Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАРГОВЫЯ ПАЛІТЫЧНЫЯ ЎЦЕКАЧЫ ЗЬ БЕЛАРУСІ


Любоў Лунёва, Менск

Раней з таго ж гораду эмігравалі, спасылаючыся на палітычны перасьлед, пяцёра іншых актывістаў апазыцыйных партыяў, у тым ліку сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада”. Лідэр Грамады Мікола Статкевіч лічыць, што палітычная эміграцыя зь Беларусі ўсё часьцей робіцца прадметам разнастайных спэкуляцыяў.

Ігар Закрэўскі папрасіў прытулку ў Нямеччыне, а Сяргей Пезкін са сваім 14-гадовым сынам — у Бэльгіі. Ігар Закрэўскі й Сяргей Пезкін цягам апошняга году правялі тры пікеты — адзін ля расейскай амбасады супраць анэксіі Беларусі, за які атрымалі 10 сутак арышту, і два пікеты — супраць новага закону пра веравызнаньні. Такім чынам, сьпіс беларускіх палітычных уцекачоў папоўніўся.

Толькі з аднаго Барысава эмігравалі сем чалавек. Раней за Ігара Закрэўскага і Сяргея Пезкіна на Захад выехалі Аляксандар Абрамовіч, Сяргей Падзолка, Аляксандар Барадуля, Зьміцер Фядорчанка і Антон Цялежнікаў. Аляксандар Абрамовіч жыве цяпер у ЗША, а ўсе астанія — у краінах Заходняй Эўропы.

Сяргей Пезкін — сябра Сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада”. Вось што на гэты конт распавёў лідэр партыі Мікола Статкевіч:

(Статкевіч: ) “Апошні раз партыя выдавала паперы пра тое, што чалавек зьяўляецца барацьбітом, удзельнікам “Маршу Свабоды”, тым, хто сапраўды былі пад крымінальнай справаю. Але, нас вельмі ўражваюць тыя тэндэнцыі, калі палітычная барацьба людзей, якія застаюцца ў краіне, якія яе працягваюць, якія ахвяруюць сваім часам, здароўем, дабрабытам сваіх сем’яў, калі гэтая палітычная барацьба скарыстоўваецца, як нагода для эканамічнай эміграцыі. Вельмі часта бачым, што зьяжджаюць людзі, якіх мы ня ведалі. Гэтыя тысячы эмігрантаў “пад прэсам палітычных рэпрэсіяў” — гэта ўжо, даруйце, спэкуляцыя. І гэта трэба спыняць.

Ніхто не пасягае на права перамяшчэньня. Хоча лепшага жыцця ў іншай краіне, хай едзе туды, хай копіць грошы... Але спэкуляваць на сумленнай барацьбе тысячаў людзей, якія ахвяруюць і здароўем, і дабрабытам, і сваім часам — гэта, на мой погляд, ужо папросту подла”.

Эміграцыйныя ўлады Бэльгіі пасялілі Сяргея Пезкіна з сынам у кватэры ў Антвэрпэне — горадзе, які ўпадабалі некалькі дзясяткаў выхадцаў зь Беларусі, якія ўжо маюць палітычны прытулак.
XS
SM
MD
LG