Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯКІМ БЫЎ ПЕРШЫ ГОД ПАСЬЛЯ ЎВОДУ Ў АБАРАЧЭНЬНЕ НАЯЎНАГА ЭЎРА


Юры Дракахруст, Прага

Ня гледзячы на персьцярогі скептыкаў, новая эўрапейская валюта годна вытрымала выпрабаваньні першага году свайго існаваньня.
“Эўра выйшаў з цені даляру,” – канстатуюць экспэрты. Праўда, паводле іх назіраньня, справа тут ня столькі ў тым, што ўзмацніўся эўра, колькі ў аслабленьні даляру: курс амэрыканскай валюты зьнізіўся і адносна іншых валютаў сьвету, прынамсі, адносна японскай ены.

Прычын гэтаму шмат. Сярод іх – крызыс амэрыканскай эканомікі, карпаратыўныя скандалы, якія зьнізілі давер да амэрыканскіх каштоўных папераў. Аднак паводле адмыслоўцаў Эўропа перажывае ня меншы, калі ня большы, крызыс і таму гэтыя чыньнікі, магчыма, і ня самыя істотныя. Экспэрты лічаць ці не галоўным фактарам аслабленьня даляру перспэктыву вайны зь Іракам. Фінансісты адзначаюць, што калі гэтая вайна будзе зацяжною, то падзеньне даляру можа стаць яшчэ больш драматычным.

Нягледзячы на відавочныя посьпехі агульнаэўрапейскай валюты, стаўленьне да яе насельніцтва краінаў Эўразьвязу неадназначнае. Паводле дадзеных апытаньня агенцыі “Эўрабарометар”, 83% эўрапейцаў вінавацяць увядзеньне эўра ў сёлетнім скачку цэнаў. Пры грашовых рэформах што ў Беларусі, што ў Эўразьвязе цэны акругляюцца ў бок павелічэньня. Праўда, як той казаў, усё пазнаецца ў параўнаньні: самая высокая інфляцыя сярод краінаў Зьвязу была ў 2002 годзе ў Грэцыі – цэлых тры з паловаю адсоткі. У Беларусі без усялякіх грашовых рэформаў цэны ў мінулым годзе ўзрасьлі на 130%.

Аднак, як заўважыў прэзыдэнт Цэнтральнага банку Эўропы Вім Дызэнбэрг, скачок цэнаў ад увядзеньня эўра – праблема мінулага, а ня будучыні. Паводле дадзеных таго ж “Эўрабаромэтру”, 63% грамадзянаў краінаў Эўразьвязу захоўваюць станоўчае стаўленьне да новай валюты. Шмат людзей, зразумела, яшчэ сумуюць па старых добрых франку, марцы ці ліры. Але паступова людзі прызвычайваюцца да эўра, які, хаця, магчыма, і ня спраўдзіў спадзяваньні энтузіястаў эўраінтэграцыі, дык прынамсі абвергнуў і прагнозы скептыкаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG