Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЕНЧУКІ НЯ ВЕРАЦЬ У ПЕРАМЕНЫ Ў НОВЫМ ГОДЗЕ


Галіна Абакунчык, Менск

Вельмі многія сярод апытаных сёньня менчукоў заявілі, што ўсе спадзяваньні на лепшае жыцьцё ў новым годзе ўскладаюць выключна на сябе. А таксама, што нічога новага й лепшага ў жыцьці краіны не чакаюць.

(Карэспандэнтка: ) “Якія спадзяваньні ўскладаеце й чаго чакаеце ад 2003 году?”

(Спадар: ) “Нічога, абсалютна. Дасьць Бог здароўя год пражыць — вось і добра”.

(Спадарыня: ) “Вось толькі з царквы выйшла: малілася за свайго сына, бо ён мае праблемы. Спадзяюся, што ў гэтым годзе ўсё будзе добра”.

(Спадарыня: ) “Мару за мяжу паехаць. Грошы буду зарабляць у той краіне, каб жыць у гэтай. Тут гэта немагчыма”.

(Спадарыня: ) “Спадзяюся на ўнукаў: яны добра вучацца, можа ў іх што будзе лепш... Але мы прызвычаіліся ўсё жыцьцё жыць надзеяй, састарэлі ўжо, а ўсё спадзяёмся. Можа калі й будзе тая надзея”.

Сёй-той з маіх суразмоўцаў выказваўся больш аптымістычна. Яны жывуць надзеяй на паляпшэньне палітычных і эканамічных варункаў у краіне, а значыць, і ў сваім жыцьці асабіста...

(Карэспандэнтка: ) “Чаго чакаеце ад 2003 году?”

(Спадарыня: ) “Вельмі хацелася б, каб нашая эканоміка павярнулася ў лепшы бок. Каб людзі працавалі й мелі ад гэтага карысьць. Каб прадпрымальніцтва разьвівалася ды іх гэтак не душылі”.

(Спадарыня: ) “Кіраўніцтва краіны зьмяніць хацелася б...”

(Спадар: ) “Каб узровень культурны і эканамічны вырасьлі”.

(Спадарыня: ) “Я жадаю, каб нашая краіны стала моцна на ногі палітычна і эканамічна. Бо ў нас цяпер вельмі добрыя пажаданьні, яле яны мала выконваюцца”.

(Спадарыня: ) “Мяркую, што яшчэ пару гадоў ніякіх спадзяваньняў быць ня можа з нашым кіраўніцтвам. Ну, ня ўмеюць яны... Што ты зробіш?”

(Спадар: ) “Калі браць за прыкметы ўсходні каляндар і казу, то каза мае вялікае значэньне ў жыцьці беларусаў. Гэта й калядная каза, і каза, якая дапамагала проста выжываць людзям у цяжкія часы. Мая бабулька падчас вайны набыла казу й гэтая жывёліна выратавала сям’ю ад галоднай сьмерці”.
XS
SM
MD
LG