Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЕРАСЬЛЕД АПАЗЫЦЫІ Ў ТУРКМЭНІСТАНЕ. ШМАТЛІКІЯ ПРАЦОЎНЫЯ Ў СВАІХ ЛІСТАХ ПРОСЯЦЬ УВЕСЬЦІ СЬМЯРОТНАЕ ПАКАРАНЬНЕ


Віталь Тарас, Прага


Напярэдадні Вярхоўны суд краіны вынес абвінавачаным максымальны тэрмін пакараньня, прадугледжаны крымінальным кодэксам – 25 год. Аднак на паседжаньні Народнай Рады -- вышэйшага прадстаўнічага воргану ўлады Туркмэністану прэзыдэнт Сапармурат Ніязаў заявіў: “Трэба даць пажыцьцёвае зьняволеньне Шыхмурадаву, Ханамаву, Аразаву”.

Худайберды Аразаў узначальваў раней нацыянальны банк Туркмэністану, Нурмухамед Ханамаў быў паслом у Турэччыне. На паседжаньні Народнай рады ў наўпроставым эфіры дэманстравалася прызнаньне Шыхмурадава, якое ўпершыню было паказанае па тэлебачаньні ў нядзелю.

(Шыхмурадаў: ) “Мы, жывучы ў Расеі, займаліся ўжываньнем наркотыкаў і ў стане ап’яненьня займаліся падрыхтоўкай людзей, вэрбавалі наёмнікаў для зьдзяйсьненьня тэрарыстычнага акту. Мы, ўступіўшы ў злачынную змову, давалі розныя абяцаньні тым, хто пагодзіцца выканаць нашыя даручэньні – а менавіта, дэстабілізаваць становішча ў Туркмэністане, падарваць канстытуцыйны лад і зрабіць замах на жыцьцё прэзыдэнта Туркмэністану”.

Усяго некалькі дзён таму Шыхмурадаў добраахвотна здаўся ўладам Туркмэністану, каб спыніць павальныя арышты невінаватых людзей. У Туркмэністане няма сьмяротнага пакараньня, аднак цягам апошніх дзён туркмэнскія СМІ публікавалі шматлікія лісты працоўных, у якіх тыя патрабавалі сьмерці “здраднікам” і “ворагам народу”.

XS
SM
MD
LG