Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЯКАЯ ХВАРОБА БОЛЬШ ЗАБІВАЕ ЛЮДЗЕЙ – СНІД ЦІ ГРЫП, ЦІ МОЖНА ВЫЛЕЧЫЦЬ ГРЫП ЛЕКАМІ І ЦІ ДАПАМАГАЕ ЗДАРОЎЮ ШТОДЗЁННАЕ ЎЖЫВАНЬНЕ АЛЬКАГОЛЮ?


Сяргей Абламейка, Прага

Грып застаецца адной з самых актуальных праблемаў сучаснай мэдыцыны. Апошні нумар амэрыканскага Journal of the American Medical Association апублікаваў вынікі несуцяшальнага дасьледаваньня эпідэміёлягаў амэрыканскага Цэнтру кантроля і прадухіленьня хваробаў. Галоўная прычына павелічэньня сьмертнасьці ад грыпу – рост працягласьці жыцьця і, адпаведна, рост колькасьці старых людзей. Асноўныя ахвяры грыпу – старыя людзі, і, часткова, дзеці.

Вакцына супраць грыпу была вынайдзеная яшчэ 40 год таму, але факт яе існаваньня, паводле амэрыканскіх мэдыкаў, амаль не ўплывае на статыстыку захворваньняў і сьмяротных выпадкаў з-за ўскладненьняў.
У 60-я гады лекары раілі абавязковыя прышчэпкі ад грыпу ўсім людзям пасьля 65-ці гадоў. Зараз амэрканскія мэдыкі настойваюць на абавязковай вакцынацыі ўсіх асобаў старэйшых за 50 гадоў, а дзе-нідзе раздаюцца галасы з заклікамі вакцынаваць і ўсіх 45-гадовых. Раней лічылася, што прышчэпкі трэба рабіць толькі да лістападу, а пасьля, калі ўжо пачалася эпідэмія, прышчэплівацца лічылася немэтазгодным. Зараз амэрыканскія мэдыкі настойваюць, што рабіць прышчэпкі ніколі ня позна і заклікаюць рабіць іх цэлы сэзон.

Вірус грыпу – самы небясьпечны з больш чым 20-ці вядомых сёньня так званых расьпіраторных вірусаў. Славутая эпідэмія грыпу-гішпанкі ў 1918 годзе забрала жыцьці 20-ці мільёнаў людзей на зямлі. Але цяжкія ўскладненьні выклікае, на жаль, ня толькі грып, але і іншыя расьпіраторныя вірусы. Розьніца паміж імі толькі ў тым, што вірус грыпу самы агрэсіўны і здольны выклікаць хваробу пры любых умовах, а іншыя вірусы для ўкараненьня ў арагнізме патрабуюць спэцыяльныя ўмовы – а менавіта, пераахалоджваньне. Усе вірусныя хваробы з-за пераахалоджаньня і прастуды прынята называць расьпіраторна-віруснымі.

Дык вось амэрыканскія мэдыкі сьцьвярджаюць, што і звычайная прастуда можа аказацца фатальнай. Яны знайшлі, напрыклад, што толькі адзін з расьпіраторных вірусаў – так званы сынцытальны вірус – штогод забівае ў Злучаных Штатах Амэрыкі 11 тысяч чалавек. Ён выклікае аналягічныя грыпу ўскладненьні – запаленьні лёгкіх і сардэчныя хваробы. Больш за тое, амэрыканскія эпідэміёлягі сьцьвярджаюць у часопісе Journal of the American Medical Association, што сынцытальны вірус вінаваты ў большасьці выпадкаў сьмерці ўсіх дзяцей, малодшых за 5 год. Аднак, усё ж 78 працэнтаў сьмяротных выпадкаў ад расьпіраторна-вірусных хваробаў прыпадае на людзей, старэйшых за 65 гадоў.

Грып – гэта актуальная праблема і для Беларусі. Падчас эпідэміі 2001-га году на грып захварэла 5 працэнтаў насельніцтва Беларусі, а ў 2002 годзе – ужо больш за 11 працэнтаў. Па Менскай вобласьці ў 2002 годзе хварэла каля 100 000 чалавек. Гэта ў тры разы болей, чым у папярэднім годзе.

У Беларусі даволі рэдкія выпадкі, калі людзі паміраюць ад грыпу. Справа ў тым, што ў Беларусі захоўваецца старая, яшчэ савецкая сыстэма вакцынацыі і ўчастковага назіраньня за хворым. У выніку дзеці з хранічнымі захворваньнямі і людзі сталага ўзросту, хворыя на сэрца, падлягаюць абавязковай вакцынацыі.

Сучасная навука ня мае лекаў, здольных забіваць вірусы. Існуе толькі група лекаў – так званыя інтэрфэроны – які здольныя актываваць абарончыя сілы арганізму ў яго процістаяньні вірусам. Заходнія мэдыкі асабліва зьвяртаюць увагу на немэтазгоднасьць лячэньня расьпіраторна-вірусных хваробаў антыбіётыкамі, якія толькі яшчэ больш парушаюць бактэрыяльную мікрафлёру арганізму, ад якой залежыць імунітэт. Антыбіётыкі практыкуюць пры ўскладненьнях, якія часта зьвязаныя ўжо і з бактэрыямі, напрыклад гаймарыт ці пнэўманія.

У гэтай сувязі чэскі мэдычны часопіс Zdravi апублікаваў у апошнім нумары парады пры лячэньні прастуды, якія абапіраюцца на рэкамэндацыі Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя. Дык вось парады гэтыя амаль нічым не адрозьніваюцца ад так званага хатняга лячэньня або, як яшчэ кажуць, ад парадаў бабуляў. Найлепшым шляхам перамагчы грып ці іншую расьпіраторна-вірусную інфэкцыю ёсьць пакой, цяпло, ужываньне вялікай колькасьці вадкасьцяў і дастатак вітамінаў, інакш кажучы грып ці прастуду трэба пераляжаць. Пры вялікім насмарку раюць рабіць хатнім спосабам мэнтолавыя інгаляцыі, а кроплі для носу ні ў якім разе не ўжываць больш за 3-4 дні. Калі прастуда захапіла дыхальныя шляхі, і пачаўся бранхіт, то і тут варта аддаваць перавагу палягчальным лекам, інгаляцыям і гарчычнікам. Новай для беларускага слухача зьяўляецца парада не ўжываць малако (што вельмі распаўсюджана ў Беларусі), бо яно спараджае густую сьліну і дапамагае затрымліваць вірусы пры запаленых тканках горла. Малако заходнія мэдыкі раяць замяніць цёплымі курынымі булёнамі і супамі з гародніны.

***

Аб карысьці абмежаванага ўжываньня алькаголю для сэрца і судзінаў гавораць і пішуць ужо даўно і шмат. Ня раз гаварылася аб гэтым і ў нашых перадачах. Але вынікі новага дасьледваньня мэдыкаў Гарвардзкага ўнівэрсытэту, апублікаваныя 8 студзеня сёлета ў часопісе New England Journal of Medicine, усё роўна сталіся сэнсацыйнымі і шмат для каго нечаканымі. Паведамленьні аб гэтым зьявіліся ва ўсіх буйнейшых агенцтвах сьвету.

Мэдыкі Гарварда на працягу 12 гадоў вывучалі стан здароўя і лад жыцьця 38 тысяч мужчынаў ва ўзросьце ад 40 да 75 гадоў. Адна з высноваў высноваў – тыя, хто рэгулярна ўжывалі алькаголь, на 40 працэнтаў скарацілі рызыку сардэчнага прыступу. Але галоўная выснова – меншую рызыку займець хваробу сэрца мелі тыя, хто спажываў алькаголь кожны дзень. Частата ўжываньня моцных напояў непасрэдна ўплывае на зьмяншэньне рызыкі, – заявіў адзін з аўтараў дасьледаваньня доктар Кенэт Мукамал.

Пры гэтым амэрыканскія мэдыкі сьцьвярджаюць, што гатунак спажыванага алькаголю ня мае ніякага значэньня. Тым самым яны абвяргаюць распаўсюджанае меркаваньне аб карысьці чырвонага віна. У Гарвардзе не знайшлі ніякай розьніцы паміж уплывамі на арганізм чырвонага віна, белага віна, піва, гарэлкі або віскі.

Станоўчы ўплыў алькаголю, паводле аўтараў новага дасьледваньня, грунтуецца на здольнасьці алькаголю рабіць кроў больш вадкай і перашкаджаць утварэньню тромбаў. У гэтым сэнсе штодзёнае спажываньне невялікіх дозаў алькаголю падобнае да штодзёнга прыёму асьпірыну. Алькаголь даволі хутка выводзіцца з крыві, і менавата таму большую карысьць мае яго рэгулярнае спажываньне.

Пры гэтым мэдыкі Мэдычнай школы Гарвардзкага ўнівэрсытэту заклікалі не ўспрымаць вынікі новага дасьледваньня літаральна і кідацца ў алькагалізм. Ня трэба забывацца, што алькаголь здольны выклікаць цяжкія пашкоджаньні печані і мозгу. Амэрыканскія мэдыкі таксама нагадваюць, што празьмернае ўжваньне алькаголю асабліва шкоднае для жанчынаў. У прыватнасьці, жанчыны, што спажываюць дзьве і болей порцыі алькаголю ў дзень, маюць на 41 працэнт большую рызыку захварэць на рак грудзёў.

Некаторыя амэрыканскія лекары ўжо пасьпелі выступіць з крытыкай вынікаў гарвардзкага дасьледаваньня. У прыватнасьці, сьцьвярджаецца, што добрыя вынікі тлумачацца назіраньнем над мужчынамі-мэдыкамі паволе прафэсіі. А гэтая група людзей значна лепш сябе даглядае і без штодзённага піцьця алькаголю.


***

А зараз некалькі традыцыйных парадаў амэрыканскай мэдычнай арганізацыі RealAge, як жыць доўга і захаваць да старасьці добрае здароўе.

1. Дапамажыце вашаму здароўю у Новым годзе вітамінамі. Апошнія дасьледаваньні паказваюць, што прыём мультывітамінаў кожны дзень здольны рэзка зьмяншаць колькасьць таксычных рэчываў і ўзровень халестэролу у крыві. Пры экспэрымэнце людзі, якія бралі вітаміны ў працягу 24-х тыдняў, мелі драматычныя зьмены ў лепшы бок у хімічным складзе крыві. RealAge сьведчыць, што нізкакалярыйная дыета, багатая на вітаміны і бедная на тлушчы, можа зрабіуць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 4 гады маладзейшым.

2. Найноўшыя дасьледаваньні паказваюць, што звычайны кроп зьяўляецца вельмі багатай крыніцай антыаксыдантаў – або рэчываў, якія запавольваюць старэньне клеткі. Прычым, кроп не губляе сваіх карысных якасьцяў і падчас варкі або тушэньня прадуктаў. Лекары раяць не адмаўляцца і ад камялёў кропу, і рэкамэндуюць спажываць іх як у сырым, так і ў апрацаваным выглядзе. RealAge сьведчыць, што спажываньне дастатковай колькасьці антыаксыдантаў праз дыету або харчовыя дадаткі можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 6 гадоў маладзейшым.

3. Нядаўняе дасьледаваньне паказала, што фізычныя практыкаваньні могуць вельмі эфэктыўна дапамагаць целу спальваць тлушчы, нават калі яны былі спажытыя праз шмат гадзінаў пасьля фізычнай нагрузкі! Але гэтае правіла распаўсюджваецца толькі на ненасычаныя тлушчы. Фізычная актыўнасьць ня мае ніякага ўплыву на назапашваньне ў целе так званых цяжкіх тлушчаў, напрыклад, сьвінных. RealAge сьведчыць, што спажываньне ненасычаных тлушчаў, пераважна расьліннага паходжаньня або малочных, можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 6 гадоў маладзейшым.

4. Найноўшыя дасьледаваньні паказваюць, што захаваць здаровыя зубы могуць дапамагаць тлустыя малочныя сыры. Гэтыя сыры ўтрымліваюць у сабе вельмі шмат кальцыю, як надзвычай карысны для зубной эмалі. Таму спэцыялісты RealAge раяць збалянсаваць спажываньне тлушчаў так, каб была магчымасьць пакінуць у рацыёне невялікія порцыі тлустага малочнага сыру. Для гэтага лепш адмовіцца ад іншых тлушчаў. RealAge сьведчыць, што рэгулярны дагляд за сваімі зубамі, выкарыстаньне зубных нітак і штодзённая іх чыстка могуць зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на шэсьць з паловай гадоў маладзей.
XS
SM
MD
LG