Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЎРАЗЬВЯЗ ЧАКАЕ АД АФІЦЫЙНАГА МЕНСКУ БОЛЬШАГА


Аляксей Знаткевіч, Менск

Напрыканцы мінулага году АБСЭ і Беларусь дамовіліся пра аднаўленьне працы місіі АБСЭ ў Менску са зьмененым мандатам. Ці паўплывае гэты кампраміс на стасункі паміж Беларусьсю і Эўразьвязам? Наш карэспандэнт зьвярнуўся па камэнтар да Крысьціны Галяк, прэсавай сакратаркі каардынатара замежных справаў Эўразьвязу Хавіера Саляны.

(Галяк: ) “Гэта без сумневу пазытыўна паўплывае на дачыненьні паміж Эўразьвязам і Беларусьсю, яе кіраўніцтвам. Але Эўразьвяз чакае большага ад афіцыйнага Менску. Эўразьвяз хоча, каб офіс АБСЭ быў ня проста зноўку адчынены, але каб Беларусь актыўна супрацоўнічала з АБСЭ і зь іншымі міжнароднымі арганізацыямі. У мінулыя месяцы Эўразьвяз даслаў вельмі ясныя сыгналы афіцыйнаму Менску пра тое, што існуе вялікая заклапочанасьць стаўленьнем беларускіх уладаў да правоў чалавека, да свабоды слова і да апазыцыі. Таму стасункі паміж Эўразьвязам і Беларусьсю без сумневу сур’ёзна зьменяцца тады, калі беларускія ўлады зробяцца больш адкрытымі й зьменяць свае падыходы ў гэтых сфэрах”.

Я запытаўся ў спадарыні Галяк, ці будуць цяпер краіны Эўразьвязу пераглядаць забарону на ўезд для беларускага кіраўніцтва...

(Галяк: ) “Міністры краінаў Эўразьвязу сустрэнуцца праз два тыдні ў Брусэлі і абмяркуюць, ці дасягнулі беларускія ўлады прагрэсу ў дачыненьнях з АБСЭ, ці ёсьць намаганьні для супрацоўніцтва зь міжнароднымі арганізацыямі, а таксама — ці ёсьць прагрэс у адносінах да апазыцыі, да свабоды слова, да палітычных свабодаў у Беларусі. Таму ацэнка будзе рабіцца, сыходзячы з прагрэсу ў сфэрах, якія я ўзгадала”.

А вось што прадстаўніца Эўразьвязу адказала на пытаньне, ці могуць беларускія кіраўнікі зноўку стаць “уязнымі”, дзякуючы толькі аднаўленьню прадстаўніцтва АБСЭ ў Менску?

(Галяк: ) “Я не сумняюся, што міністры пажадаюць убачыць больш шырокую карціну прагрэсу з боку беларускіх уладаў. Натуральна, аднаўленьне місіі АБСЭ вельмі важнае, бо гэта была адна з ключавых прычынаў для рашэньня міністраў краінаў Эўразьвязу.

Але мы спадзяемся, мы чакаем, што пацяпленьне стасункаў афіцыйнага Менску з АБСЭ паўплывае на іншыя аспэкты палітычнага жыцьця ў краіне. Таму мы жадалі б пабачыць больш шырокі прагрэс у іншых сфэрах, а ня толькі аднаўленьне офіса АБСЭ”, — сказала Крысьціна Галяк, прэсавая сакратарка каардынатара замежных справаў Эўразьвязу Хавіера Саляны.

Прыкладна з такім жа меркаваньнем выступіў і амбасадар ЗША ў АБСЭ Стэфан Мінікес. Выступаючы напярэдадні новага году на паседжаньні Сталай рады АБСЭ ў Вене, спадар Мінікес вітаў пагадненьне паміж АБСЭ і Беларусьсю. Ён, аднак, падкрэсьліў, што гэта толькі першы крок, а сапраўдны прагрэс будзе залежаць ад далейшага супрацоўніцтва беларускіх уладаў і ад павагі да працы офіса АБСЭ ў Менску.

XS
SM
MD
LG