Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КІРАЎНІК МАГІЛЁЎСКАЙ ВОБЛАСЬЦІ ЛІЧЫЦЬ, ШТО ВУЧЫЦЬ МАШУ КАРАЛЬКОВУ ПА-БЕЛАРУСКУ ЗАДОРАГА


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

Я папрасіла старшыню Магілёўскага аблвыканкаму выказаць ягонае бачаньне праблемы горацкай пяціклясьніцы Машы Каральковай, якая ня можа рэалізаваць сваё права на атрыманьне беларускамоўнай адукацыі.

Кіраўнік Магілёўскай вобласьці Барыс Батура ня лічыць, што беларуская мова ў краіне знаходзіцца ў заняпадзе. Тым ня менш, зь ягонага адказу вынікала, што дзяржава ня можа даць магчымасьць Машы Каральковай атрымаць беларускамоўную адукацыю.

Барыс Батура сказаў, што быў гатовы падтрымаць стварэньне беларускамоўнай клясы ў Магілёве, вучыцца ў якой, на жаль, сёлета не знайшлося ахвотных. Разам з тым, ён не разумее, як можна даць беларускамоўную адукацыю адной школьніцы.

(Батура: ) “Гэта, канечне, справа прынцыпу. Але акрамя жаданьняў, ёсьць яшчэ і магчымасьці. Няўжо з-за аднаго чалавека павінныя рабіць такія выдаткі, каб менавіта яе навучаць на беларускай мове?”

Разам з тым Барыс Батура прызнаў, што ўлада павінная стварыць умовы, каб чалавек мог пайсьці і атрымаць адукацыю на беларускай мове. З наступнага навучальнага году ў Магілёве, паводле словаў старшыні аблвыканкаму, адкрыецца беларускамоўная кляса, якая будзе разьлічаная на 10–15 вучняў, яны зьедуцца з розных гарадоў і раёнаў вобласьці.

(Батура: ) “Я згодны, што беларускую мову таксама трэба прапагандаваць, каб мы не забываліся на родную мову”.

Што жа датычыцца Машы Каральковай, то Барыс Батура параіў бацькам-настаўнікам навучаць яе дома, з чым яны павінныя, на ягоны погляд, няблага ўправіцца самастойна.

Іншае вострае пытаньне, якое абмяркоўвалася на “круглым стале” з удзелам старшыні Магілёўскага аблвыканкаму — гэта зносіны журналістаў, перш за ўсё недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі з чыноўнікамі розных роўняў.

Барыс Батура і ягоны прэсавы сакратар запэўнілі ўсіх прысутных, што іх пазыцыя — не дзяліць СМІ на свае і апазыцыйныя, а даваць усім магчымасьць атрымаць інфармацыю дзеля аб’ектыўнага асьвятленьня падзеяў вобласьці. Са свайго боку кіраўніцтва Магілёўскага аблвыканкаму спадзяецца на асьвятленьне журналістамі стаўноўчых прыкладаў у жыцьці Магілёўшчыны.

Іншая справа, што кіраўніцтва вобласьці дае падобныя абяцаньні журналістам штогоду, але на справе атрымліваецца іншае, і больш таго — паводле меркаваньня супрацоўнікаў усіх сродкаў масавай інфармацыі, у тым ліку і дзяржаўных, год ад году атрымаць камэнтар ад чыноўніка становіцца ўсё больш складана.

XS
SM
MD
LG