Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КОЛЬКАСЬЦЬ ПРЫХІЛЬНІКАЎ ІНТЭГРАЦЫІ З РАСЕЯЙ ЗЬМЯНШАЕЦЦА


Юрыя Дракахруста, Прага

У сьнежні 31% апытаных заявілі, што гатовыя галасаваць за Аляксандра Лукашэнку на наступных прэзыдэнцкіх выбарах. Гэта на 3% больш, чым у леташнім верасьні і дакладна столькі ж, колькі ў красавіку. У параўнаньні з 2001 годам рэйтынг кіраўніка дзяржавы застаецца на адносна нізкім узроўні – тады ён істотна перавышаў 40%.

Тым ня менш падзеньне папулярнасьці Лукашэнкі, якое назіралася з канца 2001 году па восень 2002 году, напрыканцы леташняга году спынілася. У параўнаньні зь верасьнем падвысіліся і іншыя паказчыкі стаўленьня да кіраўніка дзяржавы: тры месяцы таму галасаваць за Лукашэнку, як за кіраўніка саюзу Беларусі і Расеі, былі гатовыя 15% апытаных, у сьнежні – 20%, у верасьні давер да кіраўніка дзяржавы выказвалі 36%, праз тры месяцы – 38%. Такім чынам зьмены ня надта значныя, але ўсе накіраваныя ў адзін бок, у бок павелічэньня папулярнасьці кіраўніка дзяржавы.

Сацыёлягі НІСЭПД пакуль не прыводзяць сваё тлумачэньне прычынаў гэтых ваганьняў. Ня выключана, што гэтыя прычыны палягаюць у павелічэньні сярэдніх заробкаў, пра якое пераможна рапартаваў урад. Паводле ацэнак міжнародных фінасавых арганізацыяў леташнія павелічэньні заробкаў могуць зрабіць дрэнны ўплыў на эканамічнае становішча ў будучыні, аднак у кароткатэрміновым пэрыядзе яны, безумоўна, павялічваюць сымпатыі да ўлады.

Другой прычынаю росту папулярнасьці маглі стаць агрэсіўныя паводзіны Лукашэнкі падчас беларуска-расейскага крызысу. Імідж моцнага лідэра, абаронцы сваіх людзей па-ранейшаму падабаецца значнай частцы насельніцтва. Дарэчы, у сьнежні сацыёлягі НІСЭПД зафіксавалі падзеньне колькасьці прыхільнікаў інтэграцыі з Расеяй. За аб’яднаньне Беларусі і Расеі ў адзіную дзяржаву выказаліся 22% апытаных, гэта самы нізкі паказчык з 1999 году. Паводле дадзеных сацыёлягаў леташні сьнежань стаў своеасаблівым паваротным пунктам, бо дагэтуль, пачынаючы з прыходу да ўлады ў Расеі Ўладзімера Пуціна, колькасьць прыхільнікаў інтэграцыі з Расеяй няўхільна падвышалася.

Прычынаю зьмены гэтай тэндэнцыі сацыёлягі лічаць паварот афіцыйных мэдыяў да незалежніцкай рыторыкі, які адбыўся летась.
Адмыслоўцы НІСЭПД зьвяртаюць увагу на тое, што гэты паварот найбольш істотна адбіўся на прыхільніках улады, на тых, хто прызвычаіўся сьвята верыць кожнаму слову “Панарамы” і “Советской Белоруссии”. Паводле дасьледаваньняў за апошнія 8 месяцаў доля незалежнікаў сярод перакананых прыхільнікаў Лукашэнкі павялічылася амаль у 4 разы.

Аднак у цэлым інтэграцыйныя настроі захоўваюцца на даволі высокім узроўні, прынамсі, сярод вырыянтаў інтэграцыі, прапанаваных Пуціным, 46% беларусаў выбралі інтэграцыю паводле ўзору Эўразьвязу, а 17% выказаліся за далучэньне Беларусі да Расеі.

Сьнежаньскае апытаньне НІСЭПД зафіксавала працяг тэндэнцыі, адзначанай летась усімі дасьледчыкамі – росту праэўрапейскіх настрояў. Калі ў верасьні прыхільнікаў далучэньня Беларусі да Эўразьвязу было 53%, напрыканцы году іх колькасьць павялічылася да 61%. Аднак параўнаньне гэтых вынікаў з папярэднімі паказвае, што добрая траціна беларусаў хочуць адначасна інтэгравацца і з Эўразьвязам, і з Расеяй.

XS
SM
MD
LG