Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРЫЗЫЎНІКІ МЯРКУЮЦЬ, ШТО ТЭРМІНОВАЯ СЛУЖБА Ў ВОЙСКУ — ЗМАРНАВАНЫ ЧАС


Галіна Абакунчык, Менск

У першы дзень прызыву каля Менскага абласнога ваенкамату было людна й тлумна. Некалькі дзясяткаў чалавек — бацькі, сваякі й сябры прызыўнікоў — тупалі на марозе ў чаканьні праводзінаў. Ад колішняй весялосьці цяпер тут засталіся толькі нязьменныя сьлёзы мацярок. Адна зь іх, Тацяна Тоўсьцік кажа, што сына забіраюць у войска гвалтам:

(Тоўсьцік: ) “Не хацеў. І я не хацела. Мы закончылі інстытут. У нас добрая праца. Мы не вайсковыя людзі. Гэта не для нас. Я не магу. Я буду плакаць”.

Бацькі іншага прызыўніка, Іван і Галіна Цялегі, таксама кажуць, што ні яны, ні сын не хацелі ў войска. І што найперш яны хвалююцца з прычыны нестатутных адносінаў.

(Галіна: ) “Перажываю вельмі. Шкада”.

(Іван: ) “Учора плакала, сёньня. Сын закончыў тэхнікум, дык вось яна й хвалюецца. Што будуць лупіць іх”.

(Галіна: ) “Мне казалі, што іх там б’юць рамянямі, спражкамі. Мне крыўдна вось за гэта”.

Аляксандар Астравух, які прыйшоў да ваенкамату, каб правесьці сябра, кажа, што пра нестатутныя адносіны ў войску ведае з уласнага досьведу:

(Астравух: ) “Я служыў у Віцебску. Нестатутныя адносіны былі, ёсьць і будуць. Афіцэры пра гэта ведаюць, але заплюшчваюць на гэта вочы”.

І амаль усе мае суразмоўцы казалі, што абавязковая тэрміновая служба — змарнаваны час, і што ў Беларусі даўно насьпела пара альтэрнатыўнай службы.

(Юнак: ) “Страчаны час. За паўтара года можна сваё жыцьцё ўладкаваць”.

(Іншы: ) “Зараз не магу паступіць у інстытут з-за гэтага войска, бо ўсё забыўся. Хацеў паступаць і не пасьпеў, бо забралі раней”.

(Спадар: ) “Прыйдзе ён пасьля гэтага паўтара года, ну, што ён будзе мець? Ізноў — мама, тата. Трэба зноў яго забясьпечваць. Павінныя так зрабіць: калі я хачу, то я іду, а мне за гэта плацяць грошы”.

(Юнак: ) “А так атрымліваецца бясплатная працоўная сіла”.

Колішні міністар абароны Павал Казлоўскі кажа, што праект альтэрнатыўнай службы ў Беларусі быў распрацаваны яшчэ ў сярэдзіне 1990-х. Аднак у рэальных рэформах у войску не зацікаўленыя цяперашнія ўлады. Гаворыць Павал Казлоўскі:

(Казлоўскі:) “Сёньня мы павінныя ісьці да прафэсійнага войска. Трэба прымаць закон аб альтэрнатыўнай службе. Тое, што праводзіцца сёньня — гэта чарговае скарачэньне войскаў, якое не забясьпечанае, напаўраспранутае. Вайсковай падрыхтоўкай яны не займаюцца. Таму гэтыя маладыя людзі, якія прыходзяць на прызыўныя пункты, яны бачаць, што як вайскоўцы, як абаронцы радзімы, яны не патрэбныя гэтай радзіме”.

Цяперашнія навабранцы будуць служыць, як і раней, ад 12 да 18 месяцаў. Пры канцы мінулага году міністар абароны Леанід Мальцаў паведаміў, што скарачаць тэрмін абавязковай вайсковай службы, як гэта плянавалася паводле цяперашняй вайсковай рэформы, у Беларусі магчымасьці няма.
XS
SM
MD
LG