Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

КІРАЎНІКІ АПАЗЫЦЫЙНЫХ ПАЛІТЫЧНЫХ ПАРТЫЯЎ НЯ ХОЧУЦЬ ВЫЛУЧАЦЦА КАНДЫДАТАМІ Ў ДЭПУТАТЫ МЯСЦОВЫХ САВЕТАЎ


Уладзімер Глод, Менск

Зь пяцёх асобаў, што ўваходзяць у кіраўніцтва Партыі БНФ, у дэпутаты балятуюцца толькі двое — намесьнікі старшыні Юры Хадыка і Павал Севярынец. Спадар Хадыка тлумачыць гэта наступным чынам:

(Хадыка: ) “Па-першае, існуе права выбару. І кожны чалавек пасьля таго, як партыя вырашыла ўдзельнічаць у выбарах, прымае для сябе нейкае пэўнае рашэньне. Па-другое, гэта выбары мясцовыя. І, скажам, для кіраўніка, лідэра партыі, магчыма, ёсьць пэўнам пытаньнем і ўдзел у выбарах на мясцовым узроўні. А што тычыцца, напрыклад, мяне, дык я прыняў рашэньне ўдзельнічаць”.

З чатырох сакратароў ЦК Партыі камуністаў Беларускай ніхто ня мае намеру асабіста вылучацца кандыдатам у дэпутаты. Гаворыць сакратар ЦК партыі Алена Скрыган:

(Скрыган: ) “Мясцовыя выбары — гэта выбары мясцовыя. Тут павінны ісьці кіраўнікі рэгіянальных структураў. Гэта іх адпаведны ўзровень. Сябры бюро ў нас ідуць. Першы сакратар Менскага гаркаму ідзе, першы сакратар Гомельскага абкаму, Берасьцейскага… У рэгіёнах усе пойдуць першыя”.

Такой жа думкі прытрымліваюцца і ў іншых апазыцыйных партыях. Наколькі такі падыход плённы з гледзішча доўгатэрміновых інтарэсаў партыяў? Адказаць на гэтае пытаньне я прашу палітоляга, супрацоўніка Міжнароднага інстытуту палітычных дасьледаваньняў Андрэя Фёдарава:

(Фёдараў: ) “На мой погляд, першым асобам палітычных партыяў няма сэнсу ўдзельнічаць у мясцовых выбарах, па-першае, таму, што ўсё ж іх узровень больш адпавядае дзяржаўнаму ўзроўню. І партыі павінны быць прадстаўленыя гэтымі асобамі ў парлямэнце. Па-другое, у цяперашніх абставінах, мне здаецца, яны ня змогуць прайсьці нават на мясцовым узроўні. А гэта дасьць уладам падставы заявіць, што яны не карыстаюцца падтрымкай нават у сваіх невялічкіх акругах, там, дзе яны пражываюць”.

(Карэспандэнт : ) “А чаму вы думаеце, што партыйныя лідэры ня змогуць быць абраныя на мясцовым узроўні?”

(Фёдараў : ) “Таму што ў мяне няма практычна ніякіх сумненьняў у тым, што выбары ня будуць сумленнымі”.
XS
SM
MD
LG