Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВАЯ МІСІЯ АБСЭ БУДЗЕ МЕЦЬ АБМЕЖАВАНЫ МАНДАТ


Валер Каліноўскі, Менск

У памяшканьнях КНГ АБСЭ, якая фармальна зачыняецца сёньня, цяпер нікога няма. Аўтаадказьнік паведамляе, што бюро часова зачыненае — да 13 студзеня. У Вене выказваюць спадзяваньне на хуткае прыбыцьцё ў Менск новага кіраўніка місіі з камандаю экспэртаў.

У МЗС Беларусі тым часам паведамілі некаторыя падрабязнасьці падпісанага ўчора мэмарандуму. Намесьнік начальніка інфармацыйнае ўправы МЗС Андрэй Савіных адзначыў, што цяперашні мандат выдадзены да 31 сьнежня 2003 году й патрабуе далей штогадовага падаўжэньня. Кіраўнік місіі і ейныя супрацоўнікі таксама будуць мець адрозны ад папярэдняга статус:

(Савіных: ) “Яны ня будуць дыпляматамі, але на іх будуць распаўсюджвацца палажэньні Венскай канвэнцыі дыпляматычных дачыненьняў. Такім чынам, яны ня будуць мець адпаведнага статусу, але будуць карыстацца тымі прывілеямі, што і ўсе дыпляматычныя супрацоўнікі ў Рэспубліцы Беларусь”.

Андрэй Савіных зазначыў, што МЗС Беларусі пакуль не разглядалася пытаньне, хто будзе кіраўніком місіі: Эбэргард Гайкен ці нехта іншы. Не разглядалася й пытаньне пра магчымасьць вяртаньня ў Менск кагосьці з былых супрацоўнікаў КНГ. Якім будзе штатны расклад офісу, таксама яшчэ ня вырашана. Афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі пакуль ня змог адказаць і на пытаньне, ці зможа новы офіс АБСЭ кантактаваць з апазыцыяй ды весьці маніторынг выкананьня правоў чалавека ў Беларусі.

На думку аднаго зь лідэраў БСДП “Народная Грамада” Ўладзімера Нісьцюка, скарачэньне мандату місіі АБСЭ ў Беларусі сьведчыць, што арганізацыя пайшла на аднабаковыя саступкі афіцыйнаму Менску.

(Нісцюк: ) “Эўропа ўвесь час рабіла саступкі. Яна робіць саступкі не таму, што вельмі зацікаўленая ў Беларусі. Яе больш за ўсё цікавіць, на мой погляд, тое, каб у Беларусі захаваць хоць адносную стабільнасьць. Эўропа вельмі прагматычна ставіцца, з аднаго боку кажа, што палітычна Беларусь застаецца чорнай плямаю ў Эўропе, а з другога, эканамічнага боку, яна будзе заўсёды зацікаўленая ў тым, каб празь Беларусь гарантавана без усялякіх праблемаў ішлі нафта ды іншыя рэсурсы з Расеі. Таму яны гуляюць двайную гульню, гэта добра зразумела й добра бачна”.

Тым ня менш спадар Нісьцюк мяркуе, што лепш хоць нейкая місія АБСЭ ў Беларусі, чым аніякай. Хаця ён назваў малаверагодным паляпшэньне ўнутранай сытуацыі ў Беларусі ў зьвязку з пачаткам працы новага офісу АБСЭ:

“А тут ён можа рабіць усё, што хоча. Туркмэнбашы робіць і ня тое, але сьвет вымушаны яго прызнаваць, таму што ён кіруе сытуацыяй. І яму няма альтэрнатывы, вось у чым цяпер праблема”,— сказаў Уладзімер Нісьцюк.

Ягоны калега па апазыцыі Анатоль Лябедзька заклікае не пераацэньваць ролю місіі АБСЭ, бо й раней КНГ мела абмежваныя магчымасьці:

(Лябедзька: ) “Я ня думаю, што сёньняшні мандат місіі ў такім усечаным выглядзе будзе спрыяць вырашэньню беларускага пытаньня. Для вырашэньня праблемы патрэбна палітычная воля з двух ці трох бакоў: уладаў, апазыцыі й міжнароднай супольнасьці. Я мяркую, што ўлады выкарыстаюць сытуацыю ў прапагандысцкіх мэтах, як сваю нейкую перамогу, як саступкі міжнароднай супольнасьці... Але гэта не азначае, што зьменіцца пазыцыя міжнароднай супольнасьці ў стаўленьні да афіцыйнага Менску, да Лукашэнкі, да яго ўнутранай і вонкавай палітыкі”.

А.Лябедзька лічыць, што ўчорашнія пагадненьні — гэта не перамога і не параза АБСЭ ці Лукашэнкі, а спроба Эўропы аслабіць вузел беларускіх праблемаў:

“У любым выпадку місія, якая тут будзе, вымушана будзе рабіць нейкія палітычныя заявы, рэагаваць на сытуацыю з правамі чалавека, таму што будзе такая рэальная сытуацыя. Мы будзем супрацоўнічаць з міжнароднымі структурамі й тымі, хто мае мандат на іх прадстаўніцтва ў Беларусі. А што датычыць гэтай місіі — паглядзім, як яна будзе працаваць у першую чаргу ў зьвязку з выбарчай кампаніяй, якая ўжо фактычна пачалася”,— зазначыў лідэр АГП Анатоль Лябедзька.
XS
SM
MD
LG