Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАЦЭДУРА АТРЫМАНЬНЯ ДАЗВОЛУ НА ПРАВЯДЗЕНЬНЕ ПІКЕТУ Ў ВОРШЫ РОБІЦЦА ЎСЁ БОЛЬШ СКЛАДАНАЙ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Пікет, які адбыўся ў суботу апоўдні каля кінатэатру “Перамога” ў Воршы, ладзілі тамтэйшыя сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ, каб давесьці землякам пазыцыю свае партыі адносна будучых мясцовых выбараў. Цэнтральным лёзунгам пікету было: “Ніякіх выбараў без магчымасьці выбіраць!”

Як высьветлілася, зусім ня ўсе гараджане пагаджаюцца з тым, што будучыя выбары ў мясцовыя Саветы трэба ігнараваць. Але абсалютная бальшыня наведнікаў пікету выказала згоду зь іншымі апазыцыйнымі лёзунгамі: “Лукашэнка – гэта заплянаванае зьбядненьне” ды “Лукашызм зьнішчае беларускі народ”.

На працягу дзьвюх дазволеных гадзінаў пікетоўцы зносіліся з наведнікамі пад пільным назіраньнем пяці міліцыянтаў. Такое было распараджэньне аршанскага гарвыканкаму. Дарэчы, атрыманьне ад гэтай установы дазволу на правядзеньне пікетаў ператвараецца ў вельмі няпростую працэдуру. Так, напярэдадні пікету ягоныя ініцыятары так і не атрымалі пісьмовага адказу на сваю заяву ў прадугледжаны заканадаўствам тэрмін. Таму сябру партыі Юрыю Конышку давялося нагадваць чыноўнікам пра належны парадак атрыманьня дазволу. Загадчыца аддзелу інфармацыі Сьвятлана Дзямешка патлумачыла яму, што падставаў дзеля адмовы няма, аднак пэўныя сумненьні ўзьніклі ў намесьніцы старшыні гарвыканкаму Валянціны Сідняковай. Як высьветлілася, сумненьні тычыліся месца прапіскі заяўнікаў, і з тае нагоды заяўніцы Яўгеніі Казловай давялося асабіста прад’яўляць у гарвыканкаме пашпарт, каб засьведчыць, што яна ніякім чынам не парушае пашпартны рэжым…

Распавядаючы пра гэтае здарэньне, удзельнікі суботняй акцыі зазначылі, што перасталі дзівіцца невытлумачальным паводзінам гарадзкіх уладаў яшчэ мінулым разам, калі іх прымусілі заплаціць прыдпрыемству “Арыён” за прыборку тэрыторыі пасьля пікетаваньня. Яны лічаць, што, не знаходзячы аніякіх законных падставаў дзеля забароны, дзяржаўныя чыноўнікі заняліся стварэньнем штучных перашкодаў правядзеньню апазыцыйных акцыяў.
XS
SM
MD
LG