Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“FRANKFURTER ALLGEMEINE”: “БЕЛАРУСЬ МАЕ ЗНАЧНА ГОРШУЮ РЭПУТАЦЫЮ, ЧЫМ ЗАСЛУГОЎВАЕ”


Ул. інф.

Адрозна ад “Frankfurter Rundschau”, “Frankfurter Allgemeine” ня ёсьць выданьнем кіроўнай сацыял-дэмакратычнай партыі. Гэта лібэральная кансэрватыўная газэта ніяк не сымпатызуе левым рэжымам. Не прытрымліваецца левых поглядаў і вядомая ў Нямеччыне журналістка Эльфі Зігль, якая больш за 15 гадоў працуе ў Маскве і зьяўляецца аўтарам шэрагу крытычных публікацыяў, у тым ліку пра беларускае кіраўніцтва.

Падставай для апошняга артыкулу Эльфі Зігль стала яе знаёмства з эканамічнай сытуацыяй ў Беларусі, размовы і сустрэчы як зь беларускімі адмыслоўцамі, так і з прадстаўнікамі заходніх фірмаў і структураў у гэтай краіне.

Так, сапраўды, піша Эльфі Зігль, Беларусь ня вабіць замежны капітал, у гэтай краіне замест законаў дзейнічаюць дэкрэты прэзыдэнта, тут няма ніякіх маёмасных гарантыяў, гарантам для інвэстыцыяў зьяўляецца сам Лукашэнка. Сытуацыя ўскладняецца тым, што інвэстыцыі ў беларускую эканоміку патрэбныя неадкладна. Аднак ня гэта ёсьць той галоўнай высновай, якую можна зрабіць, чытаючы артыкул.

Паводле Эльфі Зігль, нягледзячы на аўтарытарны рэжым Лукашэнкі, шматграннае эканамічнае жыцьцё ў Беларусі, якое назіралася да распаду СССР, паступова аднаўляецца. Краіна мае ўсе шанцы стаць у выніку пашырэньня Эўразьвязу часткай агульнай эўрапейскай вытворчасьці. Нямецкая журналістка прыводзіць чытачам даволі несумяшчальныя зь заходнімі ўяўленьнямі пра Беларусь прыклады.

Так, 14 беларускіх прадпрыемстваў, сярод якіх найбольш вядомая ў Эўропе фабрыка “Мілавіца”, пасьпяхова ўпісаліся ў трансфармацыйныя праграмы ФРН для Ўсходняй Эўропы. На гэтых прадпрыемствах заходнім стандартам адпавядае ня толькі вытворчасьць, але і маркетынг, умовы разьлікаў, дызайн... У выніку беларуская прадукцыя ёсьць канкурэнтаздольнай на рынках Італіі, Польшчы, Карэі і найперш Расеі.

Акрамя таго, у Беларусі пасьпяхова дзейнічаюць восем эканамічных праектаў Усходнеэўрапейскага банкау Напачатку мінулага, 2002 году, у краіне зарэгістравалася 78 прадстаўніцтваў нямецкіх фірмаў. Акрамя таго, тут працуюць 10 прадпрыемстваў са 100-адсоткавым нямецкім капіталам.

Спасылаючыся на вынікі апытаньня Менскага інстытуту прыватызацыі й мэнэджмэнту, нямецкая журналістка нават вылучае пэўную групу беларускіх прадпрымальнікаў, якія з аптымізмам глядзяць на разьвіцьцё сваёй справы ў наступныя два гады. Да гэтай катэгорыі, паводле дасьледаваньняў, належыць кожны прадстаўнік малога бізнэсу.

Пры канцы артыкулу Эльфі Зігль прыводзіць словы каардынатара ААН у Беларусі Ніла Бунэ. Ён лічыць, што рэпутацыя Беларусі значна горшая, чым гэтая краіна заслугоўвае. Дзякуючы дысцыплінавасьці, высокай кваліфікацыі (і часам ня менш высокай ахвярнасьці) прафэсійных кадраў у Беларусі існуе пэўная стабільнасьць. Акрамя таго, тут лепш, чым у іншых постсацыялістычных краінах, захавалася моцная сацыяльная інфраструктура.

Заслугоўвае ўвагі і яшчэ адзін вельмі істотны момант — гэтак званая мэнтальнасьць ахвяры, якая дапамагае гэтаму народу выжыць у самых складаных сытуацыях. Беларусы перажылі ўсе разбурэньні другой усясьветнай вайны, паступова пераадольваюць наступствы Чарнобыльскай катастрофы. Магчыма, таму гэтая краіна належыць да найбольш кансэрватыўных краінаў сьвету, і, магчыма, таму яе насельніцтва мае страх перад эканамічнымі пераменамі, — піша на старонках “Frankfurter Allgemeine” журналістка Эльфі Зігль.

XS
SM
MD
LG