Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТАДЭВУШ ІВІНЬСКІ: БЕЛАРУСЫ МОГУЦЬ УСПРЫМАЦЬ ПОЛЬШЧУ ЯК ПЛЯЦДАРМ ДЛЯ РАЗЬВІЦЬЦЯ СУПРАЦОЎНІЦТВА З ЭЎРАЗЬВЯЗАМ


Аляксей Дзiкавiцкi, Варшава

(Івіньскі: ) “Што да захадаў Эўрапейскага Зьвязу адносна Беларусі, дык мы ўвогуле падзяляем такі падыход. Канечне, ня трэба мець аніякіх кантактаў зь беларусім прэзыдэнтам ці прэм’ерам. Але Беларусь – гэта наш сусед. Мы маем больш за 400 кілямэтраў мяжы з гэтай краінай і ледзь не паўмільёна палякаў, што жывуць там. Таму мы лічым, што трэба пазьбягаць мэханічнага рашэньня праблемы адносінаў зь Беларусьсю і разьвіваць дыялёг зь беларусамі на ўзроўні супрацоўніцтва самаўрадавых структураў ці памежнага супрацоўніцтва”.

Што да памежнага супрацоўніцтва, дык шмат хто кажа, што па далучэньні Польшчы да Эўрапейскага Зьвязу мяжа паміж Польшчай і Беларусьсю ператворыцца ў мур. З другога боку, польскія ўлады шматкроць заяўлялі, што візы для ўсходніх суседзяў Польшчы будуць танныя, а працэдура іх атрыманьня – як мага больш простая. Я запытаўся ў спадара міністра, як будзе выглядаць мяжа Польшчы і ўсяго Эўразьвязу зь Беларусьсю пасьля 1 траўня 2004 году:

(Івіньскі: ) “Тут роля Польшчы вельмі важная. Мы будзем мець па далучэньні да Эўрапейскага Зьвязу 1150 кілямэтраў мяжы з краінамі, якія не ўваходзяць у Зьвяз – трохі больш за паўтысячы кілямэтраў з Украінай, 200 з Расеяй і астатняе – гэта мяжа зь Беларусьсю. На ўзмацненьне ўсходняй мяжы мы атрымалі ад Эўразьвязу каля трохсот мільёнаў эўра таму, што насамрэч ніхто ня ведае, які будзе памер міграцыйнага руху на ўсходняй мяжы Эўрапейскага Зьвязу пасьля пашырэньня. Аднак Эўразьвяз зацікаўлены ня толькі ў тым, каб усходняя мяжа добра ахоўвалася, каб яна не ператварылася ў новую жалезную ці нават аксамітную заслону, але, адначасова, каб яна адпавядала пэўным стандартам. У гэтай справе і ў вырашэньні пытаньняў, зьвязаных з уцекачамі і імігрантамі, Польшча будзе браць актыўны удзел”.

У Беларусі, асабліва прадстаўнікі кіруючых элітаў, нярэдка кажуць, што далучэньне Польшчы да Эўрапейскага Зьвязу ўвогуле дрэнна паўплывае на польска-беларускія стасункі. Тадэвуш Івіньскі, аднак, лічыць, што, уваходзячы ў Эўразьвяз, Варшава не адварочваецца ад сваіх усходніх суседзяў:

(Івіньскі: ) “Тое, што прыярытэтным у нашай палітыцы ёсьць эўраатлянтычны накірунак, зусім ня сьведчыць пра тое, што мы, далучаючыся да Эўрапейскага Зьвязу, мусім аслабляць кантакты з усходнімі суседзямі. Можа здарыцца нават наадварот. Як у Эўразьвязе, так і ў ЗША Польшчу лічаць найлепшым знаўцам эканамічнай і палітычнай сытуацыі ў Расеі, Украіне і Беларусі. Таму для Захаду мы можам граць ролю экспэратў у справах гэтых краінаў, а нашыя ўсходнія суседзі, у сваю чаргу, могуць успрымаць Польшчу як пляцдарм для разьвіцьця супрацоўніцтва з Эўразьвязам”.
XS
SM
MD
LG