Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГНІЛЬ У ЦЭНТРЫ ЭЎРОПЫ


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Канцлер Нямеччыны Герхард Шрэдэр адчувае сябе як у аблозе. Кожны дзень ён рэзка выступае ў сродках масавай інфармацыі, а ў часе прэсавых канфэрэнцыяў раздражнёна накідаецца на крытыкаў. Колькасьць ягоных прыхільнікаў, паводле апытаньняў, складае 32%, і гэты паказчык падае, – паведамляе часопіс “Newsweek”.

За мяжой Нямеччына страціла ўсю сілу у выніку стаўленьня Шрэдэра да Іраку і ягонага амаль татальнага зацікаўленьня толькі ўнутранымі праблемамі.

Найбольш занепакоеныя суседзі Нямеччыны, бо краіна перажывае непрыемнасьці ў складаны для Эўропы момант. Глябальнае запаволеньне пагражае залежным ад экспарту эканомікам кантынэнту. Да таго ж эўрапейскія лідэры ня маюць агульнай думкі ў многіх пытаньнях – ад праблемы Іраку да будучай формы нядаўна пашыранага Эўразьвязу. Больш за тое, пазыцыі лідэраў у шмат якіх пытаньнях разыходзяцца далей і далей. Але найгоршае – яны мусяць разьвязаць істотнае пытаньне: як Эўропа будзе кіраваць слабой Нямеччынай і ейным канцлерам?

Наступствы слабасьці Нямеччыны толькі пачынаюць адбівацца на Эўропе, якая для дэбютантаў Эўразьвязу ў будучыні ўяўляецца Злучанымі Штатамі Эўропы. Шмат гадоў Нямеччына, дзякуючы сваім памерам і эканамічнай магутнасьці, была маяком для фэдэратыўнай Эўропы. Але ці можа так працягвацца цяпер? “Слабасьць Нямеччыны азначае, што магчымасьці для старой мадэлі блізкага зьвязу хутка пагаршаюцца,” – кажа галоўны эўрапейскі эканаміст амэрыканскага банку ў Лёндане Гольгер Шмідынг. “Пэрспэктыва, – кажа ён, – Эўропа, якая ўсё больш і больш набліжаецца да славутай зоны свабоднага гандлю”.

Слабасьць Нямеччыны таксама пагражае ідэі агульнаэўрапейскай замежнай палітыкі і абароны. Дзесяцігодзьдзямі эўрапейскія лідэры марылі гаварыць у адзін голас, але супярэчлівасьць пазыцыяў перашкаджала Эўропе процістаяць Злучаным Штатам у часы крызысаў. Ірак – усяго толькі самы апошні актуальны прыклад. Для многіх эўрапейцаў недвухсэнсоўна супольная пазыцыя Тоні Блэра і Джорджа Буша – гэта досыць кепска. Але калі Шрэдэр аднабакова выключыў удзел Нямеччыны ў вайне (пры любых умовах), ён прынёс у ахвяру ўласным інтарэсам эўрапейскую замежную палітыку, і голас Эўропы чарговы раз прагучаў слаба.

Цяпер ад імя Эўропы больш кажа Францыя, чым Нямеччына. У адрозьненьні ад мінулага, Францыя становіцца мацнейшым эканамічным і палітычным партнэрам, чым Нямеччына. Страхі, якія францускія газэты падавалі ў выглядзе выявы Гельмута Коля ў шаломе Кайзэра Вільгельма, які зьбіраецца захапіць Эўропу, прайшлі. Цяпер Парыж упэўнена выклікае агонь на сябе.

Бэрлін жа пакорліва ідзе сьледам. Прыкладам таму – апошняя згода Нямеччыны, пад францускім ціскам, прадоўжыць тэрмін ганебных сельскагаспадарчых субсыдыяў краінам Эўразьвязу да 2013, што найперш і найбольш выгадна францускім фэрмэрам. Яшчэ адзін прыклад: пазьнейшая згода з пазыцыяй Францыі ў пытаньні Іраку. Парыж заявіў пра магчымасьць удзелу ў вайне, але толькі пасьля дазволу ААН. Паводле аналітыкаў, калі надалей эўрапейскую замежную палітыку будзе вызначаць Францыя, адносіны Эўропы са Злучанымі Штатамі стануць больш складанымі.

Слабасьць Нямеччыны прынясе складанасьці і Вялікай Брытаніі. Запаволеньне, па віне Нямеччыны, эўрапейскага росту пагоршыць шанцы Тоні Блэра на выйгрыш у рэфэрэндуме адносна супольнай эўрапейскай валюты.

Парадокс сытуацыі ў тым, што гэта адбываецца ў часе, калі Эўропа знаходзіцца на пад’ёме. Пашыраецца Эўразьвяз, абмяркоўваецца эўрапейская канстытуцыя і цалкам новыя шляхі кіраваньня Зьвязам. Але, паводле аналітыкаў, бяз моцнай адроджанай Нямеччыны рэалізаваць усе добрыя ідэі і намеры будзе досыць цяжка, і Эўропа ніколі не займее такой самай вагі, як Злучаныя Штаты. Ніхто не дамагаўся моцнай Эўропы так, як Нямеччына, і ўвесь парадокс у тым, што цяпер сама ж Нямеччына становіцца галоўнай перашкодай у рэалізацыі гэтай ідэі.
XS
SM
MD
LG