Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

КАЛЯДНЫМ МАРАЗАМ НЯ РАДЫЯ МАГІЛЁЎСКІЯ МЭДЫКІ Й КАМУНАЛЬНІКІ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

Мэдыкі з апёкавага аддзяленьня з магілёўскага шпіталю “Хімвалакно” гавораць, што дастаткова шмат людзей пацярпела ад вялікіх маразоў і за сваю бесклапотнасьць у сьвяты заплаціла абмаражэньнямі.

Першыя пацыенты пачалі паступаць у апёкавае аддзяленьне ўвечары 31 сьнежня, пасьля таго, як правялі стары год. З паніжэньнем тэмпэратуры паветра ў наступныя дні паток хворых з абмаражэньнямі не зьмяншаўся.

Паводле інфармацыі Магілёўскага абласнога ўпраўленьня надзвычайных сытуацыяў, вялікіх здарэньняў, зьвязаных з наступленьнем халадоў, у вобласьці не зарэгістравана. Учора адбылося дзевяць пажараў у жылым сэктары. Колькасьць пажараў у маразы павялічваецца з-за таго, што людзі выкарыстоўваюць ацяпляльныя агрэгаты, нярэдка і самаробныя.

З надыходам сур’ёзных маразоў у абласным цэнтры вымушаныя былі падняць ціск і тэмпэратуру ў сыстэме ацяпленьня. Гэта было зроблена пасьля шэрагу скаргаў магіляўчанаў на нізкую тэмпэратуру паветра ў кватэрах.

І людзей, і транспарту на вуліцах абласнога цэнтру ў апошнія марозныя дні стала заўважна меней. Нягледзячы на холад і малую колькасьць пакупнікоў, працуюць на рынках гораду прыватныя прадпрымальнікі.

(Спадар: ) “Проста мароз марозам, а працаваць трэба. Падаткі заплацілі, за месца грошы ідуць. Трэба працаваць”.

Магіляўчане на вуліцах гавораць, што калі ў кватэры цёпла, то маразы іх жыцьцю не перашкаджаюць, а сёлетняя сапраўдная зіма людзям падабаецца.

(Спадарыня: ) “Нармальны мароз. Як звычайна ў Каляды быў у старыну. Гэта цяпер прызвычаіліся, што ўжо два гады ці тры дождж ідзе. Гэта самы нармальны мароз”.

(Спадарыня: ) “Выдатныя маразы, як у тыя часіны, даўнія”.

(Спадар: ) “Для нас — невялікія. Калі будзе 35–40, тады будуць вялікія. А 25 градусаў — перажывем!”

Заўтра, на першых рабочых паседжаньнях мясцовыя ўлады маюць намер падлічыць, колькі каштавалі рэгіёну навагоднія і калядныя сьвяты, калі сыстэмы ацяпленьня і асьвятленьня працавалі з максымальнай напружанасьцю, у тым ліку і з-за калядных маразоў.
XS
SM
MD
LG