Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІЦЕБСКАМУ СЯБРУ АГП ПРЫСУДЗІЛІ 10 СУТАК АРЫШТУ ЗА АРГАНІЗАЦЫЮ НЕСАНКЦЫЯНАВАНАГА ПІКЕТУ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Пра тое, што судзьдзя Сьвятлана Туфан прысудзіла віцебскаму сябру Аб’яднанай грамадзянскай партыі Фёдару Бакунову 10 сутак арышту, апошні даведаўся цалкам выпадкова. Учора ён зайшоў у Чыгуначны раённы суд Віцебску, каб спраўдзіць, чым завершылася ягоная судовая справа, распачатая з-за ўдзелу ў несанкцыянаваным пікеце 30 кастрычніка, які быў прысьвечаны Дню памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.

Паводле беларускага заканадаўства, тэрмін адказнасьці за адміністратыўнае парушэньне заканчваецца праз два месяцы, але па заканчэньні гэтага тэрміну, 30 сьнежня мінулага году, судзьдзя Сьвятлана Туфан так і не абвесьціла свайго выраку, хаця спадар Бакуноў асабіста прысутнічаў на апошнім судовым паседжаньні.

Такім чынам, толькі ўчора ён даведаўся, што ўжо асуджаны на 10 сутак, а заадно і пра тое, што вырак спадарыні Туфан датаваны менавіта 30 сьнежня, апошняй законнай датай вынясеньня прысуду.

Пра тое, што яго проста з будынку суда забралі ў сьледчы ізалятар, Фёдар Бакуноў здолеў паведаміць сваёй сям’і толькі глыбокай ноччу. На той час ягоная жонка Тацяна Зайкова ўжо распачала пошукі зьніклага.

Сёньня спадарыня Зайкова ўжо зьезьдзіла на спатканьне з мужам ды распавяла, што патэлефанаваць учора яму дазволілі ахоўнікі начное варты, і што да палітычнага аспэкту ягонага затрыманьня ягоныя вартаўнікі ды суседзі па камэры ставяцца са спагадаю.

Старшыня Чыгуначнага раённага суду Раіса Лупянкова ў адказ на пытаньне, чаму арышт спадара Бакунова адбыўся такім своеасаблівым чынам, зазначыла, што ня бачыць у гэтым аніякіх парушэньняў: маўляў, вырак пазначаны належнай датай, і цяпер ён выкананы. А паведамляць сваякам пра лёс арыштаваных не ўваходзіць у абавязкі суду.

Нагадаем, што з усіх удзельнікаў пікету 30 кастрычніка, дый увогуле зь ліку ўсіх удзельнікаў апошніх акцыяў АГП Фёдар Бакуноў атрымаў самае строгае пакараньне, бо сёлета яго ўжо тройчы прыцягвалі да судовае адказнасьці за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях, а падчас апошняга судовага працэсу ён асабіста прызнаў сябе арганізатарам несанкцыянаванага пікету.
XS
SM
MD
LG