Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВЫЯ ТЭНДЭНЦЫІ ГРАМАДЗКАЙ ДУМКІ


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: намесьнік дырэктара Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Аляксандар Сасноў і палітоляг Уладзімер Падгол

(Валер Карбалевіч: ) “Апошнія месяцы мінулага году былі насычаныя значнымі падзеямі грамадзка-палітычнага жыцьця, шэрагам гучных скандалаў. Прычым дамінавалі замежнапалітычныя падзеі. Працягваўся крызыс у беларуска-расейскіх стасунках, кульмінацыяй якога стаў газавы канфлікт. Скандал вакол паездкі Лукашэнкі на саміт НАТО ў Празе, якая не адбылася, рашэньні краінаў Эўразьвязу і ЗША аб забароне ўезду на іх тэрыторыю васьмі найвышэйшым кіраўнікам Беларусі ўзмацнілі супрацьстаяньне Беларусі з Захадам.

Вялы эканамічны крызыс, страйкі індывідуальных прадпрымальнікаў былі характэрныя для ўнутранага жыцьця краіны.

Апошнія падзеі не маглі не адбіцца на масавай сьвядомасьці. У сьнежні мінулага году Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў правёў чарговае апытаньне грамадзкай думкі. Пра найбольш значныя тэндэнцыі грамадзкіх настрояў мы зараз і пагаворым.

Першае, што можна адзначыць, гэта невялікі рост рэйтынгу Лукашэнкі (з 27% у верасьні да 31,5% у сьнежні). Зьява даволі цікавая. На першы погляд, бачных падставаў для гэтага не было. У замежнай палітыцы дзяржава цярпела адны паразы. У сацыяльна-эканамічным жыцьці таксама нейкіх зрухаў да лепшага не адбывалася. Тым ня менш, рэйтынг вырас. Чым гэта выклікана? І якія чыньнікі — унутрыпалітычныя ці замежнапалітычныя — пераважалі ў гэтай зьяве?”

(Аляксандар Сасноў: ) “Трэба адзначыць, што існавалі і сацыяльна-эканамічныя чыньнікі павышэньня рэйтынгу Лукашэнкі. Напрыклад, у лістападзе былі павышаныя пэнсіі. Гэта, трэба меркаваць, паўплывала на настрой пэнсіянэраў.

Акрамя таго, у канфлікце паміж Беларусью і Расеяй, паміж кіраўнікамі дзьвюх дзяржаваў Лукашэнка паказаў сябе як жорсткі абаронца інтарэсаў Беларусі. І частка электарату, які хістаўся, хіснулася ў бок Лукашэнкі. У выніку яго рэйтынг узьняўся”.

(Уладзімер Падгол: ) “Вядома, уплывалі ўсе чыньнікі. Але, я лічу, што нельга надаваць шмат увагі гэтаму росту рэйтынгу. Бо рост на 4% пры памылцы сацыялягічнай выбаркі 3% зусім невялікі. Асабліва, калі параўноўваць з рэйтынгам прэзыдэнта Польшчы Квасьнеўскага на 75% ці прэзыдэнта Расеі Пуціна — 70%. І казаць пра нейкі рост рэйтынгу нельга”.

(Карбалевіч: ) “Тады я пастаўлю пытаньне так: але ж ён і ня падае?”

(Падгол: ) “Справа ў тым, што існуюць такія станы рэйтынгу, якія могуць зьмяніцца ад вельмі нязначнага ўплыву. Калі манэту паставіць рубам і толькі дзьмухнуць на яе, то яна і ўпадзе. Вось і рэйтынг Лукашэнкі, як гэтая манэта. Ён можа яшчэ нейкі момант пастаяць на адным узроўні, нават узвысіцца на 5%, але ў нейкі момант ляснуцца.

А сацыяльна-эканамічная сытуацыя ў краіне даволі складаная. Вы, спадар Сасноў, казалі пра павышэньне пэнсіяў. Але адначасова былі павышаныя цэны на камунальныя паслугі, адмененыя многія льготы на лекі і г.д. У выніку дзяржава адабрала ад людзей больш, чым дала. Гэта ня можа не адбіцца на рэйтынгу”.

(Сасноў: ) “Трэба таксама мець на ўвазе сэзонныя ваганьні рэйтынгу. Існуе заканамернасьць, што ўвосень, напачатку зімы ён расьце, а вясной зьніжаецца”.

(Карбалевіч: ) “Другая цікавая тэма — інтэграцыя з Расеяй. Колькасьць яе прыхільнікаў зьменшылася. Апошнія месяцы беларускія дзяржаўныя СМІ вялі даволі прыкметную антырасейскую незалежніцкую лінію. Падчас газавага канфлікту Лукашэнка выступіў з заяваю аб пагрозе Беларусі з боку Расеі і амаль што аб’явіў Маскве эканамічную вайну. Гэта галоўны чыньнік, які паўплываў на грамадзкія настроі, ці былі і іншыя чыньнікі?”

(Сасноў: ) “На наш погляд, пазыцыя дзяржаўных СМІ — гэта галоўны чыньнік. Усе дзяржаўныя мас-мэдыі пачалі актыўную барацьбу супраць уплыву Расеі на Беларусь, супраць інтэграцыйных настрояў, якіх дамагаліся апошнія гады. У красавіку мінулага году НІСЭПД зафіксаваў самы высокі ўзровень інтэграцыйных настрояў у беларускім грамадзтве. Амаль 32% насельніцтва выказаліся за аб’яднаньне Беларусі і Расеі ў адзіную дзяржаву. Сёньня людзей з такімі настроямі — толькі 22%.

Дзяржаўныя мас-мэдыі ў большай ступені ўплывалі менавіта на электарат Лукашэнкі. Гэтая частка людзей зараз разгубленая, ня ведае, што рабіць. Таму што ўвесь час тыя дзяржаўныя СМІ, якім яны давяралі, ім казалі адно, а зараз цьвердзяць другое”.

(Падгол: ) “Я крыху не пагаджуся са спадаром Сасновым. На мой погляд, уплыў беларускіх дзяржаўных СМІ на зьніжэньне прыхільнікаў інтэграцыі з Расеяй быў другасным. А першасным быў уплыў расейскіх СМІ. Што трансьлявалі расейскія СМІ ў сьвядомасьць беларускага насельніцтва? Па-першае — Чачэнія. Зноў выбухі, кроў, сьмерць. Нават у Маскве што рабілася з гэтым “Норд-Остам”.

Па-другое, зноў, як і ў мінулыя гады, расейцы мерзьлі ў сваіх кватэрах. Па-трэцяе, вялізная сацыяльная няроўнасьць. Вось надрукаваны сьпіс 100 расейскіх мільярдэраў, якія раптам, зь нічога атрымалі фантастычныя грошы.

Такім чынам, з расейскіх тэлеканалаў цякла ў сьвядомасьць людзей інфармацыя аб вайне, крыві, сьмерці, сацыяльнай падзеленасьці грамадзтва на вельмі багатых і жабракоў. А роля беларускіх СМІ была другаснай. Яны проста падгулялі. І калі Лукашэнка бараніў незалежнасьць, то ў сьвядомасьці людзей ён бараніў сваіх грамадзян ад расейскіх алігархаў, вайны, крыві і сьмерці.

Людзі, якія жылі на настальгічнай хвалі па СССР, калі перад імі Пуцін паставіў пытаньне рубам — ісьці на поўнае аб’яднаньне з Расеяй ці не? — яны былі вымушаныя рабіць выбар. І гэта адбілася на зьмяншэньні інтэграцыйных настрояў”.

(Сасноў: ) “Лічбы сацыялягічных апытаньняў не пацьвярджаюць вашу вэрсію, спадар Падгол. Беларускае насельніцтва ацэньвае сытуацыю ў Расеі лепш, чым у сваёй краіне. Так, 56,4% рэспандэнтаў лічаць, што Расея дасянула большых посьпехаў у будаўніцтве дэмакратычнай дзяржавы і грамадзянскай супольнасьці, чым Беларусь. І толькі 16% лічаць, што ў гэтым пытаньні ў Беларусі большыя посьпехі.

Таксама, на погляд большасьці беларусаў, у Расеі лепшае становішча са свабодай СМІ, свабоднымі выбарамі, захаваньнем правоў чалавека ды іншымі пытаньнямі. На думку 44% беларускіх грамадзян, у Расеі жывецца лепш, чым у Беларусі, у тым ліку і ў эканамічным сэнсе. Процілеглага гледзішча прытрымліваецца толькі 35%. Таму, на мой погляд, нэгатыўны ўплыў расейскіх СМІ на стаўленьне беларусаў да інтэграцыі перабольшаны”.

(Карбалевіч: ) “Усё ж такі, мне здаецца, моцным чыньнікам, які адмоўна паўплываў на інтэграцыйныя настроі беларускіх грамадзянаў, быў захоп закладнікаў у цэнтры Масквы, які вельмі шырока асьвятляўся расейскімі й беларускімі СМІ.

Яшчэ адна цікавая тэндэнцыя — рост прыхільнікаў інтэграцыі з Эўразьвязам (з 63,4% у жніўні да 61% у сьнежні). Гэта адбылося на фоне рэзкага абвастрэньня канфрантацыі Беларусі з Эўразьвязам. Да таго ж рашэньне аб уступленьні ў Эўразьвяз Польшчы і краінаў Балтыі прывяло да ўвядзеньня альбо ўзмацненьня візавага рэжыму гэтых краін зь Беларусьсю. На першы погляд, здавалася б, гэтыя чыньнікі павінны былі выклікаць нэгатыўнае стаўленьне беларускіх грамадзянаў да гэтай арганізацыі. Аднак, у рэальнасьці адбылося наадварот. Чым вы гэта растлумачыце?”

(Сасноў: ) “Найбольшы ўплыў на беларусаў зрабіў той факт, што ў Эўразьвяз уступаюць Польшча і Літва, суседзі, у якіх жыцьцёвы ўзровень ў савецкі час амаль не адрозьніваўся ад беларускага. Многія беларусы лічаць, што і іх краіна магла бы быць там. Бо ведаюць, што ў Эуразьвяз людзям жывецца значна лепш, чым у саюзе з Расеяй”.

(Падгол: ) “Адной з сутнасных характарыстык беларускага мэнталітэту зьяўляецца такая: беларус двух матак сасе. З аднаго боку, падтрымку атрымаў Лукашэнка, які ваяваў за танныя газ і нафту. З другога боку, паралельна ў СМІ ішла велізарная хваля інфармацыі аб уступленьні новых краінаў у Эўразьвяз. Часта СМІ паведамлялі, што яшчэ адна краіна хоча ўступіць туды, і якія праблемы яе чакаюць і г.д.

І сярэдні беларус хоча адначасова і танны газ з Расеі, таму падтрымлівае інтэграцыю, і інтэграцыі ў Эўразьвяз, таму што Эўропа павінна таксама нам нешта даць. Таму вырасла колькасьць тых, хто жадае інтэгравацца ў Эўразьвяз”.

(Карбалевіч: ) “А ці не здаецца вам, што тут існуе пэўная супярэчнасьць? Тое, што канфлікт паміж Беларусью і Расеяй выклікаў зьмяншэньне прыхільнікаў беларуска-расейскай інтэграцыі — гэта зразумела і лягічна. А вось канфлікт Беларусі з Эўразьвязам выклікаў зусім іншую, супрацьлеглую рэакцыю: колькасьць тых, хто жадае інтэгравацца ў Эўразьвяз узрасла. І адначасова, што ня менш цікава, узрос рэйтынг Лукашэнкі”.

(Сасноў: ) “Беларусы — гэта такі народ, які думае адно, кажа другое, а робіць трэцяе”.

(Падгол: ) “Беларусы бачаць у Эўропе высокі ўзровень жыцьця і імкненьне больш дзясятка краін туды патрапіць. Дзяржавы нашага рэгіёну змагаюцца за тое, каб патрапіць у Эўразьвяз. І ў беларусаў узьнікаюць натуральныя пытаньні: а чаму ня мы? А чаму б нам туды не патрапіць?”

(Сасноў: ) “Гэтыя лічбы будуць вагацца і далей. Асабліва калі будуць адбывацца нейкія важныя падзеі ў Эўропе альбо ў беларуска-расейскіх стасунках”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, галоўнае, што трэба адзначыць, гэта супярэчлівасьць грамадзкай думкі, разгубленасьць значнай часткі грамадзян, а таксама раскол грамадзтва. Гэтыя рысы масавай сьвядомасьці былі й раней, але скандалы апошніх месяцаў, здаецца, толькі ўзмацнілі іх”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG