Лінкі ўнівэрсальнага доступу

САДАМ ХУСЭЙН У БЕЛАРУСЬ НЕ ЎЦЯЧЭ


Аляксей Знаткевіч, Менск

Прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Беларусі Андрэй Савіных вінаваціць Злучаныя Штаты ў наўмысным распаўсюдзе інфармацыі пра магчымы палітычны прытулак Садама Хусэйна.

(Савіных: ) “Такія перамовы з Рэспублікай Беларусь не вяліся. Наогул, Рэспубліка Беларусь не разглядала і не разглядае пытаньне аб палітычным прытулку Садаму Хусэйну. У першую чаргу таму, што такім чынам пытаньне наогул ня ставіцца. Гэтая інфармацыя, як мы ведаем, распаўсюджваецца краінай, якая мае намер пачаць ваенныя дзеяньні супраць Іраку без адпаведнага рашэньня Рады Бясьпекі ААН”.

Аднак тое, што Беларусь у заходніх мэдыях узначаліла сьпіс кандыдатаў на прытулак ірацкаму лідэру, можна патлумачыць шчыльнымі кантактамі паміж афіцыйным Менскам і Багдадам. Летась, да прыкладу, Садам Хусэйн двойчы асабіста прымаў беларускія дэлегацыі, а міністар абароннай прамысловасьці Іраку цэлы тыдзень гасьцяваў у Беларусі. Міністар абароны ЗША Дональд Рамсфэльд на слуханьнях у амэрыканскім Кангрэсе ў сьнежні назваў толькі Беларусь як адну з краінаў, якія маглі б прыняць ірацкага дыктатара, ягоную сям’ю і найбліжэйшае атачэньне.

ЗША вінавацяць Багдад у распрацоўцы зброі масавага зьнішчэньня. Інспэктары ААН, якія цяпер працуюць у Іраку, павінны да 27 студзеня даць першую справаздачу пра пошукі такой зброі.

Многія арабскія краіны — у прыватнасьці, Савудаўская Арабія і Катар — спрабуюць пераканаць Садама Хусэйна пакінуць Ірак, каб пазьбегнуць вайны ў рэгіёне. Як піша амэрыканскі штодзёньнік “The Washington Times”, улады Катару выступілі з ініцыятывай неадкладнай сустрэчы краінаў Арабскай Лігі, дзе гэтае пытаньне магло б стаць адным з асноўных.

Тым часам некаторыя іншыя краіны, якія называліся кандыдатамі на прытулак Садаму Хусэйну, выступілі з абвяржэньнямі. Прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Расеі Аляксандар Якавенка заявіў, што гэтае пытаньне не разглядалася і не разглядаецца Масквой. Урадавая агенцыя навінаў Маўрытаніі назвала магчымасьць прытулку для Садама Хусэйна ў гэтай краіне “абсалютна неабгрунтаванымі” плёткамі. Таксама абверглі інфармацыю аб прытулку ірацкаму лідэру Лібія ды Іран.

Але “The Washington Times” піша са спасылкай на арабскіх дыпляматаў, што знайсьці краіну для прытулку будзе значна прасьцей, чым пераканаць Садама Хусэйна адмовіцца ад улады і пакінуць Ірак. Падчас іранска-ірацкай вайны ў 1980-я гады, ірацкі лідэр загадаў расстраляць свайго міністра, які прапанаваў, каб Садам хаця б зрабіў выгляд, што разледзіць патрабаваньні Ірану аб адстаўцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG