Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ЎТРЫМАЕ ЛУКАШЭНКА КАНТРОЛЬ НАД СПОРТАМ?


Ігар Карней, Менск

Атачэньне Лукашэнкі сьцьвярджае, што такім чынам падначаленыя структуры маюць найлепшыя магчымасьці да разьвіцьця — і асабліва што тычыцца спорту. А як ставяцца да такога апякунства самі спартоўцы і спартовыя адмыслоўцы?

Цягам 2002 году беларусы не дабіваліся значных спартовых перамогаў на міжнародных арэнах, затое атрымалі шэраг падарункаў у выглядзе сучасных аб’ектаў для трэніровак. Новыя лядовыя палацы адчыніліся ў Берасьці й Віцебску. У Менску ўрачыста распачалі працу тэнісныя корты, лыжнаролерная траса й крыты футбольны манеж. Вядзецца будаўніцтва горналыжнай трасы ў Лагойскім раёне. Распачатая капітальная рэканструкцыя гарадзенскага стадыёну “Нёман”. Звонку — відавочны прагрэс. Але што насамрэч за справаздачамі чарговых будаўнічых перамогаў? Вось меркаваньне спартовага аглядальніка газэты “Прессбол” Сяргея Аляхновіча:

(Аляхновіч: ) “Дзяржава павінна рабіць пэўныя крокі, каб дапамагчы спорту. Але ня варта рабіць гэта так цьвёрдалоба. Адкрыцьцё крытага футбольнага манежу — безумоўны плюс для краіны. А тое, што адбылося ў часе справаздачна-выбарнай канфэрэнцыі Беларускай фэдэрацыі футболу — гэта памылка. Умяшаньне Лукашэнкі магло прывесьці да таго, што нашую Фэдэрацыю маглі выключыць са складу УЕФА і ФІФА. У статутах гэтых міжнародных арганізацый запісана: дзяржава не павінна ўмешвацца ў працу нацыянальных фэдэрацыяў. Прэзыдэнту вельмі хацелася замяніць Фёдарава на новага чалавека. І хутчэй за ўсё гэта быў бы Генадзь Нявыглас — калі б у працы канфэрэнцыі ня ўдзельнічалі прадстаўнікі УЕФА і ФІФА”.

Іншыя спартовыя адмыслоўцы упэўненыя, што мара Лукашэнкі — поўны кантроль над беларускім спортам. Кіраўнікі бальшыні Фэдэрацыяў — міністры, старшыні канцэрнаў, дарадцы Лукашэнкі, супрацоўнікі КГБ й сілавых структураў. Але нават спартовыя функцыянэры не хаваюць, што на тле адных глябальных будоўляў іншыя, ужо збудаваныя аб’екты, прыходзяць у заняпад. Дырэктар спартовага комплексу “Раўбічы” Аляксандар Хандогін скардзіцца, што ад памераў ранейшага фінансаваньня былой славы беларускага спорту практычна нічога не засталося. Вялізны біятлённы комплекс пераведзены на гаспадарчы разьлік і вымушаны зарабляць грошы на падтрыманьне збудаваньняў у больш-менш прыстойным выглядзе самастойна. Таму цяперашнія мерапрыемствы часам ператвараюцца ў пародыю на спорт. Гаворыць Аляксандар Хандогін:

(Хандогін: ) “Прыяжджаў прэзыдэнт фэдэрацыі, скажам так, спорту сярод лясьнікоў. Мерапрыемства плянуецца сапраўды глябальнае — паўтары тысячы ўдзельнікаў. Іншымі словамі, біятлён сярод лясьнікоў. Зараз думаем разам з камітэтам лясной гаспадаркі, дзе такую колькасьць удзельнікаў разьмясьціць. Апроч спорту, яны абавязкова хочуць пазнаёміцца зь месцамі, якія цікавяць іх прафэсійна. Так што мерапрыемства на цэлы тыдзень — прычым, ня толькі спартовае”.

Шмат хто з аналітыкаў заўважыў цыклічнасьць спартовых сымпатыяў Лукашэнкі. Гледзячы на былога расейскага прэзыдэнта Ельцына, Лукашэнка захапіўся модным тады тэнісам і загадаў будаваць тэнісныя корты, а адзін зь лепшых беларускіх трэнэраў Цяцерын стаў ягоным асабістым настаўнікам. Пасьля візыту ў Менск вялікага аматара футболу, маскоўскага мэра Лужкова, захапленьне Лукашэнкі скіраваліся ў бок футболу: быў адноўлены стадыён “Дынама” і пачалася распрацоўка праекту крытага манежу. Потым быў пэрыяд лыжных гонак з удзелам усіх чыноўнікаў, хакей з наступнай эпапеяй будаўніцтва палацаў, нарэшце, горныя лыжы — апошняе захапленьне ўжо ад цяперашняга расейскага прэзыдэнта Пуціна.

Якія насамрэч спартовыя посьпехі Лукашэнкі? Былы хакеіст наваполацкага клюбу “Палімір” Юры Аспават гуляў супраць зборнай Лукашэнкі ў матчы, прымеркаваным да адкрыцьця хакейнага палацу ў Віцебску. І кажа, што галоўная мэта такіх гульняў — пусьціць пыл у вочы...

(Аспават: ) “Прыйшлі хлопцы з аховы, маўляў, так і так: ніякіх фізычных кантактаў. Шайбу, калі побач прэзыдэнт, адразу ж адкідваць яму ці ў ягоны бок. Лукашэнка як аматар катацца на каньках — ніякі. Проста езьдзіць і трымаецца клюшкаю за лёд. Ды адкуль будзе ўменьне? Тэхніку прыблізна паказалі, гэтак і езьдзіць. Але нашу каманду сабралі ў распранальні, і вось так выхоўвалі. Нашы, адпаведна, “праляцелі”. А як, пры такім раскладзе, прабачце, інакш?.. — Туды адкінуў, сюды адкінуў…”

Для ўсіх відавочнае жаданьне Лукашэнкі кантраляваць нацыянальныя фэдэрацыі і даваць парады, як заваёўваць мэдалі. Першую жоўтую картку асабіста Лукашэнка атрымаў пасьля таго, як спрабаваў паставіць на чале футбольнай Фэдэрацыі кіраўніка Савету бясьпекі. Наступнае папярэджаньне можа быць і не такім мяккім.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG