Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЛАЦІЦЬ ДАВЯДЗЕЦЦА БОЛЬШ


Ганна Соусь, Менск

З Новага году плянуецца чарговае падвышэньне тарыфаў на шэраг камунальных паслугаў. На чвэрць павялічыцца плата за ацяпленьне й гарачую ваду й напалову — за карыстаньне халоднай вадой і каналізацыяй. Гэтае рашэньне набудзе моц пасьля таго, як пройдзе праўную экспэртызу ў Міністэрстве юстыцыі й будзе зарэгістраванае ў Нацыянальным рэестры праўных актаў.

Падвышэньне адбудзецца хутчэй за ўсё ў студзені, але ўжо з 20 сьнежня ўсе плацяжы за кватэру пералічаць паводле новых тарыфаў.

Сёлета ў Беларусі фактычна штомесяц падвышаліся кошты на жыльлёва- камунальныя паслугі. Толькі за першыя два месяцы плата за кватэру павялічылася амаль на 90%. Тэмпы росту тарыфаў на камунальныя паслугі ў Беларусі лічацца самымі хуткімі ў СНД. Прыкладам, за першыя 9 месяцаў сёлета кошты на электраэнэргію павялічыліся больш як напалову, тады як у Расеі — на траціну, у Малдове — на 2,5%. А ў Азэрбайджане, Армэніі, Грузіі і Таджыкістане яны ўвогуле не зьмяняліся. Плата за ацяпленьне ў Беларусі падаражэла амаль у 2,5 разы, тады як у Расеі — толькі на 40%, а вось у Кіргізіі ўвогуле зьнізілася на 10%.

Напрыканцы году за газ у Беларусі плацяць амаль удвая больш, чым напачатку, тады як у другіх краінах СНД плата за газ павялічылася зусім нязначана, а ў некаторых — прыкладам у Малдове — увогуле зьнізілася.

Чаму менавіта Беларусь стала сёлета чэмпіёнам па росту аплаты за жыльлёва-камунальныя паслугі? Былы старшыня Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч тлумачыць гэтае ў першую чаргу нерэфармаванасьцю і неэфэктыўнасьцю беларускай эканомікі, паўсюдным манапалізмам і адсутнасьцю канкурэнцыі. Да таго ж, Беларусь на постсавецкай прасторы — лідэр ня толькі ў росьце камунальных тарыфаў, але і ў росьце цэнаў,— адзначае Станіслаў Багданкевіч. Што да больш канкрэтных прычынаў, то паводле словаў доктара эканамічных навук Барыса Жалібы, яны наступныя...

(Жаліба: ) “Надоечы Расея патрабавала скасаваць усе запазычанасьці за газ да канца гэтага году. І ў выніку Міністэрства эканомікі тэрмінова прыняла пастанову пра новае падвышэньне тарыфаў на газ і электраэнэргію. Зьвязана гэтае з тым, што нашае насельніцтва яшчэ з савецкага часу не плаціла за камунальныя паслугі поўны іхны кошт. І сёньня нашая плата знаходзіцца ў лепшым разе на ўзроўні іхнага сабекошту. А рэшту нам даплачваюць прадпрыемствы.

У рынкавай эканоміцы кожны мусіць плаціць поўную цэну. Гэта зразумела. Незразумела толькі, якім чынам нашаму насельніцтва вытрымаць гэткія шалёныя тэмпы росту за паслугі жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Прыкладам, сярэдняя пэнсія цяпер — 82 тысячы рублёў. І гэта зараз толькі 66% ад мінімальнага спыжывецкага бюджэту пэнсіянэра”.

Доктар эканамічных навук Барыс Жаліба прагназуе, што ў наступным годзе падвелічэньне тарыфаў на жыльлёва-камунальныя паслугі ў Беларусі будзе працягвацца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG