Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“СЬВЕТ ВЫГНАНЬНЯ”


Юры Дракахруст, Прага

Чаму Македонія ня мае амбасады ў Аўстраліі? Хто аплочваў крывавую вайну паміж Эрытрэяй і Этыёпіяй? Чаму Харватыя была гэтак хутка прызнаная як незалежная дзяржава? – з такіх пытаньняў пачынаецца артыкул у брытанскім “Economist”.

Усе яны маюць адзін і той жа адказ – усё гэта адбывалася дзякуючы дыяспарам, супольнасьцям людзей, што жывуць па-за межамі краінаў нараджэньня. Грэкі лічаць, што былая югаслаўская рэспубліка Македонія скрала гістарычную грэцкую назву. Грэцкая дыяспара вельмі моцная і ўплывовая ў Аўстраліі. Дыпляматычнае прызнаньне Македоніі ўрадам Аўстраліі выклікала ў тамтэйшых грэкаў настолькі моцную хвалю абурэньня, што аўстралійскія ўлады дагэтуль не дазваляюць адчыніць македонскую амбасаду ў Канбэры.

Памежная вайна паміж Эрытрэяй і Этыёпіяй цягнулася тры гады, з 1998 па 2000. Здавалася, малая, бедная Эрытрэя, незалежнасьць якой налічвала толькі 6 гадоў, ня мае аніякіх шанцаў выстаяць супраць значна больш магутнай Этыёпіі. Аднак на прыкладна 4 мільёны насельніцтва Эрытрэі прыпадала траціна мільёна эмігрантаў. Усе яны плацілі адмысловы ваенны падатак у памеры двух адсоткаў ад сваіх прыбыткаў. Вайна ў значнай ступені фінасавалася менавіта грашыма эрытрэйскай дыяспары.

Напачатку 90-х гадоў, калі ва Ўсходняй Эўропе абрынуўся камунізм, але яшчэ існавала Югаслаўская фэдэрацыя, улады рэспублікі Харватыя заклікалі эмігрантаў вяртацца на Бацькаўшчыну. Шмат хто вярнуўся і ўзяў удзел у вайне за незалежнасьць, якая распачалася ў 1991 годзе. Але немалую ролі адыгралі і тыя, хто застаўся ў эміграцыіі. Толькі ў 1991 годзе харваты-эмігранты сабралі для Харватыі 30 мільёнаў даляраў. Харвацкая дыяспара, асабліва моцная ў Нямеччыне, здолела паспрыяць раньняму прызнаньню Эўразьвязам незалежнасьці Харватыі. Нацыяналістычныя эмігранцкія колы ў 1990 годзе сабралі 4 мільёны даляраў на прэзыдэнцкую кампанію Франьё Туджмана. Узнагародаю ім сталі 10% месцаў ў парлямэнце Харватыі, адмыслова зарэзэрваваных за прадстаўнікамі эміграцыі. Эмігранты галасавалі ў кансулятах, сваіх клюбах і цэрквах. Цікава, што за прадстаўнікамі этнічных меншасьцяў у харвацкім парлямэнце было зарэзэрвавана менш месцаў, чымся за эмігрантамі.

“Economist” адзначае, што палкія нацыяналістычныя пачуцьці да краіны нараджэньня характэрныя шмат для якіх дыяспараў, гэтыя пачуцьці пры гэтым спалучаюцца зь ляяльнасьцю да краіны пражываньня. Гэтыя нацыяналістычныя пачуцьці ёсьць часам своеасаблівым пачуцьцём віны перад супляменьнікамі, якія цяжка жывуць на Бацькаўшчыне. Асабліва гэтыя пачуцьці абвастраюцца, калі краіна паходжаньня апынаецца ў небясьпецы. Адсутнасьць, аддаленасьць ад радзімы робіць нацыянальныя пачуцьці больш гарачымі.

Раней, адзначае “Economist”, дыяспары часьцей былі слабымі, чым моцнымі. Раскіданыя па сьвеце, яны паўсюль былі ў меншасьці. Уплывовымі былі толькі дыяспары, якія кампактна пражывалі ў краіне знаходжаньня, як, прыкладам, швэды ў паўдзённай Фінляндыі, ці дыяспары добра арганізаваныя, як, прыкладам, габрэі ў ЗША ці армяне ўва Францыі. Аднак цяпер дзякуючы самалётам, сродкам сувязі і перадусім інтэрнэту дыяспары ўпершыню ў гісторыі набываюць магчымасьць істотна пашырыць свой уплыў.

Гэтыя зьмены тычацца ня толькі старых, добра ўсталяваных дыяспараў, але і новых. Тут варта прыгадаць велічэзную кітайскую дыяспару, якая ўжо зараз істотна ўплывае на эканоміку Кітаю праз бізнэс і інвэстыцыі. Праўда, пакуль яна ня мае наўпроставага палітычнага ўплыву. Таксама вялікі ўплыў мае на краіну паходжаньня і індыйская дыяспара. Аднак, напрыклад, эмігранты з Шатляндыі менш уплываюць на яе.

Нават габрэйская дыяспара – ад якой і пайшла назва гэтай зьявы – хаця і робіць вельмі істотную фінансавую дапамогу Ізраілю, усё ж мае большы ўплыў за яго межамі, чымся ў самой габрэйскай дзяржаве.

Некаторыя дыяспары бяднейшыя за народы, якія засталіся на Радзіме. Зьбяднелыя, у прыватнасьці, 537 тысячаў аргентынцаў італьянскага паходжаньня, якім некаторыя рэгіёны Італіі, напрыклад, Вэнэта, спрабуюць арганізаваць рэпатрыяцыю на Радзіму і знайсьці працу тым, якія вырашаць вярнуцца. Аднак пераважная большасьць эмігрантаў жывуць няблага. Нават уцекачы, якія былі вымушаныя пакінуць сваю краіну, ня надта, а часам нават зусім ня схільныя вяртацца дамоў. Дзякуючы сваёй заможнасьці і адукаванасьці, эмігранты карыстаюцца высокім аўтарытэтам ў сябе на Радзіме. Агулам, праз самыя розныя каналы, эмігранты пасылаюць сваім блізкім каля 100 мільярдаў даляраў у год, у тым ліку 60% грошай у бедныя краіны, якія, як мяркуецца, атрымліваюць дадаткова 15 мільярдаў даляраў у год неафіцыйна.

Большасьць бедных краінаў страцілі сваіх выгнанцаў фізычна, але гэта ня значыць, што яны ня могуць атрымліваць ад іх грошы або карыстацца іхнымі паслугамі ў якасьці спэцыялістаў. Наадварот, гэта становіцца арганізаванай практыкай. Напрыклад, 22 ліпеня 2001 году ў Акры адбыўся арганізаваны Цэнтрам прыцягненьня інвэстыцыяў саміт грамадзянаў Ганы, якія вярнуліся на Радзіму. Мерапрыемства было разьлічанае на тое, каб скарыстаць у інтарэсах краіны веды сваёй дыяспары і тыя 300-400 мільёнаў даляраў, якія эмігранты з-за мяжы штогод пасылаюць дамоў.

Забываючыся пра ўсе палітычныя рознагалосьсі, зараз у дзелавых кантактах з дыяспарамі краіны ўжываюць наступны стымул: выбарчыя правы наўзамен грошай. Абяцалі іх сваіх суайчыньнкам у замежжы Мэксыка, Харватыя, Эрытрэя, Армэнія і Індыя. Некаторыя краіны дзеля гэтага адпаведна зьмянілі свае Канстытуцыі. Толькі Нямеччына, дзе жыве вялікая турэцкая дыяспара, не дазваляе Турцыі праводзіць галасаваньне на сваёй тэрыторыі.

Яшчэ адзін спосаб стымуляваньня дапамогі – дазволіць былым эмігрантам заняць высокія пасады на Радзіме. Кіроўная ў Турцыі Ісламская партыя гарантавала эмігранцкім лідэрам дэпутацкія крэслы ўзамен на збор фінансавых сродкаў за мяжою. Афганістан улічваў магчымасьць вяртаньня былога караля на трон. Баўгарыя дазволіла былому манарху стаць прэм’ерам. Пачынаючы з 1991 году Эстонія двойчы даручыла прадстаўнікам дыяспары пасады міністра замежных справаў і міністра абароны, ня кажучы пра шэраг іншых пасадаў, асабліва ў МЗС. Папулярны прэзыдэнт Латвіі Вайра Віке-Фрайбэрга вярнулася з эміграцыі ў Канадзе. Зь ліку эмігрантаў у Латвіі паходзяць таксама міністар абароны, шматлікія дэпутаты парлямэнту і дыпляматы. Шматлюдная літоўская дыяспара дала Літве прэзыдэнта, начальніка генэральнага штабу, гісторыкаў, пісьменьнікаў і паэтаў.

Аднак уплывы дыяспары не заўсёды вітаюцца. Некаторым эмігрантам на Бацькаўшчыне не давяраюць. Табо Мбэкі, які разам са сваімі прыхільнікамі змагаўся з апартэідам ў Паўднёвай Афрыцы з-за мяжы, не карыстаўся аўтарытэтам сярод тых, хто застаўся ў краіне і змагаўся з рэжымам на месцы. Аднак гэтыя выгнанцы былі тыповымі палітычнымі ўцекачамі, кшталту праціўнікаў брытанскай манархіі, якія рыхтавалі пераварот з Францыі, або кубінцаў, якія са Злучаных Штатаў удзельнічалі ў уварваньні ў Затоку Сьвіней, ці расейскіх рэвалюцыянэраў, якія вандравалі па Эўропе, уцякаючы ад цара.

Прычыны эміграцыі тыповай дыяспары – у адрозьненьне ад такіх палітычных эмігрантаў – і палітычныя, і эканамічныя, і такія эмігранты ня маюць німякага намеру вяртацца дамоў.

З 11 верасьня дыяспары пачалі больш пільна разглядацца, каб перканацца, ці сярод іх не хаваюцца тэрарысты. Яны ўжо былі аб’ектам павышанай увагі сярод акадэмікаў і экспэртаў, якія, як Карпарацыя Ранд у Каліфорніі, нават распаўсюджвалі папярэджаньні, што некаторыя эмігранты могуць быць “пятай калонай”.

Але ўплыў эмігрантаў можа быць перабольшаны. Эва Остэргаард-Нільсэн зь Лёнданскай Эканамічнай Школы падкрэсьлівае, што эмігранты толькі зрэдку ўплываюць на ўрадавую палітыку, хіба што яна ў нацыянальных інтарэсах краіны іх паходжаньня. Аднак, безумоўна, усё часьцей яны спалучаюць інтарэсы сваёй Бацькаўшчыны з інтарэсамі краіны, у якой жывуць, і пераказваюць свае заклапочнасьці на Радзіму. Як некалі сказаў амэрыканскі палітык старой школы Ты О’Ніл, “Уся палітыка мясцовая. Гэта цяпер больш актуальна, чым калі-небудзь”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG