Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВОЛЬФГАНГ БЭРЭНТ: “ЭЎРАЗЬВЯЗ МУСІЦЬ БЫЦЬ БОЛЬШ УВАЖЛІВЫ ДА БЕЛАРУСІ”


Ул. інф.

Апошнія гады беларуская праблематыка стала пэўнага кшталту палітычнай спэцыялізацыяй для Вольфганга Бэрэнта. Рэдка які іншы заходні парлямэнтар з такой пасьлядоўнасьцю паведамляў на старонках нямецкіх і эўрапейскіх СМІ пра актуальную сытуацыю ў Беларусі — пра справу са зьніклымі беларускімі палітыкамі, пра ўмовы ўтрыманьня ў няволі прафэсара Бандажэўскага, пра прысуд незалежных беларускіх журналістаў.

Напярэдадні свайго сыходу з Бундэстагу і ПАРЭ (Вольфганг Бэрэнт ня браў удзелу ў апошніх парлямэнцкіх выбарах у ФРГ), ён разам са сваімі калегамі па невялікім беларускім лобі ў Эўропе стварыў адмысловы камітэт у справе Беларусі, мэта якога — наблізіць гэтую краіну да Аб’яднанай Эўропы.

(Бэрэнт: ) “Цяпер я працую над канцэпцыяй гэтай арганізацыі, яна павінна быць створаная неўзабаве. У гэтым зьвязку мы плянуем паездку ў Беларусь. Але спачатку, у сярэдзіне студзеня, правядзем паседжаньне ў Парыжы, а потым плянуем правесьці некалькі сустрэчаў у Страсбуры з дэлегацыяй беларускага парлямэнту. Я маю намер браць актыўны удзел у справе дэмакратычнага разьвіцьця Беларусі й надалей. Хацеў бы быць дарадцам у нямецкім МЗС і Радзе Эўропы ў беларускім пытаньні, але, зразумела, на грамадзкіх асновах. Мая новая праца будзе зьвязаная з экалягічнымі праблемамі ва Ўсходняй Эўропе, аднак гэтае пытаньне яшчэ пакуль вырашаецца”.

Гаворачы пра стан цяпершніх дачыненьняў паміж Беларусьсю і эўраструктурамі, спадар Бэрэнт не хавае свайго расчараваньня.

(Бэрэнт: ) “Сярод пазытыўных момантаў я назваў бы хіба што пагадненьні паміж Менскам і Венай, у выніку якіх у Менску пачне працаваць новае бюро АБСЭ. Аднак нейкіх аптымістычных прагнозаў у гэтым зьвязку я пакуль рабіць не наважуся. Спачатку трэба пачакаць, якія паўнамоцтвы насамрэч будзе мець гэтая місія. Паводле некаторых сыгналаў, дасягнута ня так ужо і шмат. Па-за пагадненьнямі засталося назіраньне за правамі чалавека, свабодай СМІ. Вельмі важным паказчыкам будзе правядзеньне ў Беларусі мясцовых выбараў, тое, наколькі яны будуць свабоднымі і празрыстымі”.

Што да дачыненьняў Беларусі і Рады Эўропы, то тут, паводле Бэрэнта, таксама ня так шмат зрухаў.

(Бэрэнт: ) “Пазытыўнага няшмат. Бадай, тое, што ў беларускім парлямэнце зьявілася невялікая група дэпутатаў, якія прытрымліваюцца гэтак званага эўрапейскага шляху разьвіцьця краіны. Заслугоўвае ўвагі ініцыятыва генэрала Фралова адносна расьсьледаваньня справы са зьніклымі палітыкамі. Ёсьць нейкая дынаміка ў пытаньні адмены сьмяротнага пакараньня. Аднак тое, што тычыць свабодных СМІ, правоў апазыцыі... Тут адны нэгатыўныя сымптомы.

Асабліва ўзрушыла мяне сытуацыя з прафэсарам Бандажэўскім. Наколькі я ведаю, стан здароўя гэтага навукоўца пагоршыўся. Мы ўрэгулявалі пытаньне наконт таго, каб Бандажэўскага наведаў амбасадар Эўразьвязу, аднак прапанова была адхіленая беларускім кіраўніцтвам. Пакуль Менск ніяк не растлумачыў грамадзкасьці сытуацыю са зьніклымі палітыкамі. Рада Эўропы спадзявалася на пэўную каапэрацыю зь Беларусьсю ў гэтым пытаньні, аднак супрацоўніцтва пакуль так і не распачалося...”

Тым ня менш, Вольфганг Бэрэнт лічыць Раду Эўропы адной з тых структураў, якая можа і мусіць аказваць найбольшы ўплыў на Беларусь. У сваіх апошніх інтэрвію журналістам адыходзячы эўрапарлямэнтар Бэрэнт заклікае Бэрлін, Брусэль і Вену больш уважліва ставіцца да дзейнасьці Рады Эўропы ў гэтым рэгіёне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG