Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АСНОЎНЫЯ ПАДЗЕІ 2002 ГОДУ Ў БЕЛАРУСІ – КУРАПАТЫ, ЗЬНІКЛЫЯ, ГАНДАЛЬ ЗБРОЯЙ, РЭЛІГІЯ, ЭКАНОМІКА, КУЛЬТУРА... ГОД У ГАЛАСАХ.


Ул. інф.

Правы чалавека. Тэма абароны Курапатаў была адной з галоўных тэмаў у нашым эфіры 2002-га году. Вахта памяці пачалася ў папярэднім – 20-га верасьня 2001 году, не спынялася і ў навагоднюю ноч 2002-га, з Курапатаў тады прагучаў рэпартаж на Свабодзе...

(Голас абаронцы: ) “Ноч прайшла нармалёва. Ціха і спакойна. Ну, амапаўцы прыехалі, павіталіся, павіншавалі з Новым годам. Я таксама іх павіншаваў”.

У 2002 годзе працягваліся расьсьледаваньні справаў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага. Сьледчыя ня здолелі высьветліць, хто вінаваты ў зьнікненьніх гэтых людзей. Даведзеная да суду была толькі справа зьніклага апэратара ОРТ Дзьмітрыя Завадзкага.

Суд прызнаў вінаватым ў ягоным выкраданьні былога супрацоўніка спэцслужбаў Валерыя Ігнатовіча і яшчэ 3 суўдзельнікаў, аднак пры гэтым далейшы лёс Завадзкага застаўся невядомым. Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы стварыла адмысловую камісію ў справе зьніклых у Беларусі. Яе ачоліў вядомы праваабаронца Сяргей Кавалёў. А Ірына Красоўская кажа, што амаль не спадзяецца убачыць мужа жывым:

(І. Красоўская:) "Я хачу ведаць, што зь ім зрабілі. Ёсьць людзі, якія павінны адказаць за тое, што адбылося, таму што любое непакаранае злачынства вядзе да больш цяжкіх злачынстваў. І магчыма тое, што мы зрабілі ў гэтым годзе звязанае з тым, што больш вядомыя людзі не зьнікалі ў нашай краіне."

Беларускія ўлады прыцягвалі запалохваць і дыскрэдытаваць лідэраў апазыцыі. Тэлебачаньне паказвала сюжэты, дзе прадстаўнікі апазыцыі нібыта кантактавалі з кадравымі разьведчыкамі Захаду, іх арыштоўвалі ў часе акцыяў і кідалі за краты. Кіраўініка Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку без тлумачэньня выклікалі на допыт у КГБ, калі палітык выйшаў з амэрыканскай амбасады:”

(А. Лябедзька: ) “Лукашэнка неяк заяўляў, што беларуская апазыцыя – гэта тая істота, якую ён гатовы насіць на руках. З аднаго боку, мяне на некалькі хвілінаў загналі ў сытуацыю, якую адчувалі Віктар Ганчар і Юры Захаранка, але з пункту гледжаньня пэрспэктывы далейшай, я думаю, што гэта якраз павінна надаваць моцы”.

У верасьні ў высылку паехалі журналісты гарадзенскай газэты Пагоня, асуджаныя да абмежаваньня волі за нібыта паклёп на Аляксандра Лукашэнку. Мікола Маркевіч адбывае пакараньне ў Асіповічах, Павал Мажэйка – у Жлобіне.

(М. Маркевіч: ) “Дзяжурны па ўстанове капітан Цымбарэвіч зычным голасам абвесьціў мне нарад: Маркевіч! Калідор!”

(П. Мажэйка: ) “Пэрыяд амністыі заканчваецца, у Новым годзе тут чакаюць рэзкага папаўненьня. Я са сваімі трыма месяцамі лічуся ледзь не вэтэранам”.

У сьнежні паехаў адбываць пакараньне ў Баранавічах рэдактар газэты Рабочы Віктар Івашкевіч, які плянуе спалучыць перабываньне ў няволі з палітычнай дзейнасьцю…

2002 год стаў надзвычай цяжкім для беларускіх мэдыяў – супраць “Белорусской деловой газеты”, закрыцьцё і ліквідацыя газэтаў “Свободные новости”, “Местное время”, “Нашай Свабоды”. За гісторыю праўленьня Лукашэнкі тры газэты рэдактара Паўла Жука былі ліквідаваныя – “Свабода”, “Навіны”, “Наша Свабода”:

(П. Жук: ) “Гэта быў год страчаных ілюзіяў. Закрыцьцё газэтаў, турэмныя тэрміны для журналістаў проста паказалі, што нас баяцца, што мы нешта робім”.

Замежная палітыка. У 2002-м годзе зь Беларусі зьехаў апошні дыплямат зь місіі АБСЭ. Улады краіны абвінавачвалі прадстаўнікоў АБСЭ ў падрыўной дзейнасьці. Перамовы ў Вене скончыліся пагадненьнем пра адкрыцьцё офісу АБСЭ. КНГ сваё існаваньне скончыла.

У Чэрвені рапачалася вострая палеміка паміж прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным і Аляксандрам Лукашэнкам адносна пабудовы саюзнай дзяржавы. Уладзімір Пуцін прапанаваў Беларусі ўвайсьці ў склад Расеі. У жніўні Аляксандар Лукашэнка абрынуўся на расейскае кіраўніцтва Расеі.

(А. Лукашэнка: ) “Нам сёньня кіраўніцтва Расеі ўносіць заведама непрыемную прапанову. Зьневажальнага характару. Нават Ленін ды Сталін не даўмеліся б да таго, каб раздрабіць Беларусь і ўключыць яе ў склад Расеі ці СССР”.

У беларуска-расейскіх дачыненьнях пачаўся пэрыяд ахалоджваньня, прычым і ў непасрэдным сэнсе гэтага слова. Напачатку зімовага сэзону Газпрам рэзка скараціў пастаўкі паліва ў Беларусь і пасьля беларускі прэм’ер Навіцкі быў змушаны тлумачыцца ў расейскай сталіцы адносна выказваньняў Лукашэнкі. Расея займае ўсяго 8-е месца сярод замежных інвэстараў у Беларусі.

У сярэдзіне лістападу ў Вашынгтоне адбылася канфэрэнцыя “Ланцуг зла: Беларусь – прапушчанае зьвяно”. Цэнтральнае месца на ёй заняў даклад сэнатара –рэспубліканца Джона Маккейна, які быў адным з прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкую пасаду на мінулых выбарах у ЗША. На самым пачатку выступу сэнатар канстатаваў, што “Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ня можа доўга існаваць у сьвеце з ЗША і Расеяй”.

У лютым Беларусь наведала дэлегацыя амэрыканскіх кангрэсмэнаў з мэтай высьветліць акалічнасьці продажу зброі дзяржавам і групоўкам, што падтрымліваюць міжнародны тэрарызм. Лідэры апазыцыі скептычна паставіліся да заяваў афіцыйнага Менску, які адрынае незаконны гандаль зброяй:

(В. Вячорка: ) “Ніхто ня ведае, зь кім рэальна Беларусь гандлюе і каму ідуць узбраенне, боепрыпасы — альбо вырабленыя ў нас альбо прывезеныя да нас — скажам, з той жа самай Расеі”.

Пазьней тэма супрацоўніцтва Беларусі з рэжымам Садама Хусэйна ў галіне вайсковых тэхналёгіяў абышла вядучыя газэты сьвету.

Культура і палітыка. У красавіку, паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі быў створаны выдавецкі гольдынг “Літаратура і мастацтва”, які аб’яднаў рэдакцыі часопісаў “Маладосьць”, “Нёман“, Крыніца і “Полымя” і тыднёвіка “Літаратура і мастацтва”.

Адбылася замена ўсіх галоўных рэдактараў гэтых выданьняў на больш ляяльных да ўлады. На знак пратэсту большасьць супрацоўнікаў рэдакцыяў звольніліся з працы. Месца галоўнага рэдактара Нёмана Алеся Жука заняла рэдатарка адыёзнай рэлігійнай праграмы Дзяржаўнага радыё Ніна Чайка

Пісьменьнік Янка Брыль так адгукнуўся на гэтую падзею

(Я. Брыль: ) “Я не хачу друкавацца ў гэтых часопісах, каторыя будуць рэдагаваць гэтыя людзі. Замест выдатнага пісьменьніка Алеся Жука, у самы цяжкі пэрыяд яго жыцьця, прыходзіць крыклівая, візглівая баба й крычыць, што яна рэдактар”.

На пачатку траўня Сяргей Законьнікаў, які на той момант заставаўся галоўным рэдактарам Полымя заявіў на сумеснай прэсавай канфэрэнцыі:

(С. Законьнікаў: ) “Гэта ўжо, мае дарагія, мінулы дзень. А цяпер трэба ствараць новае, незалежнае літаратурнае выданьне”.


Празь некалькі месяцаў у Беларусі пачаў выходзіць літаратурны часопіс “Дзеяслоў”. У Польшчы выдаецца беларускі часопіс “Правінцыя”.


11 сьнежня Васіль Быкаў прыехаў разам з жонкай у Прагу. Пісьменьніка запрасіў асабіста чэскі прэзыдэнт Вацлаў Гавэл на знак пашаны да беларускага пісьменьніка й грамадзяніна. Васіль Быкаў атрымаў бестэрміновую візу на пражываньне ў Чэхіі.

(В. Быкаў: ) “У Чэхію я прабіўся акружным шляхам. Празь іншыя землі і народы. Таксама неблагія. Зь вялікай культурай”,


Эканоміка. 1-га верасьня беларускія прадпрымальнікі абвесьцілі бестэрміновы страйк. У акцыі пратэсту ўзялі ўдзел па розных падліках каля 200 тысячаў дробных гандляроў. Не працавалі буйныя кірмашы краіны, гандлёвыя пункты, краіна недаатрымала мільёны даляраў падаткаў. Прадпрымальнікі заявілі, што ад эканамічных яны пяройдуць да палітычных патрабаваньняў:

(Галасы прадпрымальнікаў: ) «Гэта йдзе акцыя пратэсту супраць таго нахабства, таго, што з намі адбываецца. Ідуць бясконцыя вымаганьні.

У мяне жонка таксама прадпрымальнік. Яна пайшла ў фонд сацыяльнай абароны, ёй сказалі – вы чалавек другога гатунку. Вы – прадпрымальнік».

У 2002 м замежныя інвэстары абвяшчалі пра істотнае абмежаваньне сваёй прысутнасьці на беларускім рынку. Безвынікова завяршае год піваварная кампанія “Балтыка”: менская “Крыніца” так і не правяла эмісі акцыяў. Адмоўны адказ з боку беларускага ўраду атрымаў швэдскі канцэрн ІКЕА. Не атрымала дазволу на будаўніцтва заводу для вытворчасьці распушчальных булённых кубікаў гішпанская Gallina Blanca. Але “пік сэзону” — рашэньне Менскага гарвыканкаму скасаваць у аднабаковым парадку дамову з амэрыканскай сеткай рэстарацыяў “Макдональдс”, што на прывакзальнай плошчы ў сталіцы. Камэнтуе віцэ-прэзыдэнт Саюзу прадпрымальнікаў Міхаіл Шавельзон.

(М. Шавэльзон: ) “Вось якая праблема. Дзярждэпартамэнт ЗША не рэкамэндуе сваім бізнэсоўцам браць удзел у беларускіх праектах. Менавіта таму так усё і адбываецца”.

Рэлігія. Аляксандар Лукашэнка, які падчас візыту Яна Паўла другога ў Польшчу ўвесну даваў зразумець, што ня супраць таго, каб прыняць Папу Рымскага і ў сябе, увосень падпісаў дыскрымінацыйны Закон аб веравызнаньні. А пры канцы году Лукашэнка паабяцаў падпісаць дамову паміж дзяржаўай і Беларускай праваслаўнай царквой.

Некалькі тысяч каталікоў зь Беларусі ўдзельнічалі сёлета ў паломніцтве ў Польшчу падчас прыезду туды Папы Рымскага Яна Паўла другога. Падчас імшы ў Кракаве, дзе сабраліся пад адкрытым небам каля мільёну вернікаў з розных краінаў сьветк Пара Рымскі вітаў сярод іх і беларусаў”.

24 кастрычніка група чачэнцаў захапіла будынак тэатральнага цэнтру ў Маскве. У выніку штурму будынку расейскім спэцназам загінулі больш за 120 чалавек, сярод іх - грамадзянка Беларусі Людміла Багачова. Прычынай сьмерці быў газ невядомага паходжаньня, прыменены расейскім спэцназам.

У 2002 годзе Беларусь страціла адметных дзеячоў, якія шмат зрабілі для нацыянальнага Адраджэньня. Памёрлі фатограф Уладзімір Кармілкін, паэт Артур Вольскі, мітрапаліт Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ўладыка Мікалай, былы рэдактар газэты “Свабода” Ігар Гермянчук.

(З. Пазьняк: ) “Ён ня толькі здольны журналіст, але быў і вельмі здольным палітыкам, удзельнічаў у распрацоўцы ўсіх нашых законапраектаў, дзеля дэмакратыі і беларушчыны”.

А ў сьнежні адыйшоў вязень сталінскага ГУЛАГУ паэт Сяргей Грахоўскі:

(С. Грахоўскі: ) “Чытаю замову
За родную мову,
За волю маёй беларускай зямлі.
Мы зьведалі зьдзекі, зьнявагі і змову,
А вечную мову сваю зьбераглі!”

Гэтую перадачу мы пачалі Курапатамі, рэпартаж адтуль адкрываў эфір Свабоды ў першы дзень 2002 году. На нашых хвалях і ў Інтэрнэце кожны дзень, да канца вахты ўлетку, гучалі галасы абаронцаў, наведнікаў Курапатаў. Усе яны ўзгаданыя ў кнізе “Дарога праз Курапаты” ў сэрыі “Бібліятэка Свабоды”, прэзэнтацыя якой адбылася ў канцы сьнежня, за некалькі дзён да канцу 2002 году:

(П. Севярынец: ) “У Курапатах – магіла нашых продкаў. Тут – крыжы. Бог даў нам гэтую зямлю, гэтую гісторыю, гэты боль. Каб мы памяталі і заўжды былі на варце”.






Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG