Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АДНАЎЛЕНЬНЕ ДЗЕЙНАСЬЦІ МІСІІ АБСЭ Ў МЕНСКУ: ПЕРАМОГА ЦІ ПАРАЗА ЗАХАДУ?


Ул. інф.

Нават назвы артыкулаў сьведчаць пра супрацьлеглыя пазыцыі аўтараў. У той час як швайцарская “Neue Zuercher Zeitung” паведамляе чытачам пра тое, што “Беларусь перайшла на больш памяркоўны курс”, нямецкая “Мaerkische Allgemeine” выносіць наступны вэрдыкт: “Лукашэнка зрабіў АБСЭ бяззубай арганізацыяй”.

Аўтар публікацыі ў “Мaerkische Allgemeine” — журналіст Патрык Ніг, швайцарац, які жыве ў Менску і працуе на шэраг нямецкамоўных выданьняў. Паводле яго, у выніку венскіх дамоваў АБСЭ двойчы саступіла аўтарытарнаму беларускаму рэжыму. Цяпер новая місія мусіць ня толькі дапамагаць ураду, падтрымліваць дэмакратычныя інстытуты, але ж і садзейнічаць кіраўніцтву ў пытаньнях эканомікі й экалёгіі. Па-другое, мандат місіі ня ёсьць бестэрміновым, яго трэба штогоду працягваць. Журналіст не выключае, што ў выніку ў Менску зьявіцца не адна падстава для закрыцьця офісу.

Як піша “Мaerkische Allgemeine”, вынікі венскіх пагадненьняў Менск лічыць сваім посьпехам. Рэжым дамогся свайго, а менавіта — зрабіў АБСЭ бяззубай.

Уплывовая швайцарская “Neue Zuercher Zeitung” прапануе чытачам зусім іншую ацэнку венскіх перамоваў. Пасьля ўсіх эмацыйных выпадаў беларускага кіраўніцтва на адрас Захаду, Лукашэнка ўсё ж зразумеў, наколькі цяжка быць невыязным. Паводле газэты, менавіта гэты фактар паспрыяў аднаўленьню перамоваў з АБСЭ і, нарэшце, адкрыцьцю ў Беларусі яе новага офісу.

Як падкрэсьлівае швайцарскі журналіст, само паняцьце “новы офіс” надзвычай важнае для Менску. Беларускае кіраўніцтва нібыта хоча ўсіх пераканаць: Вена пагадзілася на новы мандат, бо прызнала, што былая місія АБСЭ на чале зь Вікам умешвалася ва ўнутраныя справы краіны.

Як рэзюмуе швайцарскі аглядальнік, калі для рэжыму цяжка захаваць твар на самой справе, ён спрабуе гэта зрабіць вэрбальна, на словах. Што да заходніх дыпляматаў, то для іх сапраўднай мэтай было аднаўленьне працы прадстаўніцтва АБСЭ, а не працяг зацятай канфрантацыі зь Беларусьсю, — піша швайцарская “Neue Zuercher Zeitung”.

Журналісты шэрагу нямецкамоўных выданьняў прыводзяць меркаваньні былога кіраўніка менскай місіі Ганса-Георга Віка. Як піша бэрлінская “ТАZ”, былы амбасадар АБСЭ лічыць, што ў выніку перамоваў удалося дасягнуць прынцыпова правільнага кампрамісу. Ёсьць, праўда, адна небясьпека: новая місія ня зможа непасрэдна супрацоўнічаць зь недзяржаўнымі арганізацыямі. Тым ня менш, перакананы нямецкі дыплямат, крытычнае назіраньне за разьвіцьцём грамадзянскай супольнасьці з боку АБСЭ застанецца магчымым, — піша нямецкая “ТАZ”.
XS
SM
MD
LG