Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“СВАБОДА” – 2003: НОВЫЯ ГАЛАСЫ, НОВЫЯ ПЕРАДАЧЫ, НЯЗЬМЕННАЯ СВАБОДА


Гутарыў Сяргей Абламейка


(Вядучы: ) “Што новага пачуюць слухачы ў 2003 годзе?”

(Лукашук: ) “Мы па-ранейшаму будзем прыкладаць усе намаганьні, каб слухачы атрымлівалі сьвежую, поўную і аб”ектыўную інфармацыю пра падзеі ў Беларусі і сьвеце – апэратыўна, дакладана, па-беларуску, з гарадоў, мястэчак, вёсак, сталіцаў Эўропы і Амэрыкі – адусюль, дзе будуць адбывацца падзеі, важныя для Беларусі і сьвету.

Калі гаварыць пра новыя праграмы ў 2003 годзе – перш за ўсё, гэта “Маладыя галасы”. Ужо некалькі гадоў мы маем сталую штодзённую перадачу ў эфіры. У 1999 годзе гэта была праграма “Слоўнік “Свабоды”, у 2000-м – “Галасы стагодзьдзя”, калі людзі ўспаміналі пра найбольш яркія моманты ў сваім жыцьці, у 2001 годзе пад музыку Джузэпэ Вэрдзі гучаў “Верш на Свабоду”. У 2002-м кожны дзень напрыканцы першай гадзіны выходзіла ў эфір “Мэлёдыя дня”. І вось ад 1 студзеня 2003 году першую гадзіну эфіру будзе завяршаць перадача “Маладыя галасы”. Маладыя людзі – студэнты і салдаты, настаўніцы і прадпрымальнікі, інваліды, сьвятары, мэдыкі будуць адказваць на тры пытаньні: “Ці задаволеныя яны сваім жыцьцём і чаму, якую адну рэч хацелі б зьмяніць, якую параду могуць даць слухачам, як быць шчасьлівым у Беларусі.”

(Вядучы: ) “Аляксандар, я пераб’ю -- а як бы адказаў на гэтыя пытаньні сам дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода?”

(Лукашук: ) “Адкажу вельмі коратка на апошняе пытаньне – і ў Беларусі, і паўсюль у сьвеце для гэтага перш за ўсё трэба быць свабодным. Слухачы могуць разьлічваць, што свабода, яе філязофскія, практычныя, паэтычныя, нават турэмныя абліччы па-ранейшаму застаюцца ў сэрцы нашай рэдакцыйнай палітыкі.

Новую перадачу “Маладыя галасы”, пра якую мы гаварылі, адкрывае голас зусім малады, але які належыць чалавеку, што ўжо зрабіў выбар. Гераіне нашых рэпартажаў Машы Каральковай, школьніцы з Горак, 11 гадоў. Яна апынулася па-за школай, бо хоча вучыцца на беларускай мове. Дзяўчына хоча стаць мастачкай, адкрыць прытулак для катоў і сабак, і кажа што Беларусь будзе такой, якой зробяць яе самі беларусы.

Гэтая праграма будзе выходзіцьу адмысловай музычнай абалонцы – кожны дзень будзе гучаць музыка маладых, найбольш папулярная ў сучасным сьвеце, у тым ліку беларуская музыка. Летась першая гадзіна эфіру заканчвалася беларускай “Мэлёдыяй дня”, якую прадстаўляў Дзьмітры Падбярэзскі. У 2003 годзе мы працягваем традыцыю музычнага завяршэньня нашай першай гадзіны. Штодня слухачы змогуць пачуць музычны твор са сьпісу самых новых поп-рок-кантры і традыцыйных запісаў Амэрыкі ды Эуропы, падрыхтаваны кампаніямі Vanguard і EuroXclusive. Калі-некалі мы адступім ад гэтае формулы і запрапануем нешта зусім неспадзяванае”.

(Вядучы: ) “Такім чынам, музыка будзе заўсёды суправаджаць перадачу “Маладыя галасы”. Спадзяемся, перадача можа стаць і сацыялягічным апытаньнем новага пакаленьня, якое вызначыць лёс краіны ў сярэдзіне 21 стагодзьдзя. Што яшчэ новага зьявіцца на хвалях беларускай Свабоды?”

(Лукашук: ) “У 2003-м у эфіры зьявяцца эсэ – не зусім клясычныя, не зусім сур’ёзныя, але пра даволі істотныя рэчы: як сёньня ў Беларусі кахаюць, падарожнічаюць, як ставяцца да начальства, ці як зь кітайцамі сябруюць – такую тэму прапанаваў, напрыклад, Уладзімір Арлоў, адзін з аўтараў канцэпцыі перадачы. Вядомыя і маладыя пісьменьнікі паспрабуцюць у формэ вясёлых эсэ праналізаваць некаторыя рысы жыцьця на пачатку новага стагодзьдзя. Я зь цікавасьцю пазнаёміўся з дыскусіяй, якую выклікала сама ідэя перадачы ў беларускіх літаратараў на Інтэрнэце—ад катэгарычнага непрыняцьця (перадача шкодная і абразіць годнасьць беларусаў) да стварэньня гатовых тэкстаў для эфіру, нават без нашай замовы. Рэдактарам парграмы будзе Валянціна Аксак, якая была рэдактарам праграмы “Верш на Свабоду”, вось як яна сама прадстаўляе новую перадачу.

(Аксак: ) “А ў нас усё ня так як у людзей, – кажуць пра сябе беларусы, – у посную пятніцу шлюб бярэм, а ў сьвятую нядзельку ніву арэм. І не зразумела, пацяшаюцца яны з гэтага свайго “ня так”, пацьвельваюцца з таго, ці шкадуюць пра тое. Мусі быць і тое, і другое, і трэцяе пачуцьцё агортвае іх у адначасьсе пры тых расповядах пра свае дзівацтвы, бо да зьменаў ня надта намагаюцца. Як і сто гадоў таму – у царкве на Каляды беларусы плачуць, а на могілках на Радаўніцу скачуць. Але ж некалі беларусы будуць, як і ўсё людзі: працаваць, а не рабіць выгляд, што працуюць; грошы плаціць работнікам таму, што тыя гэтыя грошы сапраўды зарабілі, а не таму, што прэзыдэнт сказаў выдаць заробкі; прэзыдэнта паважаць за тое, што ён заслужыў гэтую павагу, а не таму, што баяцца. А на памяць пра час, калі штосьці тут было “ня так”, застануцца вясёлыя эсэ пра дзівосную краіну Беларусь, якія будуць гучаць на хвалях Радыё Свабода.“

(Лукашук: ) “І яшчэ адну праграму –“Невядомая БНР”, да 85-х угодкаў Беларускай Народнай рэспублікі, таксама прадставіць аўтар, Сяргей Шупа:

(Шупа: ) “Беларуская нацыянальная рэвалюцыя пачатку ХХ стагодзьдзя ня стала тэмай бэстсэлераў, кінабаевікоў, фальклёру. Яе ўдзельнікі для бальшыні з нас – усяго толькі прозьвішчы з гістарычных манаграфіяў і прапагандысцкай літаратуры. Мы разгонем старонкі ненапісаных раманаў беларускай гісторыі. Жывыя падзеі на франтах і ў кулюарах улады, у кавярнях і казіно, на дыпляматычных прыёмах і ў партызанскіх лясох – скарбы забытай гісторыі у перадачы “Невядомая БНР”.

(Вядучы: ) “Дадам, наш калега Сяргей Шупа -- аўтар двухтомнага выданьня “Архівы БНР”, якое было адзначана прэміяй Беларускага Пэн-цэнтру. Новая перадача будзе выходзіць у эфір у студзені, лютым і завершыцца ў сакавіку, да 85 гадавіны ўтварэньня БНР. Што яшчэ зьменіцца ў праграме?

(Лукашук: ) “Усе тайны выдаваць ня варта, скажу толькі, што нечаканасьці будуць. Мы працягнем, спадзяюся, выдавецкую дзейнасьць – у 2002 годзе пабачылі сьвет дзьве кнігі паводле нашых перадачаў, “Верш на Свабоду” і “Дарога праз Курапаты”. Плянуем новыя выданьні – некаторыя перадачы апошніх гадоў сталі арыгінальнымі зьявамі у беларускай культуры, гісторыі, і слухачы хацелі б мець іх у выглядзе кнігі, да якой можна заўсёды зьвярнуцца. Памяняецца Інтэрнэт- старонка. Зьменіцца ня толькі дызайн і рубрыкі, але сайт стане больш актыўным. Напрыклад, будзем рэгулярна праводзіць он-ляйнавыя прэс-канфэрэнцыі зь вядомымі асобамі. Зараз у Прагу пераехаў Васіль Быкаў, і ён ласкава пагадзіўся адказаць на пытаньні слухачоў і чытачоў “Свабоды”. Плянуем даць нашай аўдыторыі магчымасьць задаць пытаньні старшыні Рады БНР Івонцы Сурвілле, іншым вядомым асобам беларускага замежжа.

І яшчэ колькі словаў пра адну новую перадачу. У траўні 1954 году ў эфіры упершыню прагучалі пазыўныя радыё “Вызваленьне”, якое пазьней стала называцца Радыё Свабода. Мы рыхтуемся да юбілея і ў траўні 2003 года выйдзе ў эфір першая перадача новага гістарычнага цыклю. Слухачы пазнаёмяцца з унікальнымі архіўнымі запісамі, з асобамі заснавальнікаў і першых супрацоўнікаў беларускай службы, іхнымі лёсамі. Можна будзе адчуць смак часу – узоры савецкай афіцыйнай прапаганды, у тым ліку выказваньні пра Радыё Свабода, прагучаць успаміны былых супрацоўнікаў і тых, хто незважаючы на глушылкі, на небясьпеку і пагрозы настройваў свае кароткахвалевыя прыймачы на частоты “Свабоды” ў пошуках інфармацыі без цэнзуры, гісторыі без прабелаў, ідэяў без межаў, -- сяго таго, што робіць чалавека свабодным.

XS
SM
MD
LG