Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТРЫ ПАРУШАЛЬНІКІ БЫЛІ ЗАТРЫМАНЫЯ НА ПОЛЬСКАЙ І ЛІТОЎСКАЙ ЧАСТКАХ БЕЛАРУСКАЙ МЯЖЫ ПАДЧАС НАВАГОДНІХ СЬВЯТАЎ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Прадстаўнікі беларускіх праваахоўчых службаў і беларускія памежнікі падсумавалі выпадкі, калі падчас калядных і навагодніх сьвятаў нелегальныя мігранты з усходніх краінаў спрабавалі незаконна перайсьці беларуска-польскую і беларуска-літоўскую межы. “Гэта былі лічаныя выпадкі, і яны цалкам абвяргаюць папярэднія прагнозы польскага часопісу “Wprost” пра тое, што ў Польшчу зь Беларусі нібыта прыедуць дзясяткі тысяч мігрантаў з Азіі і Афрыкі”, — заявіў Радыё Свабода супрацоўнік прэсавай службы Савету бясьпекі Беларусі Сяргей Верашчак.

Ён назваў выдумкай польскіх журналістаў зьвесткі, што беларускія памежнікі, міліцыянты з памежных раёнаў, а таксама супрацоўнікі КГБ нібыта атрымалі сакрэтныя інструкцыі аб незаконным пропуску празь мяжу мігрантаў з усходу. “На маю асабістую думку, яны не найлепшым чынам выканалі нейкую палітычную замову, якую я камэнтаваць не хачу”, — сказаў Сяргей Верашчак пра журналістаў польскага часопісу.

Пры гэтым супрацоўнік Савету бясьпекі Беларусі ня лічыць неабходным дамагацца пакараньня польскіх журналістаў праз суд.

(Верашчак: ) “Калі б быў сапраўдны паклёп, прыкладам, яны надрукавалі б нейкі фальшывы дакумэнт, варта было б падумаць і пра судовае пакараньне такіх дзеяньняў. Але гэта былі тыповыя плёткі ў жоўтым друку. Ім патрэбныя сэнсацыі, ня больш за тое. І чым ніжэйшы ўзровень выданьня, тым на горшыя хітрыкі яны ідуць, каб працягнуць увагу чытачоў”, — заявіў Радыё Свабода Сяргей Верашчак.

Паводле зьвестак з Камітэту памежных войскаў, за навагоднія сьвяты былі зафіксаваныя тры выпадкі спробаў незаконна перайсьці дзяржаўную мяжу, але ні ў водным зь іх не фігуравалі грамадзяне краінаў Азіі ці Афрыкі. Два парушальнікі — грамадзяне Беларусі, яшчэ адзін — расейскі чачэнец, які зь Літвы спрабаваў перабегчы ў Польшчу, але заблукаў у лесе і патрапіў у Беларусь.

Пра ягонае затрыманьне мне распавёў супрацоўнік прэсавай службы памежных войскаў Уладзімер Несьцяровіч, які навагоднюю ноч правёў у штабе. Паводле Несьцяровіча, вылучыліся памежнікі адной з заставаў гарадзенскага атраду:

(Несьцяровіч: ) “Асабовы склад ужо зьбіраўся сядаць за сьвяточны стол, але далі каманду “Застава, у ружжо!”, і яны ўсе падняліся. Дык вось за 12 хвілінаў да наступленьня Новага году ўжо на нашай тэрыторыі быў затрыманы грамадзянін. Дакумэнтаў у яго не было, толькі компас, нож і нататнік. А ўжо пасьля ён назваўся чачэнцам з Расеі”.

Уладзімер Несьцяровіч паведаміў, што за год гэта быў не адзіны выпадак, калі ўцекачы зь Літвы выпадкова трапляюць у Беларусь. Але часьцей затрымліваюць тых, хто ідзе на захад. Усяго беларускія памежнікі затрымалі за год крыху больш за тысячу парушальнікаў, у тым ліку некалькі соцень мігрантаў з Азіі й Афрыкі.

Цікава, што прадстаўнік Камітэту памежных войскаў Беларусі нават выказаў своесаблівую падзяку часопісу “Wprost” — “За тое, што часопіс паказаў гэтую праблему, я асабіста ім удзячыны. Сакрэтныя пляны, лічбы — гэта ўсё ў іх была бязглузьдзіца, але што праблема ёсьць, што яна становіцца больш сур’ёзнай і патрабуе вырашэньня — гэта так”, — лічыць прадстаўнік памежных войскаў Беларусі Ўладзімер Несьцяровіч.

Паводле яго, эўрапейскім структурам варта дапамагаць Беларусі ў вырашэньні гэтай праблемы хаця б на такім жа роўні, як дапамагаюць Польшчы. Пакуль яўная перавага аддаецца іншым краінам, лічыць Уладзімер Несьцяровіч.
XS
SM
MD
LG