Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ДЭПУТАТЫ ПОЛЬШЧЫ АРГАНІЗУЮЦЦА


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

У часе апошніх мясцовых выбараў у гарадзкія і павятовыя рады на Беласточчыне ад беларускіх выбарчых камітэтаў трапілі больш за 5 дзясяткаў асобаў, якія адкрыта дэкляравалі сваю беларускасьць.

Паводле старшыні Беларускага самаўрадавага форуму, дэпутата рады Гайнаўскага павету Міхася Андрасюка, вынік мог быць і лепшы, калі б кандыдаты-беларусы спачатку мелі нейкі каардынацыйны цэнтар.

(Андрасюк: ) “У нас заўсёды выбарчая кампанія пачыналася за некалькі месяцаў, хай сабе за паўгоду, да выбараў. Гэта вельмі позна. У сваю чаргу, палітычныя партыі працуюць увесь год, маюць структуры, каардынуюць дзеяньні сваіх кандыдатаў, абменьваюцца інфармацыяй. Таму ў іх і лепшыя вынікі. У нас такіх структураў не было, і цяпер мы хочам сынхранізаваць выбары на Гайнаўшчыне, Бельшчыне, у Беластоку. Выстаўляць супольных кандыдатаў і разам шукаць кааліцыянтаў”.

Спадар Андрасюк адзначыў таксама, што важнымі для арганізацыі зьяўляюцца ня толькі праблемы падрыхтоўкі да ўдзелу ў мясцовых выбарах, але і польска-беларускія эканамічныя стасункі.

(Андрасюк: ) “Прынцыповая справа – гэта гаспадарка, і мы будзем гэтай праблемай займацца. Ужо цяпер мы супрацоўнічаем з арганізатарамі польска-беларуска-брытанскага праекту, у межах якога знаёмяцца прадпрымальнікі зь Беласточчыны і Гарадзеншчыны. У сьнежні на Беласточчыне былі беларускія прадпрымальнікі з Гарадзеншчыны, якія знаёміліся з нашымі прадпрыемствамі. А ў лютым беластоцкія прадпрымальнікі паедуць на Гарадзеншчыну, каб пазнаёміцца зь беларускімі эканамічнымі рэаліямі і канкрэтнымі людзьмі. Такія кантакты вельмі важныя”.

Аднак, паводле сябраў Беларускага самаўрадавага форуму, галоўнае, што разам дэпутатам-беларусам будзе лягчэй узьняць свой голас у Польшчы і за мяжой.
XS
SM
MD
LG