Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<font color=CC0000 size=+0,5>АНОНС: ЯКІЯ ПЕРАДАЧЫ ПРАГУЧАЦЬ У НАШЫМ ЭФІРЫ Ў СУБОТУ І НЯДЗЕЛЮ</font>


Ул. інф.

Прадстаўляем часопіс “Правінцыя”. Субота, 11 студзеня

“У 1999-2000 гадох, ва ўмовах перагрузкі беларускай Беласточчыны гістарычна-мэмуарным пісьменствам, я распрацаваў канцэпцыю літаратурнага часопісу “Правінцыя” і давёў яе да ажыцьцяўленьня”. Так пішацца ў біяграфіі рэдактара беларускамоўнага часопісу “Правінцыя” Аляксандра Максімюка, які будзе ўдзельнікам нашай “Чытальнай залі”. У перадачы, якую падрыхтавала Вольга Караткевіч, слухайце інтэрвію з Аляксандрам Максімюком, вершы чэскага паэта Эгана Бонды, польскіх аўтараў Галіны Пасьвятоўскай і Рафала Ваячэка, урыўкі з прозы Сяржука Сокалава-Воюша.


“Па-за тактам”: Прагнозы і тэндэнцыі. Папулярная музыка 2002 году вачыма маладых. Субота, 11 студзеня

Чаму айчынныя рок-музыканты не павінны баяцца Беларускага тэлебачаньня? Якім чынам прынцып адміністраваньня можа палепшыць сытуацыю ў папулярных жанрах музыкі? Маладыя журналісты Тацяна Заміроўская і Сяргей Сахараў разважаюць аб тэндэнцыях у музыцы мінулага году ў чарговым выданьні праграмы “Па-за тактам”. Вядзе гутарку Зьміцер Падбярэскі.


“Здароўе”. Субота, 11 студзеня

Ад якой хваробы сёлета на зямлі памрэ больш людзей – ад СНІДу ці ад грыпу? Адказ на гэтае пытаньне зусім не відавочны. Напрыклад, у такой разьвітай у мэдычных адносінах краіне як Злучаныя Штаты Амэрыкі, сёлета ад СНІДУ памрэ прыблізна 15 тысяч чалавек, ад грыпу – больш за 65 тысяч. Самым актуальным хваробам зімовых месяцаў – грыпу і прастудзе – прысьвечаны новы выпуск мэдычнай перадачы “Здароўе”.


“Вострая брама”. Нядзеля, 12 студзеня

Пасьля распаду СССР у Беларусі і ў суседніх краінах першыя пасады занялі людзі зусім іншага, чым у савецкія часы, складу. У прыватнасьці, новыя кіраўнікі-прэзыдэнты вызначаюцца маладзейшым векам, цікавасьцю да спорту і страсьцю да барацьбы з карупцыяй. Тыдзень таму сьпіс падобных першых асобаў папоўніў новы літоўскі прэзыдэнт Раландас Паксас. Між іншым, у апытаньнях прыхільных выбарцаў вобраз гэтага палітыка фігураваў часьцяком як вобраз "ідэальнага зяця". Тыпалягічна ён падобны і да Лукашэнкі, і да Квасьнеўскага, і да Пуціна. Гэта значыць, што сёньня кіраўнікі краінаў нашага рэгіёну – Польшчы, Расеі, Літвы, а таксама Беларусі – належаць да аднаго пакаленьня, аднаго, так бы мовіць, чалавечага стандарту і дэкляруюць падобныя асабістыя схільнасьці. Чаму так адбываецца, якім чынам такая заканамернасьць адлюстраваная ў народных традыцыях і ў паваротах сучаснае грамадзкае думкі, што азначае ўзрост правадыра – у гісторыі, у сучаснасьці і ў культурным кантэксьце? Дасьледаваньне на гэтую тэму – у новым выпуску "Вострае Брамы".


"Вольная студыя”: Новыя словы пра звыклыя рэчы. Нядзеля, 12 студзеня

Нядаўна ў Менску ў сэрыі Беларускага Інстытуту навукі й мастацтва выйшаў з друку ўнікальны даведнік, у якім апісаныя 2 180 беларускіх слоўнікаў і энцыкляпэдый, што пабачылі сьвет за апошнія трыста гадоў. Чалавек неабазнаны наўрад ці ведае, што ў архіўных зацішках ці ў шуфлядах аўтараў чакаюць свайго часу беларуска-індзейскі ці караімска-беларускі слоўнікі, альбо слоўнік турэмнага жаргону. Праца па іх апісаньні была распачатая геолягам Вітаўтам Кіпелем яшчэ паўстагодзьдзя таму, а завершаная летась менскім мовазнаўцам Зьмітром Саўкам, які й стане госьцем Міхася Скоблы ў нядзельнай "Вольнай студыі".


“Беларускі Інтэрнэт”. Нядзеля, 12 студзеня

У чарговай перадачы:

- вынікі апытаньня на сайце tut.by адносна інфармаванасьці беларускага грамадзтва;
- прысутнасьць АБСЭ ў Беларусі актыўна абмяркоўваецца ў Сеціве;
- як Інтэрнэт папулярызуе беларускую моду;
- а таксама – 20 найгоршых чалавек, месцаў і рэчаў у Інтэрнэце ў 2002 годзе.

Перадачу падрыхтавала Вольга Караткевіч.


“Праскі акцэнт”. Нядзеля, 12 студзеня

Нядаўняя заява Аляксандра Лукашэнкі пра шкоднасьць аддзяленьня царквы ад дзяржавы стала працягам палітыкі, што знайшла яскравае ўвасабленьне ў леташнім законе аб свабодзе веравызнаньня. Якая роля царквы ў грамадзкім жыцьці? Хрысьціянізацыя палітыкі – гэта дабро ці зло? Які досьвед што да гэтага існуе ў іншых краінах? Пра гэта ў наступным выпуску “Праскага акцэнту” разважаюць палітыкі і дасьледчыкі зь Беларусі, Ізраілю, Сэрбіі і Расеі. Перадачу, якая выйдзе ў эфір 12 студзеня, падрыхтаваў і вядзе Юры Дракахруст.


Тэксты гэтых ды іншых перадач чытайце на сайце на наступным тыдні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG