Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЯСКОЎЦЫ АДМАЎЛЯЮЦЦА АД КАЛГАСУ ДЫ ЙДУЦЬ ДА ФЭРМЭРА


Казімір Яноўскі, вёска Хільчыцы, Жыткавіцкі раён

Мясцовы клюб у вёсцы Хільчыцы ня здолеў умясціць усіх ахвочых патрапіць на сход. Людзі стаялі паўз сцен, у праходах, добра разумеючы, што зараз ад іх залежыць будучыня, далейшы лёс. Яны ня хочуць вяртацца ў калгас. Выступае былая калгасная даярка Марыя Кацэвіч.

(Кацэвіч: ) “Бягуць людзі зь пекла ў рай. Як мы не атрымлівалі месяцамі заробак, як не давалі пэнсіянэрам, усім іншым збожжа, ніхто ня бачыў. Вам тут людзі, сядзяць і вочы выпорваюць. У Верасніцы калгас - гіне, у Рычове – гіне. А мы гэтага не дапусцім, і няма чаго аб нас ногі выціраць. Не дамо!”

Ужо пасля першых прамоваў прысутны на сходзе старшыня райвыканкаму Пятро Савіцкі, ягоны намеснік Іван Блоцкі, начальнік управы юстыцыі аблвыканкаму спадар Макарэвіч ды іншыя чыноўнікі сядзелі на сцэне, апусціўшы галовы. Было відавочна, што плян рэанімацыі калгасу “Шлях да камунізму” правальваецца.

Жыхары вёскі Хільчыцы прагаласавалі за далучэнне да фэрмэрскай гаспадаркі амаль год таму. Аднак аблвыканкам з падачы Жыткавіцкага райвыканкаму адмовіўся перарэгістраваць фэрмэрскую гаспадарку Шруба з улікам далучэньня калгаснікаў.

У Хільчыцы прыяжджала шмат камісіяў, у тым ліку і начальнік дэпартамэнту эканомікі мінсельгасхарчу Сямён Шапіра.

Разам з раённымі ўладамі камісіі ўсё хочуць даказаць, што ў фэрмэра вяскоўцы ня будуць мець ніякіх правоў, сацыяльных гарантыяў, і асабліва пенсіянэры. І вось што пачулі чыноўнікі ад кіраўніка вэтэранскай арганізацыі Валянціны Шруб:

(Шруб: ) “Раён шкадуе, што ў нас тут сацыяльныя гарантыі не выконваюцца. Яны выконваюцца ў Рычове, дзе заробак даюць цюкамі саломы. Даярка там атрымлівае 20 тысяч рублёў, а ў нас – 200-250. Мэханізатар у іх – 30 тысяч, а ў нас – 300 тысяч. Вось такая ў іх сацыяльная сфэра, вось такая абарона”.

Зрэшты, і без трыбуны вяскоўцы сьцьвярджалі, што з пераходам да фэрмэра ім стала жыць лепей. Паслухаем вяскоўцаў.

(Вясковец: ) “У калгасе я прапаў бы!”

Пэнсіянэрка Еўфрасіньня Журка: “І саломы мне прывезлі, і сена прывезлі, і збожжа далі, і участак прысядзібны апалолі, ад жукоў акрапілі.”

(Карэспандэнт: ) “Тут кажуць, што Шруб пэнсіянэраў крыўдзіць. Яны за ўсё павінныя плаціць”.

Журка: “Няпраўда, няпраўда! Мана! Паклёп!”

За ігнараваньне сваёй волі вяскоўцы па-сутнасці сарвалі выступ начальніка райсельгасхарчу Івана Блоцкага. У адмысловай рэзалюцыі яны пацьвердзілі рашэньне пра далучэньне калгасу да фэрмэрскай гаспадаркі, адзінагалосна падтрымалі дзеяньні Міхаіла Шруба і нават сьцьвердзілі адмысловую дэлегацыю для абароны сваіх правоў у ворганах улады.

Старшыня выканкаму Савіцкі ў сваю чаргу сказаў на сходзе:

(Савіцкі: ) “У пэўнай ступені я ўдзячны, што ўсё так атрымалася: па той простай прычыне, што я стаў вядомы ва ўсёй рэспубліцы”.

Міхаіл Шруб вынікі сходу бачыць ў іншым:

(Шруб: ) “Сход даў карысць, прынёс пэўны эфэкт. Сёй-той падаваў аднадушша вяскоўцаў у пераходзе да фэрмэра, як вынік нейкага запалохваньня, апрацоўкі. Людзей прывяло да такога рашэньня жыцьцё, і гэта трэба ўлічваць”, - мяркуе фэрмэр Міхаіл Шруб.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG