Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВАЛЕРЫ ШЧУКІН ПЕРАМОГ ПОЛАЦКІХ ЧЫНОЎНІКАЎ


Уладзімер Глод, Менск

Дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Валеры Шчукін усё ж будзе ўдзельнічаць у мясцовых выбарах...

(Шчукін: ) “Абласная камісія зрабіла мне навагодні падарунак — зарэгістравала маю ініцыятыўную групу. Сёньня, 2 студзеня, мне выдалі падпісныя лісты й пасьведчаньне. Я праінструктараваў сябраў групы, і яны пайшлі зьбіраць подпісы”.

Спадар Шчукін мог стаць ахвяраю перасьцярогі полацкіх чыноўнікаў. Новы Грамадзянскі кодэкс тлумачыць, што цяпер у Беларусі жыхарства вызначаецца не па месцы прапіскі, а па месцы пераважнага пражываньня. Але Полацкая выбарчая камісія вырашыла, што кандыдат у дэпутаты Шчукін можа вылучацца толькі ў Менску. Не дапамагло й тое, што ў Вярхоўны Савет ён абраны менавіта ў Полацкай акрузе, і тое, што апошнія шэсьць гадоў ён праводзіць тут больш часу, чым у сталіцы.

Згодна з законам, Валеры Шчукін накіраваў скаргу ў Віцебскую абласную выбарчую камісію, якая ўрэшце адмяніла рашэньне полацкіх чыноўнікаў.

Сакратар Цэнтравыбаркамы Мікалай Лазавік сьцьвярджае, што адмоваў у рэгістрацыі ініцыятыўных групаў амаль не было:

(Лазавік: ) “Ды адмоваў там — адзінкі. Па ўсёй рэспубліцы літаральна на пальцах можна падлічыць. Не змаглі некаторыя правільна запоўніць заявы...”

Спадар Лазавік назваў наступныя лічбы: на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў у вабласныя й менскі гарадзкі саветы паступіла 605 заявак, задаволеныя — 600. У гарадох абласнога падпарадкаваньня, такіх, як, напрыклад, Бабруйск, Ліда, Маладэчна, было 638 ахвотных зарэгістраваць свае групы. Адмовілі шасьцём.

У Менску, як мы ўжо паведамлялі, зарэгістраваныя ўсе 235 ініцыятыўных групаў. 93 зь іх належаць партыйцам. Адметна, што ў сталіцы ў лідэрах прадстаўнікі БНФ (21 асоба), АГП (20) і ПКБ (16).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG