Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДВУХ МЕНСКІХ МІЛІЦЫЯНТАЎ ЗА ЖОРСТКАЕ ЗАБОЙСТВА ЗАТРЫМАНАГА ЗАСУДЗІЛІ НА 15 ГАДОЎ


Любоў Лунёва, Менск

Менскі гарадзкі суд пакараў міліцыянтаў Аляксандра Белага і Максіма Астраўлянчыка пазбаўленьнем волі на 15 гадоў. Гэтыя былыя супрацоўнікі ізалятару часовага ўтрыманьня забілі затрыманага Мікалая Нагорнага. Суд высьветліў, што Аляксандар Белы і Максім Астраўлянчык зьбівалі яго цягам шасьці гадзінаў, пакуль не забілі насьмерць. Судмэдэкспэрты зафіксавалі мноства пераломаў і крывазьліцьцё.

Упершыню за апошнія дзесяцігодзьдзі суд пакараў супрацоўнікаў міліцыі на такі вялікі тэрмін. Дагэтуль міліцыянтам, якія ўчынілі забойства падчас катаваньняў, выносілі больш мяккія прысуды. Звычайна іх судзілі за перавышэньне службовых паўнамоцтваў. Праваабаронца Беларускага Гельсынскага камітэту Алег Гулак так пракамэнтаваў гэтую сытуацыю Радыё Свабода:

(Гулак: ) “Сёньня ў Беларусі нікога не зьдзіўляе, што міліцыянты б’юць людзей, нярэдка нават да сьмерці. Катаваньні — практыка ў дзеяньнях праваахоўчых органаў. Упершыню супрацоўнікі міліцыі прызнаныя вінаватымі менавіта ў забойстве. Вынясеньне такога прысуду, спадзяюся, сьведчыць пра тое, што судовая сыстэма пачне нарэшце сур’ёзна падыходзіць да гэтай праблемы.

Спадзяюся, што гэта ня проста кампанія супраць асобных супрацоўнікаў міліцыі, а пачатак сур’ёзнай працы па выкараненьню такіх зьяваў у працы праваахоўчых органаў. Але ў міліцыянтаў ёсьць стымул да такіх дзеяньняў, бо суды прымаюць у якасьці доказаў паказаньні, якія былі здабытыя катаваньнем. Пакуль ня будзе зьмененая практыка працы судоў, катаваньні будуць працягвацца”.

Аляксандар Белы і Максім Астраўлянчык будуць адбываць пакараньне ў спэцыяльным атрадзе, які складаецца з былых міліцыянтаў. Гэты атрад створаны дзеля таго, каб засьцерагчы былых міліцэйскіх работнікаў ад нападаў іншых вязьняў.
XS
SM
MD
LG