Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАРЫС НЯМЦОЎ ПА-РАНЕЙШАМУ ЗАСТАЕЦЦА ПЭРСОНАЙ НОН-ГРАТА Ў БЕЛАРУСІ


Ігар Карней, Менск

Больш за два месяцы расейскі палітык чакаў адказу на пытаньне: ці былі правамоцнымі дзеяньні супрацоўнікаў беларускага КГБ, калі яны без тлумачэньняў прымусілі яго тэрмінова пакінуць Менск. Сёньня кіраўніцтва Цэнтральнага суду сталіцы дало зразумець, што ў справе Нямцова не адбылося ніякіх зрухаў і ягоны статус у Беларусі па-ранейшаму прыраўнаны да “пэрсоны нон-грата”.

Адвакат Яўген Лабановіч, які прадстаўляе ў Беларусі інтарэсы Барыса Нямцова, кажа, што падобны вынік быў прадказальны:

(Лабановіч: ) “Мы чакалі адказу, у якім будзе забаронена разглядаць гэтую справу ў судзе. Яшчэ калі я адносіў скаргу Нямцова ў суд Цэнтральнага раёну, старшыня суду Пётар Кіркоўскі папярэдзіў: вы ж разумееце, якая сытуацыя; мы павінны зрабіць усё, каб справа не разглядалася па сутнасьці. І вось яны знайшлі такое выйсьце. На мой погляд, выйсьце для іх ня самае лепшае, бо атрымалася, што яны ў сваім рашэньні зафіксавалі, што ніякіх юрыдычных дакумэнтаў аб дэпартацыі Нямцова няма, і фактычна рашэньне аб дэпартацыі не прымалася. А дзеяньні КГБ трэба абскарджваць не ў судзе, а ў генэральнага пракурора ці падначаленых яму пракурораў”.

Спадар Лабановіч дадае, што ў некаторай ступені ён задаволены такім адказам судзьдзі Кіркоўскага. Прынамсі, судовае вызначэньне сьведчыць на тое, што супрацоўнікі КГБ, дэпартаваўшы Нямцова, далі сабе волю, бо ня мелі ніякіх афіцыйных ці судовых дакумэнтаў. А як адрэагаваў на адказ суду ўласна Барыс Нямцоў?

(Лабановіч: ) “Зараз Барыс Нямцоў знаходзіцца не ў Расеі, але яму паведамілі пра гэтае рашэньне, і копію я адразу даслаў у Маскву. Сёньня ж сумесна прынятае рашэньне падаваць скаргу ў Менскі гарадзкі суд. Усе жадаюць, каб справа была разгледжаная публічна і быў нарэшце дадзены адназначны адказ: ці можа спадар Нямцоў наведваць Беларусь без усялякіх абмежаваньняў — гэтак жа, як і іншыя грамадзяне Расейскай Фэдэрацыі”.

Пакуль рыхтуецца чарговая прыватная скарга Барыса Нямцова ў Менскі гарадзкі суд, Яўген Лабановіч чакае яшчэ аднаго адказу: гэтым разам з Савету міністраў Беларусі. Скарга на дзеяньні супрацоўнікаў КГБ супраць афіцыйнай асобы суседняй дзяржавы была накіраваная ў Саўмін яшчэ летась, у лістападзе.
XS
SM
MD
LG