Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ХТО ЎЗНАЧАЛІЦЬ БЕЛАРУСКУЮ ФЭДЭРАЦЫЮ ФУТБОЛУ?


Ігар Карней, Менск

Прынамсі да сёлетняга жніўня Рыгор Фёдараў мог займаць пасаду кіраўніка Беларускай фэдэрацыі футболу: на канец лета прызначаная адтэрмінаваная справаздачна-выбарчая канфэрэнцыя, якая з удзелам Аляксандра Лукашэнкі стартавала яшчэ 19 сьнежня 2002 году. Тады паседжаньне спартовай арганізацыі ператварылася ў палітычнае мерапрыемства.

Рыгор Фёдараў не хавае, што менавіта ў сьнежні стала зразумела, што ўладзе патрэбны новы кіраўнік фэдэрацыі. Да красавіка Фёдараў фармальна будзе заставацца на сваёй пасадзе. Пытаюся ў яго, ці мажлівыя нейкія варыянты да адступленьня.

(Фёдараў: ) “Ну, а навошта, сэнс? Я ж таксама не жалезны. Далей мог бы наагул ня вытрымаць. Зрэшты, з футболам не хацеў бы разьвітвацца. Буду запатрабаваны — запрашайце. Але я сваю пазыцыю выказаў і іншыя рухі рабіць не зьбіраюся. Трэба ўсім думаць пра футбол, а не ўскладняць штучна сытуацыю. Мы варымся не ўнутры сваёй краіны; хочацца быць на міжнародных арэнах. Існуе шмат залежных рэчаў. Таму найперш хочацца, каб нас на ўсіх узроўнях улады разумелі, прымалі, і каб будучыня ў беларускага футболу было ўжо заўтра. А тое, што мне самому непрыемна, гэта зразумела. Шкада, але сёньня гэта аптымальнае рашэньне”.

Напярэдадні справаздачна-выбарчай канфэрэнцыі Аляксандар Лукашэнка абвесьціў пра свайго вылучэнца — дзяржсакратара Савету бясьпекі Генадзя Нявыгласа. Адразу ж прадстаўнікі ФІФА і УЭФА папярэдзілі, што ўмяшальніцтва дзяржавы ў справы нацыянальнай фэдэрацыі можа мець самыя жорсткія наступствы, ажно да выключэньня Беларусі са складу ўсясьветных футбольных фэдэрацыяў. Многія ўдзельнікі канфэрэнцыі казалі, што толькі прысутнасьць міжнародных дэлегатаў перашкодзіла 19 сьнежня абвесьціць новы склад кіраўніцтва БФФ.

Адзін з самых аўтарытэтных футбольных адмыслоўцаў Леанід Гарай мяркуе, што з прычыны гульні ў палітыку застаецца рызыка страціць галоўнае — футбол.

(Гарай: ) “Не магу сам разабрацца ў гэтым бардаку. Ішла праца, падняліся наверх у рэйтынгу, нас усюды прызналі — словам, пачалі ўставаць з каленяў. І раптам пачалі закручваць гайкі назад. Зусім не пра футбол думаюць, бо ў гэтай барацьбе можна дзіцё выплюхнуць разам з вадой. А варажба ўжо пачалася. Не разумею, чаму так адбываецца. На канфэрэнцыі выступіць не далі, Малафееву таксама. Лукашэнка сказаў: і так ведаю, што будзеце гаварыць, няхай скажа пэрыфэрыя. Тыя выступілі, таксама ацанілі працу фэдэрацыі як станоўчую. Сапраўды, два гады Фёдараў ні ў чым не разьбіраўся, бо прыйшоў з авіяцыі. Але зараз набраўся досьведу, ведаў. А ўрэшце, калі на тое пайшло, вы ж самі, улада, яго прызначылі”.

Галоўны рэдактар газэты “Спорт-кур'ер” Уладзімер Даўжэнка салідарны зь Леанідам Гараем і шкадуе, што пасьля канфэрэнцыі бальшыня былых паплечнікаў пакінула Фёдарава сам-насам зь ягонымі праблемамі.

(Даўжэнка: ) “На наступны дзень пачаліся праверкі фэдэрацыі футболу. “Капаць” у нас умеюць добра, і таму ён ня вытрымаў. Па-чалавечы зразумець яго можна, бо мэханізам вельмі жорсткі. Але зьвярніце ўвагу: ніякія футбольныя фэдэрацыі (абласныя, гарадзкія) ня выступілі ў ягоную падтрымку. На жаль, гэта стала нормай. Зараз у Фёдарава будуць вельмі сур’ёзныя сустрэчы з Блатэрам і Юхансэнам, падчас якіх патрэбна нейкім чынам апраўдвацца. Бо дастаткова прыгадаць выказваньне дэлегата УЭФА Эпле, які пасьля канфэрэнцыі заявіў: перад беларускім футболам гарыць жоўтае сьвятло, якое, на жаль, можа пачырванець. Мне здаецца, што ў красавіку будзе перароблены статут фэдэрацыі пад Нявыгласа, і ўсё вернецца на старыя рэйкі”.

Што тычыцца найбольш відавочнай кандыдатуры на наступнага кіраўніка БФФ, то бальшыня адмыслоўцаў сапраўды кажа пра Генадзя Нявыгласа. Апроч таго, што гэта адзін з васьмі невыязных беларускіх чыноўнікаў (што ўжо выключае міжнародныя кантакты), паводле дзейнага статуту, ён ня мае права сумяшчаць дзяржаўную пасаду з грамадзкай.
XS
SM
MD
LG