Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРЭЗЫДЭНЦКІЯ ВЫБАРЫ Ў ЛІТВЕ І ІХ УПЛЫЎ НА БЕЛАРУСКА-ЛІТОЎСКІЯ ДАЧЫНЕНЬНІ


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: дырэктар Інстытуту міжнародных дачыненьняў і палітычных навук Віленскага ўнівэрсытэту Раймундас Лапата і менскі палітоляг Уладзімер Улаховіч

(Валер Карбалевіч: ) “Вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Літве сталі вялікай нечаканасьцю. Некаторыя экспэрты і СМІ нават называюць іх сэнсацыйнымі. Нечаканасьць ня толькі ў тым, што атрымаў паразу відавочны, як усім здавалася, фаварыт прэзыдэнцкай кампаніі Адамкус. Ня меншае зьдзіўленьне і цікавасьць выклікае асоба пераможцы выбараў, новага прэзыдэнта Літвы Раландаса Паксаса. Некаторыя журналісты, зьвяртаючы ўвагу на яго палітычны стыль, параўноўваюць яго то з Жырыноўскім, то з Лукашэнкам.

Вядома, што адна з важных функцыяў літоўскага прэзыдэнта — замежная палітыка. Тым больш цікава памеркаваць пра тое, які ўплыў акажа выбраньне новага прэзыдэнта на беларуска-літоўскія стасункі.

Раландас Паксас заяўляе, што адным з прыярытэтаў замежнай палітыкі Літвы будзе ўсталяваньне добрых дачыненьняў з суседзямі. Вядома, што палітыка Літвы да Беларусі ў значнай ступені вызначалася тым курсам, які праводзяць міжнародныя арганізацыі: Эўразьвяз, НАТО, АБСЭ, Рада Эўропы. Ці можна чакаць нейкіх зьменаў у палітыцы Літвы адносна Менску?”

(Раймундас Лапата: ) “Мы маем яшчэ чатыры месяцы да інаўгурацыі новага прэзыдэнта. Але ўжо зараз, празь некалькі дзён пасьля выбараў, усе ягоныя заявы пацьвярджаюць, што Літва будзе працягваць тыя асноўныя напрамкі сваёй замежнай палітыкі, якія яна ажыцьцяўляла апошнія 5–7 гадоў. Маецца на ўвазе эўрапейская інтэграцыя, уваходжаньне ў НАТО і Эўразьвяз. І адзін з прыярытэтаў — добрыя адносіны з суседзямі.

Што тычыцца ўплыву выбараў новага прэзыдэнта на палітыку Літвы ў дачыненьні да Беларусі, то я думаю, што застанецца бязь зьменаў тая палітыка, якую Літва праводзіць ужо апошнія гады два. Гэта азначае, што Літва далучаецца да ўсіх заяваў Эўразьвязу па “беларускім пытаньні”. Пры тым наша краіна хацела мець адмысловую ролю ў палітыцы Эўразьвязу ў дачыненьнях да афіцыйнага Менску. Літва прапанавала і праводзіць канцэпцыю сэлектыўных кантактаў зь беларускім рэжымам.

Зьмены ў дачыненьнях Эўропы і Беларусі сапраўды могуць адбыцца. Але гэтыя зьмены зьвязаныя не з выбраньнем новага прэзыдэнта Літвы, а з новай канцэпцыяй, якую распрацаваў Эўразьвяз. Гэта канцэпцыя “wide Europe” — “вялікай Эўропы” альбо “пашыранай Эўропы”. Да рэалізацыі гэтай канцэпцыі актыўна далучаюцца кандыдаты ў Эўразьвяз і, у прыватнасьці, Літва.

Адна з мэтаў гэтай канцэпцыі – удакладніць і падрыхтаваць новыя стасункі аб’ядананай Эўропы з краінамі, якія не зьяўляюцца сябрамі Эўразьвязу: балканскімі дзяржавамі, Расеяй, Украінай і Беларусьсю. У гэтым сэнсе зьмены ў палітыцы Літвы ў адносінах да Беларусі могуць быць. Але гэта, паўтараю, не літоўскія зьмены, а новыя падыходы ў палітыцы Эўразьвязу”.

(Уладзімер Улаховіч: ) “Я згодны з гэтым пунктам гледжаньня. Выбары новага прэзыдэнта Літвы — гэта значная і цікавая падзея. Але я думаю, што мы занадта сьпяшаемся, калі спрабуем вызначыць новыя падыходы ў замежнай палітыцы Літвы. Па-першае, падзея толькі што адбылася, і рана рабіць высновы. А па-другое, тут я цалкам згодны з маім літоўскім суразмоўцам, літоўская замежная палітыка абмежаваная агульнай палітыкай Эўразьвязу.

Увогуле, я лічу, што Беларусі трэба было б скарыстаць гэтую нагоду, каб перагледзець сваю палітыку ў адносінах да Літвы як да часткі агульнай Эўропы. Зараз мы ўсё яшчэ разглядаем стасункі зь Літвой як адмысловыя, па за межамі кантэксту Заходняй Эўропы”.

(Карбалевіч: ) “Паксас лічыцца палітыкам, больш ляяльным да Расеі, чым Адамкус. Ці магчымыя нейкія зьмены палітыкі Літвы па калінінградзкім пытаньні? Як вы лічыце, спадар Лапата?”

(Лапата: ) “Па-першае, я ня ўпэўнены, а дакладней, ня ведаю ніякіх чыньнікаў, якія дазвалялі б сьцьвярджаць, што новаабраны прэзыдэнт Літвы больш ляяльны да Расеі, чым спадар Адамкус. Магчыма, толькі той факт, што ў адрозненьні ад Адамкуса Паксас добра размаўляе па-расейску.

Што тычыцца калінінградзкага пытаньня, то я хацеў бы вылучыць два яго аспэкты. Па-першае, гэта тэхнічны, руцінны аспэкт, які тычыцца транзыту многіх расейскіх грамадзянаў па тэрыторыі Літвы. Правілы гульні, няхай і трохі ўмоўныя, вызначаныя на падставе дамоўленасьцяў паміж Эўразьвязам, Літвой і Расеяй. Гэтыя контуры транзыту расейцаў праз тэрыторыю Літвы вызначаныя да 2004 году. Што будзе далей, сказаць цяжка.

Другі аспэкт больш важны. Ён тычыцца будучыні Калініградзкай вобласьці, яе сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця, набліжэньня па ўзроўні гэтага разьвіцьця да суседзяў. Але гэтая галоўная праблема залежыць ня столькі ад Літвы альбо Эўразьвязу, а ў першую чаргу ад Расеі.

Трэба шукаць кампраміс паміж Эўразьвязам, Літвой і Расеяй, маючы на ўвазе інтарэсы ўсіх бакоў. Думаю, кампраміс будзе знойдзены, калі ўсе бакі праявяць добрую волю. Але трэба ўлічваць, што Літва — гэта ўжо частка палітычнай прасторы Эўразьвязу, у якую яна поўнасьцю будзе ўключаная ў 2004 годзе”.

(Карбалевіч: ) “Спадар Улаховіч, як вы мяркуеце, як могуць выкарыстаць вынікі літоўскіх выбараў беларускія палітычныя сілы, у прыватнасьці, беларускія ўлады ў сваіх палітычных, прапагандысцкіх мэтах?”

(Улаховіч: ) “Я не зусім разумею, як можна выкарыстаць гэтую падзею ў паліттэхналягічным сэнсе альбо ў прапагандыцскім сэнсе. Таму што пакуль ёсьць толькі падзея, але няма палітычнага кантэксту, палітычнага разьвіцьця. І таму рана на гэтую тэму размаўляць.

Мне падаецца, што больш каштоўным для Беларусі было б скарыстаць выбары ў Літве ў крыху іншым кірунку. Іх можна скарыстаць як момант для пошуку новых адносінаў з Эўразьвязам. Таму што Літва, як будучы сябар Эўразьвязу і як суседка Беларусі, будзе спрабаваць адыгрываць ролю гэткага адмысловага суседа, экспэрта ў Эўразьвязе па “беларускім пытаньні”. І вось тая канцэпцыя “wide Europe”, пра якую казаў мой суразмоўца, стварае магчымасьць новых падыходаў, пераходу да больш натуральных адносінаў Беларусі й Літвы.

Акрамя таго, выбары ў Літве паказалі новую тэндэнцыю, якая ўжо праявілася ў іншых краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы: прыход да ўлады новай палітычнай генэрацыі. Калі паглядзець на палітычную гісторыю Літвы дзесяці апошніх гадоў, то мы ўбачым, што на пасадзе кіраўніка дзяржавы былі людзі іншай, старэйшай генэрацыі. Для людзей новай генэрацыі характэрны большая тэхнакратычнасьць, прагматызм. І гэта адкрывае дзьверы для пошуку новых шляхоў супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і Літвой, іншых падыходаў з улікам новых абставінаў і ўмоваў”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, можна прыйсьці да высновы, што ня трэба чакаць нейкіх значных зьменаў у беларуска-літоўскіх стасунках. Аднак магчымыя новыя акцэнты, як вынік іншага стылю новага прэзыдэнта Літвы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG