Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РОНАЛЬД РЭЙГАН: УРАД НЕ ВЫРАШАЕ ПРАБЛЕМАЎ. УРАД – ГЭТА САМА ПА САБЕ ПРАБЛЕМА


Натальля Судлянкова, Прага

Пра Рэйгана казалі, што ён недастаткова адукаваны і інтэлігентны. Але як здолеў неадукаваны і неінтэлігентны палітык аказаць такі вялікі ўплыў на разьвіцьцё падзеяў у цэлым сьвеце? Ці мог бы неадукаваны чалавек быць абраны і пераабраны губэрнатарам самага вялікага штату ЗША? Ці мог быць неінтэлігентны і неадукаваны чалавек двойчы абраны прэзыдэнтам Злучаных Штатаў? Як мог бы неадукаваны чалавек перамагчы ў халоднай вайне, разбурыць камуністычны сьвет і прывесьці краіну да часоў самага вялікага дабрабыту за пасьляваенны пэрыяд? Пітэр Валісан ставіць гэтыя пытаньні і дае на іх адказ. Ён гучыць так: Рональд Рэйган сапраўды быў вялікім палітыкам.

40-ы прэзыдэнт Злучаных Штатаў Рональд Рэйган нарадзіўся 6 лютага 1911 году ў горадзе Тампіка ў сьціплай сям’і выхадцаў зь Вялікай Брытаніі, сярод якіх былі як ірляндцы, так і шатляндцы. Пасьля заканчэньня каледжа Рэйган стаў спартовым камэнтатарам, потым ён стаў адным з самых знакамітых галівудзкіх актораў і зьняўся ў больш як 50 стужках. Ён актыўна браў удзел у грамадзкай дзейнасьці і ў 1947 годзе быў абраны страшынём гільдыі актораў. У 1962 годзе Рэйган стаў рэспубліканцам, а ўвосень 1966 году быў абраны губэрнатарам штату Каліфорнія – самага буйнога і багатага ў Злучаных Штатах. Два разы Рэйган вылучаўся на пасаду прэзыдэнта, але яго перамаглі спачатку Ніксан, потым – Форд. Але ўжо ў 1980 годзе ён перамог Джымі Картэра, а ў 1984 быў зноў абраны прэзыдэнтам. Больш за тое, Рэйган здолеў перадаць Белы дом свайму паплечніку – былому віцэ-прэзыдэнту Джорджу Бушу - старэйшаму.

Як і Маргарэт Тэтчэр, Рональд Рэйган быў носьбітам ідэі. Ён быў ня з тых палітыкаў, якія ідуць за думкай іншых. Рэйган не разглядаў прэзыдэнцтва як самы высокі пункт кар’еры, тым ён адрозьніваецца ад большасьці сучасных палітыкаў. Для Рэйгана прэзыдэнцтва было магчымасьцю рэалізаваць на практыцы свае ідэі наконт ролі дзяржавы. Знакамітымі сталі ягоныя афарызмы: “Урад як немаўлятка – пачварныя апэтыты на адным канцы і поўная безадказнасьць – на іншым”, ці: “Урад – гэты рэфэры. І ён не павінен імкнуцца стаць гульцом”. Квінтэсэнцыя адносінаў Рональда Рэйгана да ўлады была выказаная адной фразай: “Урад ня ёсьць вырашэньнем нашых праблемаў. Урад сам па сабе ёсьць праблемай”.

Але ў гісторыю Рональд Рэйган увайшоў зь іншай фразай. Выступаючы перад удзельнікамі зьезду Нацыянальнай Эвангелічнай асацыяцыі ў горадзе Арланда (штат Флёрыда) Рэйган назваў Савецкі Саюз “Evil Empire” – “Імпэрыя зла”. Пазьней, у 1982 годзе гэтыя словы прагучалі з трыбуны сэсіі Генэральнай асамблеі ААН.

І менавіта Рональд Рэйган стаў ідэолягам разбурэньня Імпэрыі зла. Сымбалем імпэрыі была для яго бэрлінская сьцяна. У чэрвені 1987 году, стоячы перад бэрлінскай сьцяной, Рональд Рэйган зьвярнуўся да Міхаіла Гарбачова са словамі:

“Ёсьць адзін крок, які Саветы могуць зрабіць, крок, які будзе беспамылковым, які самым драматычным чынам адаб’ецца на пашырэньні свабоды і міру. Генэральны сакратар Габачоў! Калі Вы хочаце дабрабыту для Савецкага Саюзу і Ўсходняй Эўропы, калі Вы шукаеце вызваленьня: хадзеце сюды, да гэтай брамы! Спадар Гарбачоў, адчыніце гэтую браму! Спадар Гарбачоў, разбурыце гэтую сьцяну!”

Рэйган быў адзіным сучасным прэзыдэнтам, які асобна напісаў болей за тысячу камэнтароў наконт актуальных падзеяў. Ён вельмі шмат чытаў як кніг, так і газэтаў. Ён уласнаручна напісаў 670 эсэ, зь іх чвэрць тычылася пытаньняў замежнай і абароннай палітыкі, чвэрць – эканомікі, 15% – улады і індывідуальных свабодаў, а кожнае дзясятае разглядала пытаньні энэргетыкі і навакольнага асяродзьдзя.

Адной з найбольш адметных рысаў рэйганаўскага стылю кіраваньня было вызначэньне шырокіх палітычных мэтаў, падбор кадраў для ажыцьцяўленьня гэтых мэтаў ды перадача гэтым людзям паўнамоцтваў і адказнасьці за вынікі. Менавіта пасьлядоўнае ажыцьцяўленьне гэтай палітыкі прывяло да буйных палітычных і эканамічных посьпехаў краіны. Недахоп гэтай сыстэмы, зь іншага боку, быў ў тым, што людзі маглі рабіць сур’ёзныя памылкі, як гэта было, напрыклад, у выпадку Іран-контрас.

Як піша Пітэр Валісан, рэйганаўская настойлівасьць, воля і пераканасьць у слушнасьці сваіх ідэяў прывялі да таго, што ягоныя меркаваньні і позіркі былі прызнаныя як у Злучаных Штатах, так і за мяжой. Ягонае прэзыдэнцтва стала сапраўдным доказам таго, што шлях да дабрабыту краіны ляжыць праз рынак, свабодны ад празьмернага кантролю дзяржавы.
XS
SM
MD
LG