Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБЛІЧЧА ГОДУ. “ПАЛІТЫЧНАЕ ЖЫЦЬЦЁ — НЯБАЧНЫЯ ПЕРАМЕНЫ”


Віталь Цыганкоў, Менск

Сярод найважнейшых падзеяў і тэндэнцыяў варта назваць наступныя: падзеньне рэйтынгу Аляксандра Лукашэнкі, ягоная заява пра магчымасьць трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну і пачатак выбарчай кампаніі ў мясцовыя Саветы.

Падчас праведзенага ў красавіку НІСЭПД сацыялягічнага апытаньня, рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі ўпершыню за восем гадоў упаў са звычайных для яго 40–45% да 30%. Праз колькі месяцаў трываласьць гэтай тэндэнцыі была пацьверджаная — у верасьні за Лукашэнку гатовыя былі галасаваць яшчэ менш апытаных — 27%. І калі ўвесну падзеньне рэйтынгу кіраўніка дзяржавы можна было тлумачыць заканамерным і традыцыйным пасьлявыбарчым расчараваньнем, то ўвосень сталі відавочнымі пэўныя глыбінныя зьмены ў стаўленьні беларускага электарату да кіраўніка дзяржавы. Ці здольны Аляксандар Лукашэнка якімі-небудзь яркімі палітычнымі кампаніямі вярнуць свае фантастычныя рэйтынгі, ці яму варта ўжо клапаціцца пра захаваньне й тых нямалых 30-ці адсоткаў, якія ёсьць зараз? Вось меркаваньне рэдактара інтэрнэт-выданьня “Беларускія навіны” Аляксандра Класкоўскага...

(Класкоўскі: ) “Што тычыцца рэйтынгу дзяржаўнага лідэра, то я думаю, 25 ці 30% — гэта цяпер максімум. Тых залатых часоў ужо нябудзе, калі гэты рэйтынг сягаў 50% і болей. З аднаго боку, улада вычарпала рэсурсы папулізму, зь іншага — элемэнтарна стаміўся народ. Так што нават нейкія новыя нюансы звыклай старой рыторыкі не ратуюць сытуацыю.

Болей за тое, думаю, што гэтыя 30% ня будуць забясьпечвацца аўтаматычна. Дзеля гэтага будуць прыкладацца й вялікія прапагандысцкія высілкі, і адміністратыўны рэсурс выкарыстоўвацца”.

Наўрад ці можна назваць супадзеньнем, што менавіта ў верасьні, пасьля абнародваньня чарговай порцыі несуцяшальных сацыялягічных дадзеных, на прэсавай канфэрэнцыі Аляксандар Лукашэнка, адказваючы на пытаньне нашага радыё, фактычна заявіў пра свой намер вылучацца на трэці прэзыдэнцкі тэрмін. Яшчэ год таму, адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, Лукашэнка адхіляўся ад гэткага пытаньня, цяпер жа сам сьмела заявіў, што можа пайсьці на падоўжаньне сваіх паўномоцтваў шляхам рэфэрэндуму. Выказваньне наконт трэцяга тэрміну было паўторанае пазьней у сьнежні падчас сустрэчы са студэнтамі, аднак потым прэсавая служба Лукашэнкі назвалі ягоныя словы “жартам”. Здаецца, беларускі кіраўнік наўмысна прымушае аналітыкаў і сваіх апанэнтаў губляцца ў здагадках, пакідаючы іх у няпэўнасьці наконт сваіх палітычных намераў.

Зь іншага боку, якая можа быць няпэўнасьць? Няўжо хто-небудзь думаў, што Аляксандар Лукашэнка ў 2006 годзе спакойна пойдзе на палітычную пэнсію, і пачне пісаць мэмуары? Пра што, цікава? Пра тое, як загадваў гвалтоўна вытурыць з залі Вярхоўнага Савета дэпутатаў апазыцыі БНФ або пра тое, што ён ведае пра зьнікненьне Ганчара, Красоўскага й Захаранкі? Такі сцэнар падаецца дастаткова фантастычным, і таму бальшыня назіральнікаў упэўненыя, што цяперашні кіраўнік Беларусі будзе змагацца за ўладу да апошняга.

Вядома ж, канчатковае рашэньне наконт трэцяга тэрміну будзе прымацца Аляксандрам Лукашэнкам у залежнасьці ад канкрэтнай унутрыпалітычнай сытуацыі й шэрагу міжнародных чыньнікаў. Пакуль жа паводле дадзеных НІСЭПД, толькі 15% апытаных гатовыя падтрымаць зьмены ў Канстытуцыі, якія дазволяць Лукашэнку балятавацца на трэці тэрмін, роўна палова апытаных выступае супраць гэтага.

Ці можа зрабіць што-небудзь беларускі прэзыдэнт, каб пераламіць такія настроі электарату? Палітоляг Уладзімер Падгол лічыць, што вырашальнай па-ранейшаму будзе расейская тэматыка...

(Падгол: ) “Калі Лукашэнка надумае пайсьці на трэці тэрмін, то існуе некалькі аргумэнтаў, якія яшчэ сур’ёзна на выкарыстоўвала ягоная каманда. Першае — гэта “жабрацтва расіянаў”. І расейскія мэдыі ўвесь час дэманструюць гэтае жабрацтва. Другое — педаляваньне сацыяльнай справядлівасьці. Упершыню ў гэтым годзе расейскія алігархі адкрыта прадэманстравалі свой капітал — надрукавалі, паведамілі пра свае мільярды даляраў. Для беларусаў гэта было як вітрына расейскага ладу жыцьця. У іх як бы спыталі — “вы хочаце як расіяне?” Вось гэта два асноўныя глыбінныя аргумэнты, дзьве казырныя карты, якімі Лукашэнка можа адыйграць ці свой трэці тэрмін, ці вывесьці свайго наступніка на сваё месца”.

Цяжка сказаць, наколькі апраўданай стала бы для Аляксандра Лукашэнкі стратэгія адкрытай канфрантацыя зь сёняшнім Крамлём. У любым выпадку, падзеньне папулярнасьці ўнутры Беларусі прымушае беларускага прэзыдэнта шукаць больш надзейныя апірышчы ў замежнай палітыцы як на ўсходнім, гэтак і на заходнім кірунках.

Істотнае значэньне для фармаваньня будучай унутрыпалітычнай канфігурацыі будуць мець вынікі мясцовых выбараў, якія пройдуць 2 сакавіка наступнага году. Выбарчая кампанія пачалася ў сьнежні, і ўжо зараз можна рабіць некаторыя высновы. Вось меркаваньне палітоляга, дацэнта ЕГУ Віталя Сіліцкага...

(Сіліцкі: ) “Мясцовыя выбары выклікаюць цікавасьць у першую чаргу з пункту гледжаньня пэрспэктывы стварэньня сыстэмнай апазыцыі ў Беларусі. Бо папярэднія палітычныя сэзоны паказалі пэўную няспраўджанасьць спадзяваньняў, што палітычную сытуацыю можна зьмяніць выключна вулічнымі акцыямі.

Тут ёсьць тры цікавыя аспэкты. Першы — у глябальным пляне не атрымалася стварэньне нейкай апазыцыйнай кааліцыі, што сьведчыць пра тое, што нашыя апазыцыйныя палітычныя партыі не разглядаюць гэтую кампанію ў якасьці нейкай агульнай справы. Па Менску, напрыклад, відавочна будзе сытуацыя, калі апазыцыянэры будуць змагацца адзін з адным. Чым гэта сканчалася папярэдне, мы ўсе ведаем. Другі аспэкт больш станоўчы — тое, што ўдалося праціснуць у нейкія выбарчыя камісіі сябраў апазыцыйных партыяў, хаця іх, безумоўна і мала. Трэці аспэкт — безумоўна, на гэтых выбарах зьявіцца “фронда”. І цікавасьць для мяне выклікае пэрспэктыва нейкага зьбліжэньня сыстэмнай “фронды” і пазасыстэмнай апазыцыі”.

Што ж, у 2002 годзе Беларусь ня стала бліжэй да дэмакратыі і стварэньня грамадзянскай супольнасьці. У краіне не адбылося нейкіх прыкметных вонкавых пераменаў. Аднак у палітычнай сьвядомасьці беларусаў адбываліся істотныя зрухі, і магчыма, менавіта яны будуць вызначаць падзеі ў краіне бліжэйшыя гады.
XS
SM
MD
LG