Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Э. ХАЙКЕН – МАЕ ВАЛІЗКІ Ў БЕЛАРУСЬ САБРАНЫЯ АД МІНУЛАГА СТУДЗЕНЯ


Радыё Свабода

Найперш спадар Хайкен як сапраўдны прадстаўнік старой дыпляматычнай школы спачатку толькі пацьвердзіў, што рашэньне адносна новага мандату місіі АБСЭ і новага офісу гэтай арганізацыі ў Беларусі сапраўды ўхваленае ў Вене сталай Радай АБСЭ і што цяпер ўсім трэба чакаць далейшых адпаведных рашэньняў з боку новага старшыні АБСЭ – Галяндыі...

Затым ён дадаў, што пакуль ніякіх кадравых прызначэньняў ня зроблена і таму нейкай канкрэтнай інфармацыі яшчэ ён дадаць ня можа.
Мы спаслаліся, аднак, на словы некаторых прадстаўнікоў нямецкай палітычнай клясы, што сёньняшняе рашэньне ў Вене ня ёсьць нечаканым, што яно рыхтавалася пэўны час, яшчэ з восені і што ўжо тады выказваліся пэўныя надзеі на прыезд спадара Хайкена ў Менск. У адказ на гэта суразмоўца паведаміў:

(Хайкен: ) “Ведаецце, мае валізкі ў Беларусь сабраныя яшчэ з мінулага студзеня”.

“Але ж, - дадаў ён, разумейце і нас, пакуль не прызначаных амбасадараў. Я пакуль не магу сказаць, калі я прыеду ў Менск. Але, канечне, рыхтуюся.

Дарэчы, пацікавіўся Хайкен, якое ў бБеларусі зараз надвор’е – маразы? Такое надвор’е мне вельмі падабаецца. Я люблю ўзгадваць расейскую ды ўкраінскую зімы па часе сваёй дыпляматычнай працы ў Маскве ды Кіеве.

Што да Менску, то пра гэты горад маю таксама вельмі цёплыя успаміны”.

Спадар Хайкен наведаў Беларусь ў 1991 годзе, 21 чэрвеня, калі ў дзень 50-годзьдзя нападу фашыстоўскай Нямеччыны на СССР, у Менску закладаўся падмурак міжнароднага адукацыйнага цэнтру, меў сустрэчу з тагачасным першым намесьнікам прэм’ер-міністра БССР Міхаілам Мясьніковічам. Нямецкі ўрад накіраваў Хайкена на гэтую сустрэчу як прадстаўніка амбасады ФРГ у СССР. Як вядома, нямецкай амбасады ў Менску на той час не існавала, Беларусь была толькі часткай СССР, аднак ужо тады Нямеччына была зацкіаўленая ў добрых дачыненьнях з Беларусьсю.
У часе тэлефоннай размовы спадар Хайкен папрасіў перадаць нашым слухачам свае навагоднія віншаваньні. Ён пажадаў беларусам добра праводзіць стары год і сустрэць новы. А таксама выказаў спадзяваньні, што ў Беларусі яму спадабаецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG