Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАСКІ АКЦЭНТ. 2002 ГОД ДЛЯ БЕЛАРУСІ


Вядучы Юры Дракахруст, Прага

(Дракахруст: ) “Напад на Амэрыку 11 верасьня летась зьмяніў сьвет. За некалькі дзён да гэта адбылася падзея, якая мела ня менш важнае значэньне для Беларусі – 9 верасьня летась пачаўся другі прэзыдэнцкі тэрмін Аляксандра Лукашэнкі. У гэтых падзеях-сымбалях, як у сваеасаблівым кодзе ДНК, было зашыфраванае далейшае разьвіцьцё, аддаленыя, у тым ліку і зусім непалітычныя, наступствы. Як сёлета раскрываліся сэнсы, закладзеныя ў гэтых падзеях? Спадарыня Алексіевіч, Вам слова.

(Алексіевіч: ) “Сапраўды, 11 верасьня , а яшчэ раней Чарнобыль, сталі межамі, знакамі іншага сьвету, у якім мы апынуліся. Мы арыентуемся яшчэ па ранейшых арыентырах, а гэта ўжо зусім іншы сьвет. Зло зьявілася пад новымі маскамі, у новым адзеньні, да чаго мы апынуліся зусім не гатовыя. Тое, як мы паводзілі сябе пасьля Чарнобылю, як сьвет паводзіць сябе пасьле 11 верасьня, сьведчыць пра тое, што мы засталіся ў коле ранейшых уяўленьняў і каштоўнасьцяў. А гэта зусім іншы сьвет, які пэўна ж пагражае нам новымі катастрофамі. Гэтае зло ня толькі далей за нашыя веды, але і далей за нашую фантазію.
На гэтым тле тое, што адбываецца ў нашай маленькай Беларусі, зь цяжкасьцю ўпісваецца ў новы кантэкст. Як ня сумна нам гэта канстатаваць, мы сталі нацыяй, якая спазьнілася. Мы ўсё яшчэ сутыкаемся са старымі праблемамі таталітарызму, таталітарызму не тэхнагеннага, які пагражае сьвету, а зусім прымітыўнага, правінцыйнага, які паралізуе інтэлектуальную сілу нацыі і масаваю сьвядомасьць. Гэта – непасільны цяжар для нашага народу.

(Дракахруст: ) “Спадар Лукашук, на Ваш погляд, як на працягу сёлетняга году разварочваліся тыя знакі, якія зьявіліся ў жыцьці сьвету і Беларусі летась? Я маю на ўвазе 11 верасьня і 9 верасьня 2001 году”.

(Лукашук: ) “Я думаю, што пераабраньне Аляксандра Лукашэнкі на другі тэрмін нічога не зьмяніла для Беларусі. Можна было чакаць, што ён будзе трымацца за ўладу, дамагацца яе легальнымі і нелегальнымі спасабамі і, нарэшце, ўтрымае яе. А вось тое, што адбылося ў Амэрыцы, істотна паўплывала на сьвет. Пасьля выпрабаваньня 11 верасьня Амэрыка выразна выявілася адзінай звышдзяржаваю. Гэта паказала і зьмяшчэньне рэжыму талібаў, і адбудова новага Афганістану, і паводзіны Амэрыкі ў дачыненьні да Іраку. Цяпер не чакаюць, пакуль, як кажуць, гром грымне, а пачынаюць прымаць папераджальныя меры. І вось гэта мае непасрэднае значэньне для Беларусі. Сёлета я ўдзельнічаў у канфэрэнцыі ў Вашынгтоне “Беларусь: прапушчанае зьвяно ў “ланцугу зла”, на якой выступаў сэнатар Джон МакКейн . Ён сказаў: “Упершыню за ўсю сучасную гісторыю існаваньня Беларусі ў якасьці сувэрэнай дзяржавы дзеяньні злачынага ўраду гэтай краіны пагражаюць бясьпецы ЗША. Урад Лукашэнкі паставіў сучасныя супрацьпаветраныя ўзбраеньні краіне, зь якой ЗША, хутчэй за ўсё, давядзецца весьці вайну. І гэтыя ўзбраеньні могуць і будуць выкарыстоўвацца Іракам для зьнішчэньня амэрыканскіх пілётаў. У дадзеным выпадку справядліва сказаць, што сябра нашага ворагу – наш вораг”.

(Дракахруст: ) “Спадар Булгакаў, а якое Вашае меркаваньне пра наступствы пераабраньня Лукашэнкі і тэрарыстычнай атакі на Амэрыку?”

(Булгакаў: ) “Пераабраньне Лукашэнкі бальшыня быларусаў ўспрыняла як палітычную заканамернасьць, тымчасам як 11 верасьня летась стала для міжнароднай супольнасьці як культурны і нават цывілізацыйны шок. Таму глядзець пад фармальным кутом, падзеі гэтыя належылі да розных “вагавых катэгорыяў”. Што тычыцца дыялектыкі ўзаемадзеяньня, ці назіраецца яна паміж гэтымі датамі? Я хачу сказаць, што ў падзеях 11 верасьня і ў іх наступствах лукашэнкаўскі рэжым у кароткачасовай пэрспэктыве нават атрымаў шанец для сваёй стабілізацыі і захаваньня. Рэч у тым, што цяпер цэнтар увагі заходняй супольнасьці сапраўды пераключаны на краіны, якія лічацца ізгоямі і залучаюцца ў “вось зла”. Нягледзячы на высілкі некаторых амэрыканскіх прадстаўнікоў улады, таго ж сэнатара Мак Кейна, Беларусь да канца не асацыюецца з гэтай восяй. Увесь гэты год Лукашэнка, нягледзячы на досыць напружаную сытуацыю ў сьвеце , а таксама на мілітарныя дзеяньні краінаў НАТО ў Афганістане, меў досыць вялікую прастору для манэўру. Ягоная небясьпека хутчэй праявілася не з Захаду, а з Усходу.


(Дракахруст: ) “Сёлетні год стаў годам далейшага аб’яднаньня Эўропы, саміты НАТО ў Празе і Эўразьвязу ў Капэнгагэне сталі адметнымі вехамі на гэтым шляху. А што Беларусь? Ці стала яна бліжэй да Эўропы? Ці гэты “нябачны мур” падняўся ня толькі на Бугу, але і ў душах людзей, абазначаючы тую самую мяжу цывілізацыяў, пра якую пісаў Гантынгтан, а яшчэ раней Кіплінг – “Захад ёсьць Захад, Усход ёсьць Усход, і разам ім не сыйсьціся”? Сп. Лукашук, як Вы мяркуеце?”

(Лукашук: ) “Я магу працытаваць дэпутатку нямецкага бундэстагу Элізабэт Шродтэр, якая шмат гадоў займалася беларускімі праблемамі . У нядаўнім інтэрвію нашаму радыё яна назвала “мітам” уяўленьні пра тое, што нібыта ў беларусаў ёсьць нейкая іншая мэнтальнасьць, адрозная ад эўрапейскай. Працытую таксама ізноў сэнатара МакКена: “Беларусы сталі закладнікамі колішняй падтрымкі Масквою рэжыму Лукашэнкі. Гіторыкі могуць спрачацца, што больш паўплывала на фармаваньне беларускай нацыянальнай сьвядомасьці: суіснаваньне з партнэрамі ў Вялікім Княстве Літоўскім ці наступствы стагодздзяў агрэсіяў і акупацыяў. Аднак дзеля таго, што ўлада ў Беларусі мала зьмянілася ад часоў, калі яна складала частку Савецкага Саюзу, вінаваціць у сёньняшніх праблемах трэба не нацыянальную культуру, не мэнталітэт, а гісторыю расейскай падтрымкі менскай тыраніі”.
Я ня думаю, што ўвогуле існуе нейкая мяжа”.

(Дракахруст: ) “Спадар Булгакаў, а які Ваш погляд, ці стала Беларусь сёлета бліжэй да Эўропы, ці аддалілася ад яе?”

(Булгакаў: ) “На мой погляд, мы губляем каштоўныя гады, губляем чалавечыя рэсурсы і інтэлектуальны капітал, дзякуючы цяперашняму беларускаму рэжыму. Беларусь нават з пункту гледжаньня польскіх інтэлектуальных элітаў робіцца памежнай зонаю, крыху эўрапейскаю, крыху азыяцкаю. У Варшаве, у Бэрліне і Празе ніхто не ўспрымае Эўропу геаграфічна , Эўропа – гэта перадусім культурная супольнасьць, гэта пэўны стандарт жыцьця, гэта векавыя традыцыі, якія ўрэшце рэшт сягаюць яшчэ Рымскай імпэрыі. Чым больш мы стаім на месцы, тым большая шкода наносіцца будучыні незалежнай, дэмакратычнай Беларусі.

І яшчэ – наконт мэнтальнасьці. Усё ж з пункту гледжаньня мэнтальнасьці беларусы даволі моцна адрозьніваюцца ад суседніх народаў, беларусы дагэтуль не ператварыліся ў паўнавартую эўрапэйскую нацыю, а беларуская дзяржава дагэтуль ня стала нацыянальнай дзяржаваю, як гэта ёсць у бальшыні краінаў Эўропы”.

(Дракахруст: ) “Менавіта сёлета сацыёлягі, у тым ліку і афіцыйныя, фіксавалі рост праэўрапейскіх настрояў у Беларусі. Спадарыня Алексіевіч, на Ваш погляд, што гэта азначае?”

(Алексіевіч: ) “У Вашым першым і цяперашнім пытаньнях ёсьць пэўная доля рамантызму, за які мы вельмі дорага заплацілі ў апошнія 10 гадоў. Мы не любілі і ня любім мець справу з жорсткаю і зусім непрыемнаю рэчаіснасьцю. Тое, што мы сялянская нацыя, тое, што мы страцілі шмат часу ў гісторыі і гэтыя страты зараз назапасіліся, тое , што мы мае траўмаваную масавую сьвядомасьць. Вы прыгадайце, што перажылі нашыя людзі за апошнія 50 гадоў: Сталіна, лягеры, войны, Чарнобыль, развал імпэрыі. Гэтая імпэрыя, крывавая і жахлівая, была ўсё ж абжытая людзьмі і вось усё гэта абрынулася. Тое, пра што зараз сказаў Аляксандар Лукашук, што ва ўсім вінаватая расейская палітыка, ці пераважна яна – я мяркуе, што гэта верхні слой. Мы часам задавальняемся такімі тлумачэньнямі, баючыся дадумаць рэчы да канца, да разуменьня, што праблема – у нас саміх. Таму ў нас такая ўлада, такая залежнасьць.

Адзін мой замежны сябра сказаў мне: “Вы дзіўная краіна. Вы больш гаворыце пра мінулае, чым пра будучыню. Вы прыдумляеце сабе мінулае. Гэта – вашая здольнасьць ці выжыць ці схавацца”.

Думаю, што нашыя цяперашнія здагадкі не зусім дарэчныя, бо мы мадэлюем усё паводле цяперашняга стану. Але сьвет настолькі нечаканы сёньня, што прагназаваць яго практычна немагчыма. Таму і нашыя пытаньні, і нашыя адказы крыху наіўныя”.

(Дракахруст: ) “Сёлетні год стаў годам дзіўных прыгодаў беларускай незалежнасьці. Упершыню з Крамля прагучала празаічнае запрашэньне Беларусі стаць Расеяй, аднак ізноў жа ўпершыню Беларусь прадэманстравала ўнікальнае адзінства ў адмоўным адказе на гэтую прапанову. Чаму? Што Вы, мы ўсе даведаліся пра Беларусь сёлета?
Спадар Булгакаў, Вам слова”.

(Булгакаў: ) “Я б хацеў сказаць некалькі словаў паводле пытаньня, якое Вы задалі спадарыні Алексіевіч. Вы нагадалі, што сацыялягічныя апытаньні фіксуюць павялічэньне праэўрапейскай опцыі сярод беларускага грамадзтва. Тут адбываецца “каўбасны”, спажывецкі выбар беларускага народу. Эўропа ў яго асацыюецца перадусім з лепшым узроўнем жыцьця. Мы дыскутавалі гэтае пытаньне з польскімі інтэлектуаламі, і яны ўспрымаюць гэта менавіта так. Эўропа, за якую выступаюць беларускія грамадзяне, гэта хутчэй нейкая эфэмэрычная канструкцыя, чымсьці эканамічная рэчасіснасьць.

Што тычыцца сёлетніх падзеяў у беларуска-расейскіх адносінах, то яны, безумоўна, былі запраграмаваныя яшчэ раней, зьменаю крамлёўскага кіраўніцтва і зьменаю расейскай гэапалітычнай арыентацыі. Карэнь праблемы – у сутыкненьні эканамічных інтарэсаў сучаснага беларускага рэжыму і цяперашняй крамлёўскай адміністрацыі.

Кіраўніцтва і Расеі і Беларусі – людзі дастаткова беспрынцыпныя і цынічныя, каб дагэтуль карыстацца рыторыкаю пра адвечнае беларуска-расейскае адзінства і крэўную супольнасьць. Расея дамагаецца эканамічнай дамінацыі над стратэгічнымі, бюджэтаўтваральнымі сэктарамі беларускай эканомікі, а беларускі рэжым імкнецца гэта прадухіліць, бо ён моцна заклапочаны пагрозаю зьяўленьня новага вельмі моцнага актора на беларускай палітычнай сцэне.

Трэба салідарызавацца зь беларускімі афіцыйнымі ідэолягамі – расейскі капітал вельмі часта мае крымінальнае паходжаньне і на першым этапе свайго прасоўваньня ён ставіць на мэце максымальнае павелічэньне прыбытку, не зважаючы на магчымыя сацыяльныя катаклізмы і нават катастрофы.

2002 год стаў паваротным годам для беларускай грамадзкасьці, годам, калі ўсе раптам усьвядомілі, наколькі важна і наколькі варта Беларусі быць незалежнай дзяржавай. Незалежнасьць, сувэрэнітэт робіцца тым, што больш ужо не дыскутуецца ў мэдыях . Мне здаецца, што гэта – калясальны вынік 2002 году, і гэта добрая стартавая пляцоўка для далейшых дзеяньняў. Беларусь стварае нам такія варункі, што толькі мы, яе самасьвядомыя грамадзяне, нясем адказнасьць за будучыню сваёй краіны. І ніякія спасылкі на кепскія Расею і Захад ня здолнывя вытлумачыць, чаму мы так кепска жывем”.

(Дракахруст: ) “Спадар Булгакаў, я дазволю сабе адрэагаваць на Вашую рэпліку наконт “каўбаснага” імкненьня ў Эўропу. Я казаў пра тое, што сёлета ўзмацніліся праэўрапейскія настроі ў Беларусі. Эўропа ня стала багацейшай, як там было шмат каўбасы, так і засталося. Так што Вашая трактоўка можа растлумачыць, чаму праэўрапейскія настроі ўвогуле існуюць, але ня тое, чаму яны павялічыліся.

Да таго ж мы часам схільныя ідэалізаваць ня толькі сябе, але і сваіх суседзяў. Наколькі я ведаю з кантактаў з маімі польскімі калегамі паспаліты паляк імкнецца ў Эўразьвяз таму, што ведае – калі да Эўразьвязу далучылася, прыкладам, ГІшпанія, яна стала жыць лепш.
І ён, паляк, хоча жыць лепш. І папракаць беларусаў тым, што яны хочуць жыць лепш і таму імкнуцца ў Эўразьвяз, наўрад ці варта.

Але вернемся да беларуска-расейскіх адносінаў. Спадарыня Алексіевіч, у сёлетнім беларуска-расейскім канфлікце Вы асабіста ўбачылі чыстую палітыку, ці нейкую метафізыку?”

(Алексіевіч: ) “Трэба было выбіраць. Гэта тое, чаго больш за ўсё баіцца беларус. Увогуле, слабы чалавек больш за ўсё баіцца выбіраць і зьведаць праўду. А гэта прагучала настолькі жорстка і прагматычна, што стала зразумела, што трэба выбіраць. Я хачу заўважыць, што наш народ ня думае аб Расеі, як аб нечым чужым, іншым, ён адчувае роднаснасьць з Расеяй. Канфлікт з Расеяй, непрыняцьцё Расеі існуе толькі ў галовах інтэлектуалаў. У глыбіні народу агрэсіі да Расеі няма. Наконт тых беларуска-расейскіх разборак, якія адбываліся, я мяркую, Валерка Булгакаў мае рацыю, што гэта рахункі эканамічных элітаў. Я не хачу сказаць, што ўвесь наш капітал з аднаго і іншага боку – злачынны, але ў ім сапраўды шмат людзей з барбарскаю моцай і цьмяным паходжаньнем капіталу. Народ ад гэтых разборак стаяў убаку.
Увогуле, самае непрыемнае, што ўсё, пра што мы гаворым і пішам, што хоча нашая эліта і нашая апазыцыя – наўрад стаіць убаку ад усяго гэтага. Гэтак жа, як ён стаіць убаку і ад таго, што робіць улада. Але ўлада мае рычагі кіраваньня, у апазыцыі, інтэлектуалаў гэтых рычагоў няма, яны выкінутыя на ўзбочыну і абсалютна маргінальныя.

Грамадзтва дэмаралізаванае і дэпрэсыўнае. Але мяне сапраўды зьдзівіла нарастаньне праэўрапейскіх настрояў у грамадзтве пры антызаходніцкай палітыцы ўлады. Гэта адзінае, што дае мне надзею. Магчыма, прычына тут – у прыходзе навага пакаленьня. Гэтыя людзі ездзяць, глядзяць Інтэрнэт і ўвогуле ня хочуць жыць на ўзборчыне цывілізацыі і рамантычна цытаваць Багушэвіча ці Купалу - “людзьмі звацца”. Яны ня хочуць быць маргіналамі ў сьвеце. Але пакуль старэйшае пакаленьне ім гэтага шанцу не дае. Значыць, у іх спадзеў толькі на саміх сябе”.

(Лукашук: ) “Палітычна мы шмат гаварылі пра беларуска-расейскі канфлікт. Відавочна нясумяшчальнасьць прэзыдэнта Пуціна і кіраўніка Беларусі.

Сьвятлана Алексіевіч казала, што беларускае грамадзтва стаіць убаку ад гэтых працэсаў. На палітычнай мове гэта называецца адсутнасьцю дэмакратыі, аўтарытарным рэжымам. Спадарыня Алексіевіч крыху раней казала пра немагчымасьць прадказваць, як могуць разгортвацца падзеі. Я хачу нагадаць, што з пункту гледжаньня палітычнай гісторыі нічога новага не адбылося ў гэтым сэнсе. Перад Інтэрнэтам было адкрыцьцё Гутэнбэрга, электрычнасьці, чыгункі, самалётаў.

Адно назіраньне, вельмі добра вядомае палітолягам. Ніводная дэмакратыя не ваевала зь іншай дэмакратыяй. Адсюль выснова – накірунак, у якім можа і будзе разьвівацца сучасны сьвет, які хоча пазьбегнуць самазьнішчэньня і вайны, гэта дэмакратыя, гэта адзіная гарантыя міру”.

(Алексіевіч: ) “Я спачатку адкажу Аляксандру Лукашуку. Я прынцыпова нязгодная з тым, што ў сьвеце нічога не памянялася. Усё памянялася катастрафічна. Я недзе чытала, што калі вынайшлі порах і паставілі на ўзбраеньне, то салдаты, што прызвычаіліся ваяваць кінжаламі, адмовіліся мець справу з мясьнікамі і ўсе загінулі.

Прыблізна тое самае адчуваецца зараз у сьвеце – бездапаможнасьць людзей перад мясьнікамі. Той жа Інтэрнэт патрабуе ўжо іншага чалавека, зь іншых, так бы мовіць, запчастак культуры. Нават нашай біялёгіі ўжо не хапае для гэтага. І мы будзе рабіць выгляд, што нічога ў сьвеце не памянялася. Мы так і застанемся на выселках цывілізацыі і ня выканаем сваёй ролі эліты.

Што тычыцца народу, то я б хацела атрымаць адказ на пытаньне, куды падзелася энэргія нашай нацыі, чаму за апошнія 10 гадоў увогуле вышла ў пясок. Чаму нас так мала, чаму на плошчы нас увогуле амаль няма? Значыць, плошча ўжо ня месца рашэньня палітычных праблемаў, значыць, усе гэтыя рэвалюцыйныя запалы, якія кідае часта нашая апазыцыя – гэта не працуе. Гэта іншы сьвет і ня трэба хавацца ў ілюзіі.

Цішыня і самотнасьць у грамадзтве – з тае прычыны, што людзі зразумелі бясьсільле ўсіх гэтых формаў. Справа ня толькі ў тым, што яны прыгнечаныя галечаю і выжываньне – гэта павярхоўнае тлумачэньне. Адбываецца нейкі экзыстэнцыйны крызіс. Людзі апушчаныя ў самоту.

(Булгакаў: ) “Я хацеў бы падыскутаваць са спадарыняй Алексіевіч наконт пасыўнасьці беларускага народу. Рэч у тым, што беларускі народ – гэта ня ёсьць нейкая цэльная зьява, беларускі народ адначасова ня ёсьць поўным сынонімам насельніцтва Рэспублікі Беларусь. Беларускі народ – гэта больш адметнае паняцьцё”.

(Дракахруст: ) “А хто вызначае, хто з беларускага насельнітва ўваходзіць у народ? Вы асабіста?”

(Булгакаў: ) “Гісторыя нашай часткі Эўропы складаецца з драматычнага працэсу ператварэньня этнічнай супольнасьці ў нацыянальную. Паляк – гэта ня той, хто мае польскую кроў, а той, хто гаворыць па-польску і зьяўляецца носьбітам польскай культуры. Той, хто па крыві беларус, хто народжаны беларусам, яшчэ мусіць зрабіць над сабою высілкі, каб лічыцца прадстаўніком гэтай нацыі, а ня гэтага этнасу”.

(Алексіевіч: ) “Мы –закладнікі закладнікаў. Нам даводзіцца губляць шмат энэргіі на культуру барацьбы, на барыкаду. Але я даўно зразумела, што барыкада – вельмі небясьпечнае месца, і ня толькі для мастака, але і для чалавека ўвогуле. Калі мы ўжо апынуліся на барыкадзе, то трэба не захлынуцца жарсьцямі і памятаць, што на барыкадзе вельмі цяжка застацца чалавекам. Я таксама лічу вельмі небясьпечнай спараваю шукаць беларуса сярод народу. Мне бліжэй Сакрат, які днём зь ліхтаром шукаў чалавека. Давайце шукаць чалавека”.

(Лукашук: ) “Мне здаецца, што мы перабольшваем значэньне любых падзеяў, якія адбываюцца падчас нашага жыцьця. Нам здаецца, напрыклад, што папярэдняя вайна была самая жахлівая, якая магла быць, што Чарнобыль ці выбух ядзернай бомбы – гэта самае жахлівае, што можа здарыцца. Гісторыя сьведчыць, што тое, што сучасьнікам падаецца самым страшным, наступнымі пакаленьнямі так не ўспрымаецца.

Спадарыня Алексіевіч казала пра ілюзіі, у якіх жывуць людзі, якім яна відавочна сымпатызуе: гэта інтэлектуальная эліта, інтэлігенцыя. Тады атрымліваецца, што тыя людзі, якія перамаглі, гэта значыць, Лукашэнка і каманда – яны жывуць без ілюзіяў і таму яны пераможцы? Нічога сабе пераможцы, якія апынуліся ў турме і ня могуць выехаць на Захад са сваёй краіны.

Мне здаецца, што ў мінулым годзе ў Беларусі было дзьве вельмі істотныя перамогі. Першая, гэта тое, што ўдалося адстаяць ад разбурэньня Курапаты. І другая – гэта тое, што, дзякуючы нястомным высілкам людзей, якіх было мала (але мала – гэта таксама неадназначнае паняцьце), больш не было палітычна матываваных зьнікненьняў людзей”.

XS
SM
MD
LG