Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУМНЫЯ ВЫНІКІ СЬВЯТКАВАНЬНЯ НОВАГА ГОДУ І КАЛЯДАЎ


Любоў Лунёва, Менск

Супрацоўнікі Дзяржаўтаінспэкцыі з прычыны галалёдзіцы чакалі мноства транспартных здарэньняў, але, дзякуючы таму, што неспрыяльнае надвор’е прыйшлося на выходныя дні, на гарадзкіх вуліцах значна зьменшылася колькасьць аўтамабіляў. Моцны мароз стаў прычынай таго, што многія аўтааматары ня здолелі завесьці рухавікі сваіх аўтамабіляў.

Толькі за апошнія суткі 25-градусны мароз адчулі на сабе некалькі дзясяткаў чалавек. У траўмапункт шпіталю хуткай дапамогі трапілі каля трыццаці чалавек з абмаражэньнямі. Палова зь іх — дзеці. Каля дзьвюх соцень чалавек трапілі ў шпіталі зь пераломамі ды іншымі траўмамі. Усе яны пасьлізнуліся на лёдзе.

Моцны мароз прымушае людзей выкарыстоўваць ацяпляльныя прыстасаваньні — некаторыя ня самай лепшай якасьці. Некалькі пажараў адбыліся менавіта з гэтай прычыны. Згарэлі некалькі кватэраў і памяшканьні дзьвюх камэрцыйных фірмаў. Не абышлося без чалавечых ахвяраў. У выніку пажару на вуліцы Альшэўскага загінуў гаспадар кватэры.

Выходныя дні адзначыліся вялікай колькасьцю нападаў непаўнагадовых хуліганаў на людзей ля пад’ездаў дамоў і начных крамаў. У дзявятым клінічным шпіталі нам паведамілі:

(Лекарка: ) “Чалавека часьцей за ўсё б’юць па твары, ён падае і б’ецца патыліцай, альбо сам п’яны падае. Шмат пацыентаў, якія п’яныя парэзалі рукі, б’ючы шкло ў кватэрах. Больш за ўсё пацыентаў трапіла сёньня ўвечары, калі пачалі зачыняцца рэстарацыі. Ёсьць некалькі суіцыдаў. Зашылі вены і адправілі дамоў. Мы ім мусім выклікаць псыхбрыгаду, але дзьве машыны на ўвесь горад. Дзе ж яны будуць чакаць?

Асноўная колькасьць пацыентаў — пабітыя хуліганамі. Падлеткі палююць на людзей ля начных крамаў. Б’юць у твар, зьбіваюць з ног і адбіраюць грошы. Некаторых пабілі ля пад’ездаў дамоў. Большасьць у нас — мужчыны 50-гадовага ўзросту. Яны крыху выпілі й пайшлі позна ў начную краму, каб узяць яшчэ пляшку. Ну, і атрымалі. Асабліва гэта ў сьвяты”.

Камунальныя службы цягам дня пасыпаюць дарогі пяском з сольлю, бо, згодна з прагнозам, халоднае надвор’е будзе стаяць яшчэ некалькі дзён.
XS
SM
MD
LG