам не разумее. Трэба зьбіраць разам выпадковыя зьяўленьні Кіма на публіцы ды ўражаньні нешматлікіх пасланьнікаў, якім ён даў аўдыенцыю, альбо слухаць расповяды ўцекачоў, якія ўцяклі зь ягоных клешчаў. Партрэт, які атрымліваецца ў выніку, непакоіць. Кім Чэн Ір дзіўны, гэта так, але ня гэтулькі, каб ня дзейнічаць. Ён можа ня быць здольным накарміць сваіх людзей, аднак ён дакладна можа забіваць іх. Як падаецца, Кім найбольш зацікаўлены ў сваім уласным выжываньні. Год ці два таму ён дасягнуў 60-гадовага ўзросту. Але ягоны адчай і страсьць да грандыёзнасьці можа прывесьці да вельмі буйных фатальных пралікаў.

Кім Чэн Ір – склізкі, небясьпечны, але ня ўводзіць у зман, кажа былы дзяржсакратар ЗША Мадлен Олбрайт, адзіны высокапастаўлены прадстаўнік Злучаных Штатаў, хто ўпершыню правёў некаторы час з Кімам, а менавіта – больш за 10 гадзінаў у фармаце “дыялёгу” ў кастрычніку 2000 году. “Ён не вар’ят, ён ізаляваны, але інфармаваны”, – сказала спадарыня Олбрайт часопісу “Newsweek”. Кім паказаў ёй свой кампутар, якім ён карыстаецца для пошукаў у Інтэрнэце. Кім таксама пільна сочыць за CNN, збольшага для таго, каб высьветліць, што пра яго кажуць у сьвеце. Кім ахвотна гутарыў з Олбрайт пра намінантаў на прэмію Оскар таго году й пра вяртаньне Майкла Джордана ў прафэсійны баскетбол – і ўсё гэта пасярод вар’яцкіх у чымсьці лекцыяў пра эканамічныя рэформы.

“Цяжка сказаць, чаго ён хоча”, – кажа Мадлен Олбрайт і дадае: “Ён гаварыў пра эканамічныя зьмены й выкарыстаньне швэдзкае мадэлі, што зусім ня мае сэнсу”.

Калі спадарыня Олбрайт праяжджала па вуліцах Пхэньяну, яна заўважыла, што гэтыя вуліцы былі пустыя. Усё было шэрым: надвор’е, будынкі, вопратка выпадковага мінака на ровары. Але калі яны прыехалі на стадыён, дзе Кім Чэн Ір арганізаваў сьвята, Мадлен Олбрайт была ўражаная разнастайнымі колерамі тысячаў чалавек, якія маліліся на Кіма й дзейнічалі ўва ўнісон. З дапамогай тысячаў сьцяжкоў адбывалася прадстаўленьне карэйскае гісторыі – так, як бачыць яе Кім Чэн Ір. Былі сцэнкі пра вырошчваньне бульбы шчасьлівымі сялянамі й пра містычнае нараджэньне Вялікага Правадыра. Найбольш уражвала карціна, якая паказвала запуск ракеты – гэта сымбалізавала палёт паўночнакарэйскай ракеты ў 1998 годзе над тэрыторыяй Японіі, нечаканую дэманстрацыю магчымасьцяў тэхналёгіяў КНДР, што глыбока шакавала Японію й Захад.

Запуск ракеты быў першым і апошнім, паабяцаў Кім спадарыні Олбрайт. Ён паўтарыў гэта двойчы.

Кім арганізоўвае розныя шоў цягам усяго свайго жыцьця, спрабуючы прыцягнуць увагу ды павагу любым спосабам. Пасьля таго, як ягоная маці памерла, калі Кім Чэн Іру было 7 гадоў, ягоны бацька, дыктатар Кім Ір Сэн абыходзіўся з сынам як з сабакам, – кажа Джэймс Лілі, былы прадстаўнік ЦРУ ў Пэкіне і экс-амбасадар у Паўднёвай Карэі, які знаёмы з паведамленьнямі ўцекачоў з КНДР. Старэйшы Кім быў байцом, героем антыяпонскага супраціву падчас другое ўсясьветнае вайны. Малодшы Кім быў не такім, ён прымушаў у сябе верыць. Ён заслужыў неахвотнае прызнаньне свайго бацькі, арганізоўваючы рэвалюцыйныя м’юзыклы з назовамі кшталту “Мора крыві” ці “Дзяўчынка-кветка”. Сьведкі апісвалі маладога Кіма хваравіта бездапаможным і разгубленым; ягоныя вочы бегалі, а мова перарывалася. Але сын дыктатара быў дастаткова спрытным, каб перамагчы супернікаў і стаць спадкаемцам свайго бацькі, калі той памёр у 1994 годзе.

Кім Чэн Ір называў сваю мачаху й зводных братоў “галінкамі дрэва” ды казаў, што для таго, каб дрэва вырасла цьвёрдым і моцным, яго галінкі трэба абрэзаць. Як спадкаемец трону Кім Чэн Ір быў вядомы як “любімы кіраўнік”, пасьля сьмерці бацькі ён стаў Вялікім Правадыром.

Кім пачаў ствараць сваю ўласную міталёгію, вобраз паўбога яшчэ нават да сьмерці бацькі. Карэйскіх школьнікаў вучылі, што ён нарадзіўся на сьвятой гары, пра ягонае нараджэньне абвесьцілі падвойныя вясёлкі ды птушкі, якія дзіўна сьпявалі. Насамрэч Кім Чэн Ір нарадзіўся ў шалашы ў Расеі, на ўскрайку Ўладзівастока.

Кім кіруе Паўночнай Карэяй як сэктай. Усхваляючы догму свайго бацькі – Чучхе, альбо разьлік на ўласныя сілы, – ён гуляе на традыцыйнай варожасьці сваёй краіны да замежнікаў і на канфуцыянскім падпарадкаваньні ўладам. Хаця тысячы жыхароў КНДР спрабавалі ўцячы ў Кітай ці Паўднёвую Карэю, каб не паміраць ад голаду, шмат паўночных карэйцаў дагэтуль вераць утапічным абяцанкам Кіма, чакаючы вялікіх ўраджаяў, якія ніколі не здараюцца. Неадукаваныя й страшэнна бедныя, яны цягам дзесяцігодзьдзяў атрымліваюць прамыўку мазгоў з дапамогай агітпропу псэўдамарксызму-ленінізму. Маладых навабранцаў у арміі вучаць, што калі іх захопяць, дык амэрыканскія жаўнеры будуць піць кроў зь іхніх шыяў.

Кім сьцьвярджае, што ён гэтак шмат працуе дзеля свайго народу, што амаль ня сьпіць. Аднак насамрэч ён галоўны час аддае забавам. Гэта на ўласныя вочы пабачыў расейскі чыноўнік Канстанцін Пулікоўскі, які летам 2001 году правёў суткі ў цягніку разам з Кімам, які баіцца лятаць самалётам. Яшчэ Сталін падараваў адмысловы бронецягнік Кім Ір Сэну, якога Масква ў 1945 годзе зрабіла кіраўніком Паўночнай Карэі – сваёй лялькай. Малодшы Кім прывез у цягніку пару браніраваных мэрсэдэсаў. Пулікоўскі й Кім Чэн Ір бавілі час, гадзінамі размаўляючы пра высокі адсотак прыгожых расейскіх дзяўчын у начных клюбах Парыжу. Здавалася, што Кім ведае вельмі шмат наконт гэтага. Жанчыны-супрацоўніцы на кімавым цягніку былі такімі прыгожымі й сьпявалі такімі цудоўнымі галасамі, што Пулікоўскі падумаў, што гэта былі прафэсійныя актрысы, якія суправаджалі Кіма ў паездцы.

Такія забавы тыповыя, калі верыць расповедам уцекачоў і выпадковым наведнікам Паўночнай Карэі. У 1998 годзе прадстаўнік фірмы “Мэрсэдэс-Бэнц” быў ашаломлены, калі Кім замовіў 200 мэрсэдэсаў клясу S, кожны зь якіх каштаваў 100 тысячаў даляраў. Агульная сума замовы – 20 мільёнаў даляраў – складала адну пятую частку ўсяе дапамогі, якую ААН у тым годзе паабяцала Паўночнай Карэі.

Хцівы аматар жанчын, Кім Чэн Ір быў жанаты прынамсі 4 разы. Аднойчы ягонай жонкай была танцоўшчыца. Кажуць, што Кіму падабаюцца даўганогія скандынаўскія бляндынкі. У маладосьці ён стварыў “каманды задавальненьня”, якія асблугоўвалі яго ды ягонага бацьку. Адзін зь перабежчыкаў апісаў вечарынку, падчас якой супрацоўніцы жаночага аркестру давалі прадстаўленьне ў купальніках, а госьці віталі іх тостамі, выпіваючы палымяны рысавы лікёр з назовам “Вечная маладосьць”. Адзін з наведнікаў 7-павярховага палацу адпачынку Кіма ў Пхэньяне, дзе ёсьць нават апараты для караоке, назіраў, як Кім катаўся ў сваім басэйне на плыце па штучных хвалях, а побач зь ім плавалі доктарка й мэдсястра.

Падчас падарожжа па Расеі на цягніку ў 2001 годзе Кім еў на абед амараў срэбранымі палачкамі ды запіваў іх добрымі вінамі, якія дастаўлялі самалётам з Парыжу. “Ён аддае перавагу бардо й бургундзкаму”, – пісаў Пулікоўскі ў сваёй кнізе пра паездку, публікацыя якой выклікала невялікі дыпляматычны скандал.

Кім Чэн Ір сапраўды абмежаваў сваё піцьцё паловай бутэлькі чырвонага віна на дзень. Цягам гадоў тагачасны “любімы кіраўнік” аддаваў перавагу каньяку “Хэнэсі”, але ў 1992 годзе перайшоў на “Хэнэсі Парадыз”, адна бутэлька якога каштуе 630 даляраў. У 1994 годзе фірма “Хэнэсі” пацьвердзіла, што Кім Чэн Ір – найбуйнейшы індывідуальны пакупнік каньяку цягам 2 гадоў. Калі паводле рэкамэндацыі дактароў Кім кінуў паліць – а паліў ён тры пачкі “Данхіл” штодзень – ад кожнага высокапастаўленага афіцэра паўночнакарэйскай арміі запатрабавалі таксама адмовіцца ад паленьня.

У ягоным прыватным чыгуначнsм вагоне ежа часам складаецца з 20 страваў. Гурман Кім таксама любіць і ежу амэрыканскіх падлеткаў – піццу. У 1999 годзе ён прывез печкі для піццы й двух павароў зь Мілану, каб яны навучылі паўночнакарэйцаў рабіць піццу. Адзін з павароў, Эрмана Фурляніс, пазьней распавёў у артыкуле “Я рабіў піццу для Кім Чэн Іра”, што яго адчыталі, калі ён дадаў у піццу капэрсы ды анчоўсы. Гэта сталася пасьля таго, як пхеньянская вярхушка палічыла адну страву зь ягняціны вельмі салёнай.

Кім наўрад ці абыякавы да таго, які імідж ён сабе стварае. Ён сказаў Пулікоўскаму, што сочыць за прысьвечанымі яму загалоўкамі. “Ва ўсім сьвеце я аб’ект крытыкі”, – сказаў Кім і дадаў: “Але я ўспрымаю гэта наступным чынам: калі пра мяне гавораць, значыць, я на верным шляху”.

Кім Чэн Ір мог пачаць верыць у свой уласны міт. Ён ніколі ня зьменіцца, кажа перабежчык самага высокага ўзроўню за ўсе часы – былы настаўнік Кіма. Паводле яго, паўночнакарэйскі дыктатар занадта зьвязаны са сваёй ідэалёгіяй. Амэрыканскі амбасадар Джэймс Лілі дадае: “Ён ня можа пайсьці на рэальную эканмічную рэформу. Яна разбурыць ягоны рэжым”.

Але без рэформаў Паўночная Карэя паціху йдзе да каляпсу. Голад можа прывесьці да соцень тысячаў ахвяраў цягам гэтай зімы. У цёмных гарадах школьнікі часам могуць чытаць толькі дзякуючы адзінай крыніцы сьвятла – ілюмінацыі статуй Вялікага Правадыра на гарадзкіх плошчах. Кім Чэн Ір вельмі разьлічвае на эканамічную дапамогу з Кітаю, але ён занепакоены, што КНР можа ад яго адвярнуцца. “Кім ведае, што кітайцы ўсё больш гатовыя прадаць яго як няўдачніка”, – кажа Джэймс Лілі.

У Кіма мала што застаецца, акрамя ягонай зброі масавага зьнішчэньня. Ён дакладна валодае вялікімі арсэналамі хімічнай ды біялягічнай зброі й можа мець пару ядзерных прыладаў. Цяпер, калі ён выгнаў інспэктараў ААН з комплексу атамнага рэактару ў Ёнбоне, ЦРУ лічыць, што ён мае мажлівасьць атрымаць дастаткова плютонію, каб вырабіць 6 бомбаў за 6 месяцаў. Патэнцыйна можна будзе выкарыстоўваць іх для шантажу ўсяго сьвету, каб атрымліваць ежу й паліва.

Мала экспэртаў мяркуюць, што калі Кім створыць ядзерную зброю, дык выкарыстае яе супраць Паўднёвай Карэі, Японіі ці ЗША. Але ён можа прадаць яе тэрарыстам. Кім Чэн Ір ужо зараз атрымлівае большую частку замежнай валюты, прадаючы ракетную тэхналёгію краінам накшталт Сырыі ды Пакістану. Чаму б не прадаць бомбачку Аль-Кайдзе? Калі ня зараз, дык хутка ён атрымае магчымасьць зьмясьціць ядзерную прыладу на самалёт ці карабель і паслаць яе на Блізкі Ўсход – ці, скажам, у Лос-Анжэлес.

Але найлепшай ёсьць надзея на ўласнае жаданьне Кіма выжыць. Ён паціху пералічыў больш за 4 мільёны даляраў на рахункі ў швайцарскіх банках, сьцьвярджае Чак Даўнс, экспэрт у карэйскіх пытаньнях і былы супрацоўнік міністэрства абароны ЗША. Цягам гадоў Кім выкарыстоўвае прымусовую працу для таго, каб атрымліваць золата з аднае горнае шахты ў КНДР. Потым гэтае золата накіроўваецца ў Швайцарыю. Кім Чэн Ір мае вілу ў Жэнэве, дзе вучылі ягонага сына, а таксама яшчэ 5 вілаў ў Эўропе, адну ў Расеі ды адну ў Кітаі. Сьвету застаецца спадзявацца, што адзін з гэтых будынкаў стане ягоным домам, калі ён выйдзе на пэнсію.
XS
SM
MD
LG