Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ПАМЕЖНІКІ НАЗЫВАЮЦЬ ПРАВАКАЦЫЯЙ ПАВЕДАМЛЕНЬНІ ПРА МАСАВЫ НЕЛЕГАЛЬНЫ ПЕРАХОД МЯЖЫ


Алег Супрунюк, Берасьце

Як паведамілі сёньня ў берасьцейскай памежнай групе, падсумаваньня вынікаў мінулага году яшчэ не адбылося. Але ўжо зараз можна казаць, што ў параўнаньні з 2001 годам, колькасьць жадаючых трапіць за мяжу павялічылася.

Толькі праз берасьцейскі ўчастак польска-беларускай мяжы летась у заходнім накірунку адправіліся больш за 7 мільёнаў чалавек. Значна павялічылася і колькасьць асобаў, што зьбіраліся перасячы мяжу нелегальна.

У мінулым годзе затрыманыя 345 парушальнікаў дзяржаўнай мяжы. Амаль паўтысячы чалавек прызнаныя парушальнікамі памежнага рэжыму. Большасьць тых грамадзянаў, каго беларускія памежнікі лічаць парушальнікамі, паходзяць з краінаў Азіі, Афрыкі ды Паўночнага Каўказу.

Раней памежнікі зь Берасьця катэгарычна абвяргалі зьвесткі пра магчымае спрыяньне нелегалам у перасячэньні мяжы напярэдадні Калядаў. Пра гэта, у прыватнасьці, распавядалася ў адмысловым артыкуле польскага часопісу Wprost. Пра тое, ці назіраліся ў сьвяточныя дні факты масавага нелегальнага пераходу мяжы, гаворыць кіраўнік прэсавай службы Берасьцейскай памежнай групы Дзьмітры Дзявятаў:

(Дзявятаў: ) “Не, у прынцыпе, такога не было, хаця затрыманыя былі. Гэта было і ў Навагоднюю ноч, і на Раство. Але рэзкага павелічэньня не было”.

Не зарэгістравана сур’ёзных выпадкаў парушэньня памежнага рэжыму ў апошнія дні 2002 году і польскімі памежнікамі. Пра гэта распавялі ў камэндатуры буйнога памежнага пераходу Тэрэспаль.

У Берасьцейскай памежнай групе па-ранейшаму лічаць зьмест артыкулу ў часопісе Wprost правакацыйнымі.
XS
SM
MD
LG