Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ НЯ БУДЗЕ АНІВОДНАГА ВЫЦЬВЯРЭЗЬНІКА


Галіна Абакунчык, Менск

У калядную й навагоднюю ночы менскі выцьвярэзьнік працаваў напружана: занятымі былі ўсе 25 месцаў. У буйныя сьвяты гэтая спэцыфічная ўстанова не пустуе нават і ўдзень — кажуць яе супрацоўнікі Адзін з выпівохаў патрапіў сюды нават сёньня.

(Выпівоха:) “Мужыкі-і-і, ну дайце дамоў за-айці!”

Супрацоўнікі да апошняга дня спадзяваліся, што адзіны выцьвярэзьнік, у горадзе з насельніцтвам больш як паўтары мільёны чалавек, ня будзе скасаваны. Аднак сёньня яны атрымалі адпаведнае распараджэньне свайго кіраўніцтва, прычым — за два тыдні да закрыцьця, а не за месяц, як належыць паводле заканадаўства,— кажа намесьнік кіраўніка выцьвярэзьніку Дзьмітры Шаг.

Такім чынам, з 16 студзеня 18 супрацоўнікаў сыстэмы ўнутраных справаў будуць пераведзеныя на іншыя працоўныя месцы, а для 9-ёх вольнанаёмных мэдыкаў і тэхнічнага пэрсаналу паўстае пэрспэктыва беспрацоўя. Гаворыць фельчар Мікалай Гунько:

(Гунько: ) “Я ў выцьвярэзьніку працую 27 гадоў. Да пэнсіі засталося паўтары гады й цяпер трэба шукаць працу. А ў маім веку гэта ня так проста...”

Паводле словаў спадара Гунько, выпадкаў абмаражэньняў і нават сьмерцяў сярод выпівохаў цяпер значна падвысіцца. Больш частымі стануць і напады на нецьвярозых людзей,— перакананы інспэктар выцьвярэзьніку Мікалай Чэкан:

(Чэкан: ) “Кепска будзе. Аднак жа знойдуць нейкія формы й мэтады, куды іх накіроўваць”.

Міліцыянты кажуць, што выцьвярэзьнік зачыняюць з прычыны нерэнтабэльнасьці, бо бальшыня кліентаў установы — беспрацоўныя. І цяпер іх будуць дастаўляць у спэцыялізаваныя аддзелы шпіталю хуткай дапамогі ды іншых шпіталяў Менску.

Аднак у шпіталі хуткай дапамогі пра новаўводзіны нічога ня ведаюць. Гаворыць намесьніца галоўнага лекара Эла Крупень:

(Крупень: ) “У нас жа не прытулак, каб зьбіраць гэтых людзей і даваць ім спаць. У нас абсалютна іншыя клопаты, мы павінныя дапамагаць хворым. Мы ж ня ўстане абняць неабдымнае. Я думаю, што тут мусяць быць нейкія дадатковыя тлумачэньні. Мы іх пакуль не атрымоўвалі”.

Такім чынам, сталічная адміністрацыя — па прыкладу некаторых расейскіх рэгіёнаў — пакідае Менск адзіным буйным у Беларусі горадам без свайго выцьвярэзьніку. Аднак неўзабаве пасьля закрыцьця, расейцы свае выцьвярэзьнікі адчынілі зноў...
XS
SM
MD
LG