Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ПІЦЕ Й БУДЗЬЦЕ ЗДАРОВЫЯ” – АМАЛЬ АФІЦЫЙНА ЗАЯЎЛЯЕ ГАЗЭТА INTERNATIONAL HERALD TRIBUNE


Юры Сьвірко, Прага

Трыццаць гадоў дасьледваньняў пераканала шмат якіх экспэртаў у карысьці ўмеранага спажываньня алькаголю для здароўя некаторых людзей. Адзін-два келіхі віна, піва ці лікёру ў дзень - гэта, кажуць экспэрты, часта адзіны найлепшы спосаб папярэдзіць сардэчныя ўдары (лепшы за нізкакалярыйную дыету або пахуданьне, лепшы, нават, за фізычныя практыкаваньні).

Умеранае піцьцё можа дапамагчы папярэдзіць параліч, ампутацыю рукі ці нагі, слабасьць розуму.

Аднак умеранае піцьцё таксама прыносіць некаторую рызыку для здароўя – напрыклад, крыху павялічвае рызыку раку грудзей у жанчын. А піцьцё няўмеранае суправаджаецца жахлівым шэрагам хваробаў і катастрофаў. Таму цяжка выпрацаваць нейкія рэкамэндацыі што да ўжываньня алькаголю.

Ці павінны асноўныя рэкамэндацыі наконт дыеты й ладу жыцьця пачаць заахвочваць умеранае піцьцё, якое вызначаюць як адзін-два бакалы алькагольных напояў на дзень? 30 гадоў таму гэтая ідэя так не спадабалася чыноўнікам сфэры аховы здароўя, што адпаведнае амэрыканскае фэдэральнае агенцтва спрабавала схаваць першыя зьвесткі пра пазытыўны эфэкт спажываньня алькаголю.

Цяпер, калі гэтыя зьвесткі даўно даступныя, тыя, хто вызначае палітыку ў галіне мэдыцыны, кажуць, што гэтая сфэра, бадай, адзіная, дзе агульныя рэкамэндацыі проста немажлівыя, і што асобныя дактары й пацыэнты мусяць прымаць уласныя рашэньні.

Плюсы малых дозаў алькаголю для сэрца відавочныя - пра гэта сьведчыць адно дасьледваньне за іншым. Ува ўсім сьвеце умераныя спажыўцы алькаголю маюць сэрцы больш здаровыя, чымсьці тыя, хто абмяжоўваецца выключна гарбатай. У першых менш сардэчных удараў ад блякаваньня артэрыяў.

У краінах кшталту ЗША, дзе хвароба сэрца зьяўляецца галоўнай прычынай сьмерці, гэта трансфармуецца ў параду дзеля выжываньня: умераныя спажыўцы алькаголю жывуць значна даўжэй за непітушчых.

“Навуковыя дадзеныя, якія падтрымліваюць абарончую ролю алькаголю, бясспрэчныя, ніхто ня ставіць іх больш пад сумнеў,” - кажа доктар Кёртыс Элісан, прафэсар мэдыцыны Бостанскага ўнівэрсытэту й дадае, што праведзеныя сотні дасьледваньняў, і ўсе яны пацьвярджаюць гэта.

У некаторых дасьледваньнях, зьвязаных з харчаваньнем, у рацыён лябараторных жывёлаў дадавалі алькаголь і потым выяўлялі, што іх каранарныя артэрыі менш звужаюцца, такім чынам зьмяншаючы верагоднасьць блякады артэрыяў. Людзі, якім давалі алькаголь некалькі месяцаў, таксама зьведалі зьмены, якія зьменшылі для іх рызыку сардэчных захворваньняў. Аднак найбольш уражваюць вынікі масавых дасьледаваньняў насельніцтва.

Дасьледваньне больш за 80 тысячаў амэрыканскіх жанчынаў паказала, што тыя зь іх, якія пілі ўмерана, мелі рызыку сардэчных удараў удвая меншую за тых, хто ня піў зусім – нават калі гэтыя непітушчыя былі хударлявыя, не палілі й штодзённа рабілі фізычныя практыкаваньні.

Умеранае піцьцё было гэткім жа добрым для сэрца, што й гадзіна практыкаваньняў кожны дзень. Адмова ад алькаголю была гэткай жа дрэннай, як і паталягічнае атлусьценьне.
Сярод тысячаў дацкіх мужчын сярэдняга ўзросту з высокім узроўнем халестэролу, умерана пітушчыя мелі рызыку разьвіцьця сардэчных захворваньняў ад блякады артэрыяў на 50 адсоткаў менш, чым непітушчыя.

А для больш як 100 тысячаў каліфарнійскіх дарослых умеранае піцьцё пасьля 40-гадовага ўзросту было зьвязанае са зьменшаным узроўнем сьмяротнасьці ў кожным наступным дзесяцігодзьдзі жыцьця.

Пасьля публікацыі першых вынікаў алькагольных дасьледваньняў некаторыя крытыкі казалі, што маглі быць схаваныя чыньнікі, якія ўплывалі на вынік: мажліва, умерана пітушчыя людзі былі проста больш здаровымі ўвогуле ці мелі лепшыя ўмовы для аховы здароўя.

Мажліва, тыя, хто ўстрымліваўся ад алькаголю, ведалі, што маюць сардэчнае захворваньне, і кінулі піць з гэтай прычыны. Але шмат дасьледаваньняў многіх тысячаў чалавек абвергнулі гэтую крытыку.
Дагэтуль спрэчным застаецца пытаньне, які алькаголь лепшы для сэрца – віно, піва ці моцныя напоі.

Чырвонае віно ўпершыню сталі назваць ратавальнікам жыцьця ў 1979 годзе, калі дасьледчыкі выявілі, што чым большае спажываньне віна ў краіне на кожнага жыхара, тым ніжэйшы ўзровень захворваньняў каранарных артэрыяў. Францыя займала адно з апошніх месцаў паводле гэтага захворваньня, у той час як Фінляндыя, Шатляндыя й ЗША, дзе жыхары спажывалі віна значна менш за французаў, мелі сардэчных харобаў у 4 разы больш.

Гэта стварыла вядомы “францускі парадокс” – хаця дыета французаў абцяжараная маслам, сырам, пячонкай ды іншымі крыніцамі жывёльных тлушчоў, сэрцы прадстаўнікоў гэтай нацыі адносна свабодныя ад блякады тлушчавымі ўтварэньнямі.

Аднак доктар Эрык Рым, прафэсар эпідэміялёгіі Гарвардзкага ўнівэрсытэту, кажа, што дадзеныя сьведчаць пра карыснасьць усіх трох відаў напояў.
XS
SM
MD
LG