Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК-40 АВІЯКАМПАНІІ “БЕЛАВІЯ”, У ЯКОГА ПАДЧАС ПАЛЁТУ ТРЭСНУЛА ШКЛО, ЗАСТАЕЦЦА Ў ПРАЗЕ


Ігар Карней, Менск

Позна ўвечары 6 студзеня самалётам тэхнічнай службы Ан-24 у Менск прыляцелі пасажыры, якія не змаглі адляцець з Прагі паводле графіку. Ад 13-й гадзіны ў праскім аэрапорце 11 пасажыраў чакалі абвяшчэньня рэйсу на Менск і толькі а 20-й паводле мясцовага часу самалёт узьляцеў. Тэхнічны пэрсанал, які мусіць замяніць пашкоджанае шкло, застаецца ў Празе на няпэўны час. Прынамсі, у цэнтральным офісе “Белавія” адмаўляюцца казаць, колькі запатрабуецца часу на рамонт.

(Прадстаўніца “Белавія”: ) “Я ня маю паўнамоцтваў адказваць на такое пытаньне. Магу толькі сказаць, што пасажыры прыбылі яшчэ ўчора. Быў адпраўлены іншы самалёт, які пасажыраў і вывез”.

Іншыя крыніцы паведамілі, што тэхнікі адляцелі ў Прагу з усім неабходным дзеля рамонту матэрыялам, і звычайна падобная праца займае дзень. Але хутчэй за ўсё рамонтнікам давядзецца затрымацца да канца тыдня, бо наступны рэйс з Прагі ў Менск будзе толькі ў пятніцу. Высылаць па іх адмысловы борт занадта дорага і, мяркуючы па ўсім, мэханікі вернуцца рэгулярным рэйсам усё таго ж Як-40.

Што тычыцца мажлівых наступстваў інцыдэнту ў небе над Чэхіяй, то ёсьць меркаваньні, што патрэсканьне шкла — гэта хоць і пазаштатная сытуацыя, але цалкам падкантрольная экіпажу. Самалёты тыпу Як-40 выконваюць рэйсы ў гэтак званым “нізкім эшалёне” — на вышыні 5000 мэтраў пры хуткасьці 500 кілямэтраў на гадзіну. Тэмпэратура за бортам пры гэтым складае ў сярэднім 30 градусаў ніжэй нуля. Да таго ж, літаральна за некалькі хвілінаў Як-40 можа істотна зьніжацца — амаль да 2000 мэтраў, што пакідае большы шанец на станоўчае вырашэньне экстрэмальнай сытуацыі.

Адмыслоўцы пры гэтым не хаваюць, што калі б нешта падобнае здарылася з апаратамі тыпу Ту-154 (вышыня палёту 10000 мэтраў, хуткасьць 900 кілямэтраў на гадзіну і мінус 50 градусаў за бортам), то наступствы маглі быць больш сур’ёзныя. Але што тычыцца нейкіх больш жорсткіх захадаў да перадвылетнага агляду ды абслугоўваньня самалётаў, то ў тэхнічным аддзеле аэрапорту “Менск-2” сказалі, што ў гэтым няма асаблівай патрэбы, бо ўся тэхніка і без таго кантралюецца сур’ёзна.

Тым ня меней, уся інфармацыя, якая тычыцца самалёту Як-40, ягонага экіпажу і пасажыраў, у офісе “Белавія” старанна хаваецца. Дзяжурныя супрацоўнікі спасылаюцца на працяглыя выходныя, адсутнасьць кіраўніцтва і няведаньне сытуацыі. Таму без адказу пакуль застаецца пытаньне, ці плянуецца нейкая грашовая кампэнсацыя пасажырам, якія згубілі ня толькі ў часе, але і ў камфорце.

Нават пры тым, што Як-40 мала адпавядае міжнародным патрабаваньням паводле ўзроўню шуму і зручнасьці для пасажыраў, спартанскія ўмовы Ан-24, на якім людзі вярнуліся ў Беларусь, яшчэ больш сьціплыя. Але ў офісе прадстаўніцтва “Белавія” ў аэрапорце “Менск-2” на гэты конт запэўніваюць, што пасьля прызямленьня ніводны з пасажыраў ня выказаў супрацоўнікам авіякампаніі прэтэнзіяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG