Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НОВЫ ГОД У ТУРМАХ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Былы дырэктар МТЗ Міхаіл Лявонаў днямі скончыў знаёміцца са сваёй крымінальнай справаю. Пра гэта мне паведаміла ягоная жонка Алена. Яна бачылася зь Міхаілам Лявонавым ўчора ў менскім сьледчым ізалятары. Паводле яе словаў, муж лічыць усе вылучаныя супраць яго абвінавачваньні несправядлівымі й спадзяецца абвергнуць іх у судзе. Суд будзе прызначаны напачатку 2003 году і можа адбыцца ўжо ў студзені.

Нагадаем, Лявонаў абвінавачваецца ў злоўжываньні службовым становішчам і нядбайнасьці, што нібыта нанесла дзяржаве вялікія страты. Таксама, калі верыць заяве Аляксандра Лукашэнкі, былы дырэктар МТЗ нібыта скраў 17 мільёнаў даляраў і перавёў гэтыя грошы ў замежны банк. Паводле словаў Алены Лявонавай, ейны муж называе апошняе абвінавачваньне “выдумкай”.

З 7 студзеня 2002 году Міхаіл Лявонаў утрымліваецца пад вартаю. У тым ліку больш за паўгоды ён адседзеў у жодзінскім сьледчым ізалятары, дзе ўмовы ўтрыманьня лічацца найбольш жорсткімі ў Беларусі. Месяц таму Лявонава зноў перавялі ў менскі сьледчы ізалятар, каб ён мог хутчэй знаёміцца са сваёй крымінальнай справаю перад тым, як яе перададуць у суд. Лявонаў скончыў гэтую працэдуру й хадайнічаў, каб яго адпусьцілі дадому з падпіскаю пра нявыезд, але сьледчыя адмовіліся.

Цяпер разам зь некалькімі сотнямі іншых вязьняў “Валадаркі” яму давядзецца ў няволі сустракаць Новы год. Якое яно, навагодняе сьвята за кратамі? Пра гэта я спытаў у дэпутата Андрэя Клімава, які чатыры гады адседзеў у менскіх турмах...

Андрэй Клімаў кажа, што ў яго няма асабліва добрых успамінаў пра час зьняволеньня, і ўсё ж ноч на 1 студзеня для вязьняў сапраўды незвычайны час. Ім дазваляецца ня спаць, усе віншуюць адзін аднаго, жадаюць хутчэй выйсьці на волю, а галоўнае — вераць, што ў новым годзе іх сапраўды яна чакае...

(Клімаў: ) “Канешне, у калёніі цікавей сустракаць Новы год, там больш людзей, магчыма схадзіць да каго ў госьці папіць гарбаты. Але ў ізалятары свае асаблівасьці. На “Валадарцы” ёсьць трыдыцыя — вязьні падыходзяць да вокнаў і крычаць свае віншаваньні сваякам, спадзяючыся, што іх пачуюць на вуліцы. Таксама адзін аднаго віншуюць — там жа саўдзельнікі сядзяць у розных камэрах. Крычаць: “Карыфан, з Новым годам!..” і гэтак далей. Карацей, весела”.

Андрэй Клімаў адзначае, што і ў сьледчым ізалятары, і ў менскай калёніі, дзе ён таксама двойчы сустракаў Новы год, ахоўнікі гэтай ноччу паводзяць сябе больш паблажліва, чым звычайна:

“Яны заплюшчваюць вочы на тое, што людзі ня спяць, дазваляюць колькі хочаш глядзець тэлевізар. Карацей, такая больш добразычлівая абстаноўка”,— згадвае Андрэй Клімаў.

Але, паводле яго словаў, гэта не азначае, што ахоўнікі губляюць пільнасьць. Наадварот, меры перасьцярогі на сьвяточную ноч уводзяцца яшчэ больш жорсткія. А наступным днём усё вяртаецца на сваё месца. Кагосьці выклікаюць на допыт, кагосьці — на сустрэчу з адвакатам, кагосьці караюць за нейкае парушэньне карцарам. “Звонку — быццам сьвята й не было, але яшчэ доўга яно па-сапраўднаму грэе сэрца вязьня. Бо ўсім аднолькава хочацца шчасьця й волі”,— згадвае Андрэй Клімаў.
XS
SM
MD
LG