Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЛІТВЕ АБВЕШЧАНЫЯ ВЫНІКІ ДРУГОГА ТУРУ ПРЭЗЫДЭНЦКІХ ВЫБАРАЎ


Тацяна Поклад, Вільня

Актыўнасьць выбаршчыкаў у другім туры прэзідэнцкіх выбараў у Літве – 52%. Супернічалі два кандыдаты: парлямэнтар Раландас Паксас, лідэр лібэрал-дэмакратаў, атрымаў 54,91% галасоў. Валдас Адамкус, цяперашні прэзыдэнт краіны, беспартыйны кандыдат, якога у другім туры падтрымлівалі 6 парлямэнцкіх партыяў Літвы, – 45,19% галасоў. Прэзыдэнтам абвешчаны 46-гадовы Раландас Паксас.

За В.Адамкуса найбольш галасавалі у Ковенскай гарадзкой і раённай выбарчых акругах, у некаторых акругах Вільні, у мястэчку Бірштонас. За Р.Паксаса найбольш галасоў аддалі выбаршчыкі Жэмайціі (у родным мястэчку Р.Паксаса Цяльшай і ва ўсім рэгіёне), у Мажэйках, а таксама у тых мястэчках і раёнах, дзе жывуць беларусы, – у этнічна стракатай паўднёва-ўсходняй Літве, – у Салечніцкім, Сьвянцянскім раёнах, у Новавілейскім раёне, у Вільні, у Вісагінасе (места-спадарожнік каля Ігналінскай атамнай электрастанцыі).

Як адзначаюць камэнтатары, нацыянальныя мяншыні, у тым ліку і беларусаў, як і літоўскую вёску, прывабіла перадвыбарчая праграма Р.Паксаса, акцэнтаваная на ўнутраных праблемах і сацыяльных пытаньнях, абяцаньні зьнізіць падаткі, узьняць мінімальныя заробкі і пэнсіі.

Р.Паксас у сваім першым пасьля выбараў інтэрвію абвясьціў, што прыярытэты замежнай палітыкі Літвы – інтэграцыя у Эўрапейскі Зьвяз і сяброўства у НАТО – застануцца нязьменымі, але ён як прэзыдэнт будзе болей апекавацца ўнутранымі справамі краіны і праблемамі вёскі, а таксама шырэй разьвіваць сувязі з Расеяй.

У Літве выказваюцца меркаваньні адносна магчымага фінансаваньня выбарчай кампаніі Р.Паксаса прыватнымі, у тым ліку і расейскімі, кампаніямі, але непасрэдных доказаў гэтага няма. Партыя кансэрватараў Літвы "Саюз Айчыны" ужо выступіла з заявай пра магчымае павелічэньне расейскага ўплыву ў Літве.

Інаўгурацыя Р.Паксаса прызначаная на 26 лютага.

Паводле заявы Найвышэйшай выбарчай камісіі, сур'ёзных парушэньняў падчас выбараў не было, апрача некалькіх выпадкаў перадвыбарчай агітацыі у недазволены час (за 30 гадзінаў перад галасаваньнем і падчас галасаваньня).

Літва – адзіная з посткамуністычных краінаў, дзе на выбары не накіроўваюцца міжнародныя назіральнікі, паколькі ўзровень дэмакратычнага разьвіцьця тут прызнаны цалкам адпаведным эўрапейскім стандартам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG