Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ЗА ПАКЛЁП НА ПРЭЗЫДЭНТА ТРЭБА ССЫЛАЦЬ У МАГАДАН, ГАДОЎ НА ДВАЦЦАЦЬ ПЯЦЬ”


Валянцін Жданко, Менск

Пачну зь ліста нашага зацятага нядобразычліўца і адначасова вельмі пільнага і ўважлівага слухача Зыгмунта Зяліньскага зь мястэчка Дзятлава Гарадзенскай вобласьці.

“Дакуль вы будзеце выціраць ногі аб наш добрапаважаны народ? Што наш Лукашэнка зрабіў кепскага? Яго нам сам Бог прыхіліў. Каб пабылі яшчэ пры ўладзе Шушкевіч, Пазьняк, Грыб, Шарэцкі, Чыгір і да іх падобныя, то мы даўно былі б у магіле, альбо хадзілі бы з торбай па сьвеце.

Дзякуй Лукашэнку, што даў нам жыцьцё. Пры Шушкевічу мы былі бяз хлеба, хадзілі за 10 кілямэтраў, стаялі ў чарзе, каб купіць буханку. Пан Шушкевіч разваліў бы калгасы — а хто абрабляў бы гэту зямлю? Ён прадаў бы нас і нашу зямлю праклятаму Захаду, ад якога да нас ідуць усе беды.

Спыню цытаваньне ліста Зыгмунта Зяліньскага зь Дзятлава дзеля некалькіх заўвагаў. Ня памятаю, спадар Зяліньскі, каб за часы Шушкевіча і Грыба беларусы сядзелі бяз хлеба альбо стаялі ў чэргах па буханку. Прытым хлеб тады быў нават у пераліку на валюту разоў у дзесяць таньнейшы, чым цяпер. Але справа нават ня ў тым. Ні Шушкевіч, ні Грыб, ні Шарэцкі ня мелі і дзясятай часткі тых уладных паўнамоцтваў, якія мае сёньня Аляксандар Лукашэнка. Тым больш немагчыма сьцьвярджаць, што пры ўладзе ў Беларусі быў Зянон Пазьняк.

Што да калгасаў — тут вы маеце рацыю. Быў бы Шушкевіч ці Пазьняк пры ўладзе — калгасаў не засталося б. Як не засталося іх у Польшчы, Усходняй Нямеччыне, Чэхіі, краінах Балтыі... І нідзе, спадар Зяліньскі, сяляне не смуткуюць з гэтай нагоды. Пасьпяхова працуюць на зямлі без сэлектарных нарадаў і каштоўных прэзыдэнцкіх дырэктываў.

Яшчэ адна цытата зь ліста Зыгмунта Зяліньскага:

“Я слухаю вашае радыё і дзіву даюся: да чаго вы дайшлі. Як толькі якога-небудзь злодзея, хабарніка асудзяць — тут як тут Соусь, Лунёва, Цыганкоў, Грузьдзіловіч ды іншыя... Аплакваюць, шкадуюць прайдзісьветаў. А Маркевіч і Мажэйка? Хіба гэта пакараньне за паклёп на прэзыдэнта? Іх бы ў Магадан гадоў на 25... А ты, пане Жданко, чытай усе лісты, у тым ліку тыя, якія колюць вам вочы за сваю праўду”, — напісаў Зыгмунт Зяліньскі зь Дзятлава Гарадзенскай вобласьці.

Пра сябе ён паведамляе, што яму ўжо за шэсьцьдзесят і што ён выгнаньнік зь Беласточчыны. Выгналі яго адтуль, паводле яго, за тое, што ён праваслаўны і што вёў барацьбу за свабоду ў Польшчы.

Шкада, спадар Зяліньскі, што не напісалі, чым вы займаліся ў пасьляваенны час. Калі меркаваць па вашым узросьце, вы павінны былі памятаць і масавыя раскулачваньні ў Заходняй Беларусі, і эшалёны зь людзьмі (настаўнікамі, мэдыкамі, заможнымі сялянамі) у вагонах для быдла, якія ішлі ў Сыбір, адкуль большасьць гэтых людзей ужо ніколі ня вернецца... Іх пазбаўлялі волі, маёмасьці, а часам і жыцьця толькі за тое, што ўлада падазравала іх у неляяльнасьці — яны маглі не любіць камуністычную дыктатуру.

У вашым лісьце, спадар Зяліньскі, шмат лаянкі й праклёнаў на адрас Польшчы. І ў той жа час ліст свой, напісаны галоўным чынам па-расейску, вы падпісалі па-польску. Чаму?

Магчыма, памыляюся, але мне здаецца, і гэтай лаянкай, і несправядлівымі абвінавачаньнямі, і адмаўленьнем відавочнага вы спрабуеце калі ня іншых, дык хоць самога сябе пераканаць і апраўдаць перад гісторыяй, перад уласным мінулым. Не сумняюся, што вы пільна сочыце за тым, як жывуць вашыя равесьнікі на радзіме, якую вы пры цьмяных абставінах пакінулі. І ўяўляю, як балюча вам усьведамляць тое, што недзе пад Беластокам былы ваш сусед мае ўласную зямлю, гаспадарку, і пры гэтым атрымлівае пэнсію, прынамсі ў чатыры разы большую, чым вы.

Па-ранейшаму нямала ў нашай пошце лістоў на тэму беларуска-расейскіх стасункаў. Алеся Цадко з Маладэчна турбуе пэрспэктыва магчымага пераходу Беларусі на расейскі рубель. Слухач з гэтай нагоды піша:

“Хвалюе прывязка беларускай валюты да расейскага рубля і далейшае яе аб’яднаньне з адзіным эмісійным цэнтры ў Маскве. Як казаў амэрыканскі магнат Ротшыльд, “дайце мне права выпускаць і кантраляваць грошы іншай краіны, і мне будзе ўсё роўна, хто ёй кіруе і выдае законы”. Гэта разумее і Пуцін, усё мацней прыціскаючы да сьцяны нашага “бацьку”.

Алесь Цадко непакоіцца, што расейскую фінансавую сыстэму неўзабаве можа чакаць чарговы дэфолт, і тады ўсьлед за Расеяй пакоціцца ў бездань і Беларусь.

“Шкада, што з прычыны дэмагогіі інтэгратараў, адштурхоўваючы ад сябе Эўропу, яе моцнае эўра, гіне наша краіна. Няўжо яны ня бачаць, што творыцца ў сьвеце, і ня здольныя зразумець і кантраляваць падзеі ў Беларусі і вакол яе”, — зьдзіўляецца Алесь Цадко з Маладэчна.

На расейскі рубель, спадар Цадко, беларускія ўлады спадзяюцца, як на збавеньне, пачынаючы з 1992 году, з часоў Вячаслава Кебіча. За мінулае дзесяцігодзьдзе было вельмі шмат праграмаў, абяцаньняў, ня раз называліся канкрэтныя тэрміны. Фактычна ніводнае з абяцаньняў ня выканана. Прычына ў адным: беларускія ўлады ня хочуць цалкам губляць кантроль над друкарскім станком, а расейцы адмаўляюцца прызнаць за беларусамі роўныя правы ў справе эмісіі грошай. І нішто ня сьведчыць на тое, што вырашыць гэтую супярэчнасьць у хуткім часе ўдасца.

Ліст ад Барыса Франюка зь Берасьця. Слухач піша:

“Няма сёньня ў беларусаў незалежнасьці, як не было яе і за камуністамі. Незалежнасьць скончылася, калі Пазьняка і ягоных аднадумцаў вывезьлі зь Вярхоўнага Савету падчас галадоўкі дэпутатаў. Міне яшчэ колькі часу, і Беларусь у правох стане на адну прыступку з Бранскай ці Смаленскай вобласьцю.

Я лічу, што стратэгічную памылку зрабіў Шушкевіч. Замест таго, каб усім беларусам згуртавацца вакол Пазьняка і ягоных аднадумцаў, так бы мовіць, “казачкі” зрабілі сваю справу — раскалолі нацыянальна-вызвольны рух.

...Хтосьці павінен кіраваць палітыкай беларускага нацыяналізму. Бо беларускія палітычныя партыі сёньня — як немаўляткі, ня могуць нават дамовіцца між сабой. Я лічу, што падмуркам узаемадзеяньня партыяў ёсьць мова. А хто не прызнае мовы беларускай, той акупант і асымілятар”, — лічыць Барыс Франюк зь Берасьця.

Своеасаблівым адказам вам, спадар Франюк, могуць служыць развагі Мікалая Лясовіча зь Менску, які адгукнуўся на дыскусію паміж Анатолем Лябедзькам і Паўлам Севярынцам, што прагучала нядаўна па Беларускай Свабодзе ў “Палітычных дыялёгах” Віталя Цыганкова. Слухач ня згодны з пазыцыяй Паўла Севярынца — асабліва што датычыць пагрозаў незалежнасьці Беларусі. Мікалай Лясовіч, у прыватнасьці, піша:

“Пасьля таго, як у адказ на прапанову Пуціна ў Беларусі не аказалася ніводнай групоўкі, якая б падтрымала прапанову пра ўключэньне ў склад Расеі, стала відавочна, што пагрозы страты незалежнасьці сёньня не існуе. Адпаведна, нельга лічыць, што аднаўленьне дэмакратыі ў Беларусі — другарадная праблема.

Хлусьня тое, што Расея акупавала Беларусь. Беларусь акупаваная Лукашэнкам, які спачатку быў абраны народам, а потым стаў дыктатарам. Расея падтрымала Лукашэнку, бо дэмапазыцыя пад уплывам Пазьняка выказвала варожасьць да Расеі. Да таго ж, сёньня толькі Лукашэнка валодае ў Беларусі рэальнай уладай, і пазбавіцца ад яго пакуль што ні Расея, ні Захад ня могуць. А Севярынец сваімі дэманстратыўнымі антырасейскімі выказваньнямі толькі дапамагае Лукашэнку”, — лічыць Мікалай Лясовіч зь Менску.

Наўрад ці можна пагадзіцца з вамі, спадар Лясовіч, што пагроза страты незалежнасьці Беларусі сёньня цалкам скасаваная. Так, яна не такая вострая, як некалькі гадоў таму: палітычная кан’юнктура склалася такім чынам, што Аляксандар Лукашэнка канчаткова страціў шанцы на крамлёўскі пасад, і адпаведна, сёньня прамаўляе незалежніцкія лёзунгі. Але гэта ня значыць, што сытуацыя ня можа зьмяніцца, і што ён ня вернецца да ранейшай рыторыкі.

На заканчэньне — ліст Віктара Баранава з Рагачова. Ён піша:

“Чуў па Свабодзе меркаваньні абаронцаў Лукашэнкі зь Ляхавіцкага ды іншых раёнаў, якія заклікалі вас ехаць з рыдлёўкамі ў вёску, паднімаць калгасы. Сьмешна чуць такое. Нашыя людзі не сядзяць склаўшы рукі, выжываюць хто як можа. Але многае залежыць ад таго, хто кіруе дзяржавай. Калі б гэта былі талковыя людзі, дык наш народ ужо даўно жыў бы ня горш, чым разьвітыя краіны.

Лукашэнка імкнецца ўсё браць на сябе. А для чаго тады разумныя адукаваныя людзі? Каб глядзець яму ў рот? Мне даводзілася чуць ад мясцовых уладаў нараканьні: мы, маўляў, толькі пешкі, што нам дыктуюць, тое і робім. Ці так павінна быць? Сьмешна назіраць за спэктаклямі, якія наладжвае Лукашэнка са сваім урадам.

Хутка выбары ў мясцовыя саветы, але што пасьля іх зьменіцца, калі выканаўчая вэртыкаль ад саветаў практычна ніяк не залежыць”, — напісаў Віктар Баранаў з Рагачова.

Так, спадар Баранаў, пасьля 1996 году сыстэма дзяржаўнай улады ў Беларусі такая, што амаль усё залежыць ад волі адной асобы. Рабілася гэта нібыта дзеля таго, каб навесьці парадак, адолець карупцыю, запусьціць заводы і не марнаваць час на працяглыя дэбаты ў саветах пры прыняцьці важных рашэньняў.

І вось вынік: перадзел улады адбыўся, Саветы фактычна і без паўнамоцтваў, і бяз грошай. Але ці выканана хоць адна эканамічная і сацыяльная праблема, дзеля чаго ўсё гэта нібыта задумвалася? Ці стала менш хабарнікаў сярод чыноўнікаў, якія атрымалі дадатковую ўладу? Ці выбралася Беларусь з эканамічнага крызысу, вярнуўшы татальны кантроль над эканомікай? Пытаньні гэтыя — з тых, адказы на якія відавочныя для кожнага, хто жыве ў Беларусі.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Георгі Белаконь з Калінкавічаў, Павал Сац з Маларыты, сям’я Матусевічаў з Чэрвеня, Міхаіл Леках з Рыгі й Марына Леваценка з Бэльгіі.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
XS
SM
MD
LG