Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАВОДЛЕ НЯМЕЦКІХ НАЗІРАЛЬНІКАЎ, МІСІЯ АБСЭ Ў МЕНСКУ НЯ БУДЗЕ МЕЦЬ РАНЕЙШАЙ СІЛЫ


Ул. інф.

Паводле рэдактара нямецкамоўнага сайту www.belarusnews.de і будучага палітоляга Максіма Грушавога (ён вучыцца ў Вольным Бэрлінскім унівэрсытэце), адметным момантам імпрэзы была прысутнасьць адказнага супрацоўніка беларускай амбасады ў Бэрліне.

Беларускія дыпляматы гэтым разам не праігнаравалі мерапрыемства, у якім ўдзельнічалі такія крытыкі рэжыму як кіраўнік Бэрлінскай філіі Міжнароднай амністыі Паўль Піўніцкі і былы амбасадар АБСЭ ў Беларусі Ганс-Георг Вік. Многія прысутныя ўбачылі ў гэтым прыкмету таго, што стан беларуска-эўрапейскіх дачыненьняў крыху ўзьняўся над крытычнай адзнакай.

Сярод галоўных акцэнтаў сустрэчы — пытаньні, зьвязаныя з працай новага офісу АБСЭ і той асобай, якая яго ўзначаліць. Прычым апошні момант для немцаў ёсьць ня менш важным за першы.

Кандыдатура нямецкага дыплямата Эбэргарта Гайкена не выклікала сумневу ні сярод палітыкаў, ні сярод аналітыкаў, ні ў былога амбасадара КНГ АБСЭ Ганса-Георга Віка.

Паводле некаторых крыніцаў, сам спадар Гайкен на працягу двух апошніх месяцаў вядзе інтэнсіўныя кансультацыі зь вядучымі нямецкімі палітолягамі ў беларускіх пытаньнях. Сярод гэтых кансультантаў — доктар паліталёгіі Гайнц Тымэрман.

(Тымэрман: ) “Так, спадар Гайкен сапраўды кансультуецца. Па-першае, ён прызначаны Венай у якасьці адмысловага пасланьніка АСБЭ ў Беларусь. А па-другое, чакае свайго прызначэньня ў Менск. Я думаю, што АБСЭ зноў вылучыць гэтую кандыдатуру. Тым больш, што беларускі рэжым супраць Гайкена нічога ня мае. Сам я ведаю Гайкена больш за 20 гадоў. Гэта вельмі дасьведчаны дыплямат, памяркоўны чалавек, аднак пры гэтым ён заўсёды ўдала адстойвае пэўныя палітычныя пазыцыі. Гэта ідэальная кадыдатура на гэтую пасаду”.

Як і для шэрагу нямецкіх назіральнікаў, для Гайнца Тымэрмана даволі нечаканым стала адрознасьць падыходаў да венскіх перамоваў з боку ЗША і Эўразьвязу. Гэтым разам амэрыканцы больш памяркоўна глядзяць на новы мандат місіі, чым эўрапейцы. Магчыма, на амэрыканскую пазыцыю паўплывала ірацкае пытаньне. Яны першымі віталі пагадненьні й заявілі пра гатовасьць да адмены візавых санкцыяў. У сваю чаргу, Эўразьвяз пакуль не зрабіў адпаведных заяваў, дый і да новага мандату ставіцца больш жорстка.

(Тымэрман: ) “Я думаю, што эўрапейцы таксама ўсьлед за амэрыканцамі мусяць так зрабіць. Аднак што да мандату, то ён зусім не такі, як папярэдні. Мне падаецца, што абодва бакі павінны канструктыўна ўлічыць яго і не імкнуцца да канфрантацыі”.

Паводле спадара Тымэрмана ды іншых удзельнікаў імпрэзы, місія хутчэй за ўсё ня будзе мець той сілы, якую мела раней. Сярод задачаў новага прадстаўніцтва — аднаўленьне таго даверу і папулярнасьці, якімі яна карысталася.

Паводле былога кіраўніка місіі, вялікі пазытыўны ўплыў на грамадзтва можа зрабіць пашырэньне Эўразьвязу на ўсход. Спадар Вік не выключае, што пры зьмене кіраўніцтва краіны многія ў Беларусі стануць дэмакратамі. Паводле ўдзельнікаў імпрэзы, зьмены рэжыму не выключае галоўны хаўрусьнік Беларусі — Расея.

(Тымэрман: ) “Выглядае, што поле дзейнасьці Лукашэнкі становіцца больш вузкім. Кісларод для яго перакрываецца ў розных напрамках — эканоміка, адсутнасьць адзінства сярод намэнклятуры. Галоўныя ж ветры дзьмуць з Масквы. Масква зацікаўленая ў беларускіх зьменах”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG